Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэмія людзям, якія супрацьстаяць агульнаму злу». Інтэрвію з нобэлеўскімі ляўрэатамі з Украіны і Расеі


Алена Жамкова і Аляксандра Матвійчук
Алена Жамкова і Аляксандра Матвійчук

У сталіцы Нарвэгіі Осла 10 сьнежня адбудзецца цырымонія ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру.

Сёлета Нобэлеўскі камітэт прысудзіў яе дзьвюм праваабарончым арганізацыям — украінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабодаў і зьліквідаванаму паводле судовага рашэньня расейскаму «Мэмарыялу» — і беларускаму праваабаронцу, заснавальніку цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму.

Карэспандэнтка «Настоящего времени» Зарана Сьцепаненка сустрэлася ў Осла з кіраўніцай Цэнтру грамадзянскіх свабодаў Аляксандрай Матвійчук і выканаўчым дырэктарам Міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Аленай Жамковай.

Інтэрвію з трэцім ляўрэатам, старшынём беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім цяпер немагчымае — ён у турме.

Зарана Сьцепаненка даведалася ў кіраўніцы Цэнтру грамадзянскіх свабодаў Аляксандры Мацвійчук, як у арганізацыі ставяцца да такога рашэньня Нобэлеўскага камітэту, а яшчэ ці супрацоўнічаюць украінскія і расейскія праваабаронцы падчас поўнамаштабнай вайны.

— Гэта можа выглядаць як той стары савецкі наратыў аб братніх народах, калі мы ведаем, што ў Савецкім Саюзе не было ніякіх братніх народаў. Быў адзін народ, які дамінаваў, яго культура дамінавала, яго гаворка была паўсюль, і ўсё гэта была фікцыя. Вядома, гэта выклікае раздражненьне. Але гэтая Нобэлеўская прэмія не краінам. Гэтая Нобэлеўская прэмія міру — людзям. Людзям, якія сумесна супрацьстаяць агульнаму злу, якое зноў хоча зацьвердзіцца ў нашай частцы сьвету.

— Ці супрацоўнічаеце з расейскім «Мэмарыялам» і беларускай «Вясной» і на якім узроўні?

— Мы шчыльна супрацоўнічаем з расейскімі праваабаронцамі. Усе гэтыя восем гадоў яны называлі вайну вайной, яны дапамагалі нам абараняць правы ўкраінскіх палітычных зьняволеных і рабіць так, каб яны дажылі да моманту вызваленьня, і менавіта таму «Мэмарыял» закрыты, а Алесь Бяляцкі ў турме.

— Цяпер на якім узроўні ідзе супрацоўніцтва?

— Расейскія праваабаронцы вельмі страцілі ў магчымасьцях рабіць нейкія стратэгічныя зьмены. Гэтага і нельга патрабаваць, калі рэжым робіцца ўжо не аўтарытарным, а нэататалітарным, але, зноў-такі, супраца ідзе. Нават знайсьці, дзе трымаюць незаконна вывезенага чалавека — няхай гэта будзе вайсковы ці цывільны, паспрабаваць адправіць да яго незалежнага адваката ці перадаць нейкія там рэчы — тое, што дапамагаюць рабіць нам расейскія праваабаронцы, — гэта вельмі важна. Бо гэта барацьба за чалавека ва ўмовах, калі права не працуе.

Сваім рашэньнем Нобэлеўскі камітэт аддзяліў людзей ад дзяржаваў, у якіх яны жывуць. Так лічыць выканаўчы дырэктар расейскага «Мэмарыялу» Алена Жамкова. У інтэрвію яна патлумачыла, як разумее рашэньне Нобэлеўскага камітэту падзяліць узнагароду паміж праваабаронцамі Расеі, Украіны і Беларусі.

— Мы ж сапраўды як «Мэмарыял» шмат разоў былі намінаваныя, а атрымалі прэмію зараз, і атрымалі ня самі, а разам з нашымі ўкраінскімі і беларускімі калегамі. І гэта, мне падаецца, вельмі важны знак. Калі сьвет разбураецца, калі адбываюцца жудасныя злачынствы, ты звычайны чалавек і практычна нічога не можаш амаль зрабіць. Пытаньне — а што ты можаш зрабіць? Думаю, што кожны, па-першае, павінен працягваць рабіць сваю справу, калі гэта сумленная справа. Кожны павінен быць даволі цьвёрдым у сваёй сумленнай пазыцыі. І — гэта вельмі важна — трэба спрабаваць захоўваць сувязі і трымацца за рукі.

Мне здаецца, што Нобэлеўскі камітэт аддзяліў людзей ад краіны. Разумееце? А гэта і ёсьць прынцып «Мэмарыялу». Мы ж заўсёды казалі і кажам: адзінка вымярэньня гісторыі — гэта чалавек. Чалавек у цэнтры сьвету, не дзяржава — чалавек галоўны. Дзяржава для чалавека. І чалавек павінен проста кантраляваць і сачыць, каб дзяржава не ўчыняла злачынстваў. І вось нават у гэтай жахлівай сытуацыі, у гэтыя сёньняшнія кашмарныя часы Нобэлеўскі камітэт кажа: вы, людзі грамадзянскай супольнасьці, трымаецеся за рукі і разам стаіце супраць зла. Вось я гэта так разумею. І мне здаецца, што гэта вельмі важна, і гэта дае нам нейкую надзею працаваць далей.

— Ці дапаможа агульная ўзнагарода на траіх дасягнуць паразуменьня ўкраінскаму, расейскаму і беларускаму грамадзтвам? І які адрэзак шляху, перш чым дасягнуць гэтай мэты, яшчэ трэба прайсьці? Што вы можаце на сваім узроўні зрабіць, каб гэта стала магчымым?

— Я ўпэўненая, што дапаможа. Гэта першае. Другое: я ўпэўненая, што гэта будзе вельмі доўгі, пакутлівы шлях. Тыя, хто думае, што гэта атрымаецца хутка, памыляюцца. У людзей зараз так баліць, што яны нават ня могуць гаварыць. Жах у тым, што, як бы я ні лічыла, што я імкнуся зрабіць што магу, і людзі «Мэмарыяла» робяць што могуць, але проста самім фактам таго, што мы — грамадзяне Расеі, не пытаючыся нас, да нас, да рукі — ня толькі да маёй, але да рукі маіх дзяцей, унукаў з наступных пакаленьняў — прыкавалі такі чамадан з кашмарамі, які не адшпіліш. Ён зараз вісіць на нашай руцэ. І вось разьбірацца з гэтым чамаданам, з жахам, кашмарамі, якія ня намі, можа быць, зробленыя, давядзецца нам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG