Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што беларусу і ўкраінцу добра, тое расейцу Віскулі


Сядзіба ў Віскулях, дзе заявілі аб роспуску СССР
Сядзіба ў Віскулях, дзе заявілі аб роспуску СССР

Днямі чытаю ў аднаго расейскага (раней маскоўскага, а цяпер ці то стамбульскага, ці то бэрлінскага) публіцыста пра вайну Расеі з Украінай. Абурэньне злачынствамі расейскіх войскаў, зьнішчальныя ацэнкі Крамля, цьвярозы аналіз пэрспэктыў «ваеннай апэрацыі»...

І раптам фраза: «Рашэньне Пуціна пачаць вайну можа быць куды больш трагічным, чым падпісаньне ягоным папярэднікам сумнавядомага Белавескага пагадненьня».

Такім чынам, дамова, якая паставіла кропку ў існаваньні СССР, нават часткай нібыта антыпуцінскай расейскай інтэлігенцыі ўспрымаецца ня толькі як «сумнавядомая», але і трагічная. Роўнае па адмоўных выніках рашэньню, якое ўжо цяпер мае наступствам дзясяткі тысяч ахвяраў як з украінскага, гэтак і з расейскага бакоў.

Гэта шмат гаворыць пра настроі сёньняшняга расейскага грамадзтва.

Аб’ектыўны працэс і суб’ектыўны фактар

Адметна і тое, што зьнікненьне Савецкага Саюзу атаясамліваецца выключна і толькі з рашэньнем некалькіх чалавек (звычайна называюць трох — Барыса Ельцына, Леаніда Краўчука і Станіслава Шушкевіча, хаця подпісы паставілі яшчэ і Генадзь Бурбуліс, Вячаслаў Кебіч і Вітольд Фокін).

І звычайна не гавораць, што да сустрэчы ў Віскулях ня толькі Беларусь, Расея і Ўкраіна, але і іншыя былыя савецкія рэспублікі, акрамя Казахстану, ужо былі дэ-юрэ незалежнымі дзяржавамі.

Імкненьне народаў да сувэрэннасьці і свабоды ігнаруецца, ня кажучы ўжо пра заканамернасьць працэсу распаду імпэрыі, і дэмантаж спарахнелай канструкцыі падаецца як выключная воля некалькіх чалавек.

Зручная для Крамля трактоўка, між іншым: усё нібыта вырашылі людзі ў Белавескай пушчы, а чалавеку, як вядома, уласьціва памыляцца.

Прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук (зьлева), Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч (у цэнтры) і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын (2 справа) пасьля падпісаньня Пагадненьня аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў у Белавескай пушчы. 8 сьнежня 1991 году.
Прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук (зьлева), Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч (у цэнтры) і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын (2 справа) пасьля падпісаньня Пагадненьня аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў у Белавескай пушчы. 8 сьнежня 1991 году.

Адсюль ня крок, а паўкрока да высновы, што, паколькі шасьцёра імпэрыю развалілі за адзін дзень, значыць, адзін (але моцны і ўдалы) здольны яе зноў склеіць — для пачатку, за тры дні ўзяўшы Кіеў.

Ну а для беларусаў, украінцаў, для іншых народаў дзень падпісаньня Белавескіх пагадненьняў — сьветлая дата. Ва ўсякім разе, павінна такой быць.

І хаця падзея ў Віскулях была перадапошнім ударам звону на пахаваньні СССР (апошні быў праз два тыдні ў Алма-Аце, калі да пагадненьня далучыліся лідэры іншых рэспублік) і працэс распаду імпэрыі быў гістарычна перадвызначаным і цалкам заканамерным, ня будзем сьпісваць з рахунку і, як той казаў, суб’ектыўны фактар.

Зь нейкіх прычынаў лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны маглі ў той момант не сабрацца, ці, скажам, абмежавацца размовамі пра пастаўкі энэрганосьбітаў (такая была першапачатковая мэта сустрэчы). Альбо двух з трох тэкст дамовы мог не задаволіць. Ды што двух — хапіла б і нязгоды аднаго.

Скажам, за некалькі дзён да Віскулёў старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч наведаў (першы і апошні раз) паседжаньне дэпутацкай Апазыцыі БНФ і адназначна заявіў, што «езьдзіў, езьдзіць і будзе езьдзіць у Нова-Агарова», дзе прэзыдэнт СССР рэгулярна зьбіраў лідэраў рэспублік для стварэньня новага варыянту «саюзнай дамовы». Мяркуючы і па іншых выказваньнях таго часу і, галоўнае, па ягоных палітычных дзеяньнях, Шушкевіч сапраўды быў прыхільнікам канфэдэратыўнай формы дзяржаўнага ўладкаваньня як мінімум Беларусі і Расеі (на той жа сустрэчы з дэпутатамі ён тлумачыў гэта залежнасьцю ад расейскіх энэрганосьбітаў, найперш нафты).

Бяз згоды Шушкевіча (а значыць, і Кебіча) Ельцын і Краўчук нічога, акрамя дамоваў пра пастаўку нафты, не падпісалі б.

