Былога міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу судзяць паводле арт. 430 КК (атрыманьне хабару).
Справа разглядаецца ў Менскім гарадзкім судзе.
Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, Дрожжа атрымаў хабар у $30 тысяч ад прадстаўніка замежнай кампаніі «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў у куплі сушыльных комплексаў» яшчэ ў 2020 годзе ці раней.
Паводле абвінавачаньня, у злачынную схему нібыта былі ўцягнутыя супрацоўнікі, якія ня ведалі пра гэта, а таксама сястра Дрожжы.
Экс-чыноўнік цалкам прызнаў віну. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў калёніі.
Пятага траўня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што Дрожжу звольнілі з пасады «ў сувязі са зьдзяйсьненьнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе».
Раней у СМІ была інфармацыя аб ягоным арышце, але непацьверджаная.
На пасадзе міністра Дрожжа быў ад красавіка 2018 году. 20 чэрвеня экс-чыноўніку споўнілася 44 гады.
У 2020 годзе Дрожжа браў удзел у «чыстках» свайго міністэрства. За «пратэставыя настроі» ён звольніў сваю памочніцу Алесю Гаркушу.
Яшчэ раней, у 2019-м, Дрожжа назваў знос крыжоў у Курапатах «дэмантажом незаконна пастаўленых аб’ектаў», а таксама «чарговым этапам добраўпарадкаваньня».
У 2018 годзе, калі Лукашэнка прызначаў Дрожжу на пасаду, то загадваў яму «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы. Аднак у 2021 годзе ў Беларусі высеклі шмат лесу на продаж, хоць чыноўнікі адмаўлялі, што яго высякаюць у вялікіх маштабах.