Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьбіраецца наведаць Вашынгтон, паведамілі амэрыканскія СМІ. Паводле зьвестак CNN, украінскі прэзыдэнт ужо вылецеў у ЗША. Пазьней і сам Зяленскі пацьвердзіў сваю паездку.
У Белым доме паведамілі, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн спачатку прыме прэзыдэнта Зяленскага ў Белым доме для двухбаковых сустрэч, адбудзецца іх прэс-канферэнцыя, а затым адбудзецца выступ прэзыдэнта Зяленскага на сумесным пасяджэньні палат Кангрэсу.
«І тады прэзыдэнт Зяленскі вернецца да сваіх людзей ва Ўкраіну, усяго праз некалькі гадзін знаходжаньня» ў ЗША»,— дадалі ў адміністрацыі Байдэна.
Гэта першая паездка Зяленскага за мяжу з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня 24 лютага.
На гэтым тыдні Кангрэс зацьвердзіць пакет дапамогі Ўкраіне і саюзьнікам ЗША па NATO на 47 мільярдаў даляраў.
Чакаецца перадача Ўкраіне сыстэм Patriot
Падчас візыту Зяленскага Джо Байдэн, як чакаецца, абвесьціць аб перадачы Украіне сыстэмы СПА. Высокапастаўлены прадстаўнік Белага дома заявіў, што Байдэн аб’явіць аб новым пакеце ўзбраеньняў для Ўкраіны на суму амаль 2 мільярды даляраў, які будзе ўключаць у сябе зэнітна-ракетны комплекс Patriot. Гэта дапаможа Ўкраіне абараніцца ад расейскіх ракетных абстрэлаў.
Як перадае карэспандэнт «Голасу Амэрыкі» Міхаіл Камадоўскі са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі, Байдэн абмяркоўваў зь Зяленскім візыт у Вашынгтон па тэлефоне яшчэ 11 сьнежня, пры гэтым афіцыйнае запрашэньне прэзыдэнту Ўкраіны паступіла тыдзень таму.
Прэс-сакратарка Белага дому Карын Жан-Пʼер заявіла, што Байдэн запрасіў Зяленскага ў Вашынгтон, каб «падкрэсьліць нязьменную прыхільнасьць Злучаных Штатаў Украіне».
Байдэн ня будзе выкарыстоўваць сустрэчу зь Зяленскім, каб падштурхнуць яго да перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, сказала высокапастаўленая крыніца ў адміністрацыі.
«Прэзыдэнт ня будзе прасоўваць ідэю ціску ці якога-небудзь падштурхоўваньня Зяленскага. Гэта будзе пасланьне салідарнасьці і падтрымкі, каардынацыі і ўзгадненьня», — сказаў чыноўнік.
На гэты момант адміністрацыя Байдэна надала Ўкраіне вайсковую дапамогу ў памеры каля 20 мільярдаў даляраў, у тым ліку артылерыйскія боепрыпасы, боепрыпасы для сыстэм СПА NASAMS і высокамабільных артылерыйскіх комплексаў HIMARS.
Пастаўка ракетных комплексаў Patriot накіравана на павышэньне эфэктыўнасьці ўкраінскай сыстэмы СПА супраць расейскіх ракет. Украінскіх вайскоўцаў будуць вучыць працаваць зь імі ў трэцяй краіне, дадала крыніца.
На гэтым тыдні Зяленскі наведаў горад Бахмут, за які некалькі месяцаў ідуць крывавыя баі з расейцамі. Прыезд не анансаваўся зь меркаваньняў бясьпекі.