— Які народ беларусам найбліжэйшы?
— З маіх прыватных назіраньняў: моўна найбліжэйшыя нам украінцы, мэнтальна — літоўцы (яны хіба ўнутрана больш свабодныя, таму крыху больш «разбалянсаваныя», мы больш унутрана «сабраныя ў кулачок»), паводле гістарычнага лёсу найбліжэйшыя нам палякі, бо гэтаксама ўвесь час былі «прахадным дваром».
Найменш блізкія беларусам маскавіты са сваёй спрадвечнай тыраніяй, імпэрскай мэнтальнасьцю («найвышэйшыя за ўсіх іншых!»), дый моўна, бо ніколі не было і ня можа быць тыраніі па-беларуску. А мы — проста адзін з народаў, роўныя сярод роўных, без замашак на вышэйшасьць.
— Ці варта несьці кветкі на магілу Макея?
— Калі ў вас ёсьць унутранае памкненьне гэта зрабіць, трэба зразумець, што гэта не пра Макея пытаньне, а пра вас. Ну і крыху пра Макея.
Калісьці ён выклікаў шматлікія сымпатыі і ў Эўропе і ў Беларусі. Пасьля «зламаўся». Але быў той эпізод у ягоным жыцьці. У адрозьненьне ад іншых чыноўнікаў рэжыму. А насіць ад шчырага сэрца кветкі на магілу гэта ні ў якім варыянце ня ўдзел у подласьці. Хутчэй наадварот. Між іншым, на Ўсходніх могілках у Менску пахавана нямала адданых лукашыстаў, занесьці кветкі якім вам і ў галаву ня прыйдзе.
— Якім чынам у Беларусі скончыцца тэрор?
— Тэрор — гэта ўсё, што засталося ў рэжыму, каб працягваць «кіраваць». То бок, застаўся прынцып ровара — пакуль круціш пэдалі, едзеш, а калі перастаў — упаў. У тэрору няма падтрымкі ў народзе, пагатоў ідэйнай, бо няма ніякіх ідэй. І ўсё, на чым трымаецца тэрор, — заробкі яго выканаўцаў. Таму альбо скончацца грошы, альбо адбудзецца збой у сыстэме, напрыклад непасрэдны ўдзел рэжыму ў вайне ва Ўкраіне, калі ровар наедзе на камень.
— Што вы думаеце пра скандал з расейскім «Дождем»?
— Згаджаюся з тымі, хто гаворыць пра невынішчальную імпэрскую мэнтальнасьць. Я закрэсьліў слова «невынішчальную», бо многія заўважылі, што рыданьні дырэктаркі каналу на камэру выклікалі ў іх рэзкае адчуджэньне, а я памятаю, што гадоў 30-40 таму і для беларусаў такі плач успрымаўся б будзённа. Гэта значыць, што мы сталі менш імпэрскімі і расейскімі. Магчыма, і ў іх ёсьць шанец. Толькі мэнтальнасьць — гэта такія рэчы на вялікай глыбіні.
Вось я згадваю беларускі нацыянальны імпэратыў Ларысы Геніюш: «Як жыць, дык жыць для Беларусі, а безь яе зусім ня жыць» і параўноўваю яго з імпэрскім імпэратывам Уладзімера Пуціна «Если в мире не будет России, то зачем нам такой мир?». Як вы думаеце, які зь іх выберуць журналісты «Дождя»? Цывілізаваны сьвет пачынаецца з мысьленьня сваёй краіны і нацыі як адной у шэрагу іншых, роўных. А з узвышэньня сваёй нацыі і краіны, яшчэ Васіль Быкаў казаў, пачынаецца фашызм.
— Чаму цяпер масава караюць за экстрэмізм і што гэта такое?
— Я шукаў азначэньне гэтага тэрміну ў заканадаўстве і не знайшоў. Там адразу гаворыцца пра «экстрэмісцкае дзеяньне». Гэта падмена паняткаў. Бо ўсе супрацьпраўныя дзеньні маюць свой артыкул і названыя сваім адпаведным словам. Але калі чалавек проста думае інакш і называе рэчы сваімі імёнамі, але пры тым ніякіх дзеяньняў увогуле не ўчыняў, але ён не падтрымлівае гэтага рэжыму і менавіта за гэта яго хочуць ізаляваць і пакараць, тады яму прыпісваюць экстрэмізм або «схільнасьць да экстрэмізму». Без канкрэтызацыі.
«Экстрэмізм» — гэта падман.
— Тарашкевіца ці наркамаўка?
— Наркамаўка — гэта правапіс беларускай мовы, уведзены народнымі камісарамі ў 1933 годзе з мэтай «набліжэньня беларускай мовы да расейскай». Разам з гэтай «рэформай» усе мовазнаўцы на баку клясычнага правапісу (тарашкевіцы) былі фізычна зьнішчаныя.
Наркамаўка парушае галоўны прынцып беларускай мовы — як гаворыцца, так і пішацца, і ў выніку стварае яе непрывабны вобраз як мовы «деревенской» або «грубай», несамастойнай адносна расейскай. У цэлым гэта частка палітыкі русыфікацыі, скіраванай на зьнікненьне самабытнасьці беларускай нацыі.
— Якія, па-вашаму, галоўныя падзеі 2022 году ў Беларусі?
— Назаву ў парадку важнасьці, а не храналёгіі. Гэта Нобэлеўская прэмія міру Алесю Бяляцкаму. Гэта напад Расеі на Ўкраіну і стварэньне беларускіх вайсковых фармаваньняў, якія дэкляруюць вызваленьне Беларусі ад дыктатуры. Гэта забарона лістоў палітвязьням ад несваякоў, што зьбіла хвалю салідарнасьці папярэдняга году.
Задайце вашае пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus_bot; Signal: +380502605369