Пагадненьне маглі перанесьці на пазьнейшы тэрмін, а ў той час усё вызначалі дні, калі не гадзіны. З новага, 1992-га, года запрацавалі «гайдараўскія» рэформы, эканоміка рублёвай зоны, куды ўваходзілі Ўкраіна і Беларусь, зьведала імгненныя тэктанічныя зьмены, і варыянты распаду ядзернай імпэрыі маглі б быць самымі рознымі. У тым ліку і такімі, перад якімі падзеі ў Югаславіі здаліся б дзіцячай гульнёй.

І ўсё ж, нягледзячы на сумневы перад сустрэчай, Шушкевіч свой подпіс паставіў, тым самым упісаўшы сваё імя ня толькі ў беларускую, але і ў сусьветную гісторыю.

Удзячнасьць, адкладзеная на будучыню

Слушны выбар зрабілі і дэпутаты Вярхоўнага Савету, ратыфікаваўшы Белавескія пагадненьні (супраць прагаласаваў толькі экс-сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня (я гэта бачыў на ўласныя вочы, бо нашыя крэслы былі побач), а зусім не дырэктар саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка).

Большасьці тых дэпутатаў, якія 10 сьнежня 1991 году галасавалі за ратыфікацыю, а да гэтага, 25 жніўня, — за абвяшчэньне Незалежнасьці, ужо няма сярод жывых. Адметна, што іх удзел у працэсе набыцьця краінай Незалежнасьці сучаснай уладай замоўчваецца (іншага, зрэшты, і чакаць не выпадае пры такім стаўленьні Лукашэнкі).

Ні слова не было сказана пра гэта ў нэкралёгу памяці колішняга старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Кулакова, які нядаўна пайшоў з жыцьця. Між тым на надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету ўвечары 25 жніўня 1991 году менавіта Кулакоў першым з кіраўнікоў вобласьцяў падтрымаў прапанову Пазьняка прагаласаваць за Незалежнасьць, гэта было вызначальным для паўсотні віцебскіх «намэнклятурных» дэпутатаў і, думаю, паўплывала і на Кебіча, які выступіў за ім.

Зрэшты, было б дарэмным чакаць ад цяперашняй улады згадкі пра падобныя заслугі, гэта ўжо будзе прэрагатывай будучыні.

У мяне няма ніякага сумневу, што, якімі б ні былі палітычныя біяграфіі тых, хто галасаваў за Незалежнасьць 25 жніўня і ратыфікацыю Белавескіх пагадненьняў 10 сьнежня 1991-га, гэта пераважыць усё іншае і выведзе іх на сьветлы бок Гісторыі.

Былога дырэктара саўгасу «Гарадзец» на гэтым баку ня будзе. Але ня толькі з прычыны галасаваньняў у часы дэпутацтва.

Без Апакаліпсісу

Стаўленьне вышэйшай улады да падзеяў 1991-га, у прыватнасьці тых жа Віскулёў, куды як красамоўна выявілася ў дні разьвітаньня са Станіславам Шушкевічам — ні слова спачуваньня сям’і, адмова пахаваць першага кіраўніка незалежнай Беларусі там, дзе ён мусіў быў знайсьці вечны спачын — побач з Васілём Быкавым ды іншымі выбітнымі асобамі Беларусі.

Менскі мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі напісаў дыптых («Тайная вячэра» і «Шлях да адраджэньня»), прысьвечаны падпісаньню Белавескіх пагадненьняў
Менскі мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі напісаў дыптых («Тайная вячэра» і «Шлях да адраджэньня»), прысьвечаны падпісаньню Белавескіх пагадненьняў

Сёлета адзін за другім адышлі трое з шасьці падпісантаў Белавескіх пагадненьняў — пасьля Шушкевіча памерлі Леанід Краўчук і Генадзь Бурбуліс. У 2007-м памёр Барыс Ельцын, у 2020-м — Вячаслаў Кебіч. У жывых застаўся толькі 90-гадовы экс-прэм’ер Украіны Вітольд Фокін.

Пайшоў у лепшы сьвет і «палітычная ахвяра» Віскулёў, былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

У тым далёкім ужо 1991-м вышэйназваныя палітыкі мелі розныя мэты (нават у Шушкевіча і Кебіча яны не супадалі, ня кажучы ўжо пра Ельцына і Гарбачова). Але аб’ядноўвала іх тое, што, маючы ўладу, а таксама ядзерную зброю, мэты свае яны рэалізоўвалі без пагрозаў увагнаць сьвет у атамны Апакаліпсіс.

І калі праўда тое, што ў 91-м было толькі прадвесьце распаду імпэрыі, а распадаецца яна толькі цяпер, з пагрозамі Эўропе наступствамі, «якія вашы краіны ніколі ня бачылі ў сваёй гісторыі» (Пуцін), — тады тым больш у нас прычынаў цаніць подпісы, пастаўленыя сьнежным днём у Белавескай пушчы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG