Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі завялі справу на стваральнікаў «Паспалітага рушэньня» і абвясьцілі арганізацыю экстрэмісцкай


Валер Сахашчык, які абвясьціў сучаснае Паспалітае Рушэньне
Валер Сахашчык, які абвясьціў сучаснае Паспалітае Рушэньне

Паспалітае Рушэньне (масавая добраахвотная мабілізацыя) існавала ў часы ВКЛ. Валер Сахашчык абвясьціў сучаснае Паспалітае Рушэньне.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заявіла аб завядзеньні крымінальнай справы аб стварэньні «ваенізаванага экстрэмісцкага фармаваньня «Паспалітае рушэньне» і цяпер у яе рамках правяраюць яшчэ больш як 200 прадстаўнікоў замежных беларускіх дыяспар.

Сьледчыя ўжо завялі крымінальныя справы супраць Валера Сахашчыка, Сьвятланы Ціханоўскай і Аляксандра Азарава.

Што такое Паспалітае Рушэньне

Прадстаўнік пераходнага Кабінэту Беларусі па абароне Валер Сахашчык у верасьні абвясьціў аб стварэньні «Паспалітага Рушэньня» — нацыянальнай спартова-адукацыйнай арганізацыі ў структуры аб’яднанага пераходнага Кабінэту Беларусі.

Арганізацыя ствараецца для аб’яднаньня беларусаў вакол мэты абароны незалежнасьці Беларусі і аднаўленьня законнасьці на тэрыторыі краіны, а таксама для фізычнага і інтэлектуальнага разьвіцьця грамадзян ды адраджэньня беларускіх вайсковых традыцый.

Асноўнай тэрытарыяльнай адзінкай Рушэньня названая Харугва, якая будзе мець назву па горадзе разьмяшчэньня.

Сяброўства ў Рушэньні добраахвотнае, без узроставых і гендэрных абмежаваньняў. Для залічэньня ў шэрагі харугвы неабходна будзе пасьпяхова прайсьці базавы 7-дзённы вышкал. Да моманту сканчэньня вышкалу сябра будзе лічыцца рэзэрвістам.

Вышкалы будуць адбывацца ў навучальных цэнтрах паводле адмысловых праграм, распрацаваных з удзелам беларускіх афіцэраў і замежных спэцыялістаў. Удзел у вышкалах бясплатны, запрошаныя на іх грамадзяне атрымаюць камплект неабходнай экіпіроўкі.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG