Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скажыце праўду — мой тата памёр?». Што вядома пра Андрэя Паднябеннага, якога асудзілі на 15 гадоў калёніі і судзяць зноў


Андрэй Паднябенны
Андрэй Паднябенны

Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме разглядае крымінальную справу на 33-гадовага Андрэя Паднябеннага. Ён быў пакараны 15 гадамі зьняволеньня і цяпер яго зноў судзяць. Свабода даведалася падрабязнасьці.

У чым абвінавачваюць Андрэя Паднябеннага

Грамадзянін Расеі, жыхар Гомля Андрэй Паднябенны быў затрыманы 5 лістапада 2021 году. Яго абвінавацілі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу — у «зьнішчэньні чужой маёмасьці», у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» і ў «акце тэрарызму». Сярод злачынстваў Паднябеннага, паводле сьледзтва, падпал аўтамабіля намесьніка начальніка ўпраўленьня дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Гомельскай вобласьці, пракол шынаў 39 тралейбусаў, нанясеньне шкоды будаўнічаму крану, стварэньне «экстрэмісцкага тэлеграм-каналу».

На судзе 30 чэрвеня Андрэй Паднябенны атрымаў вырак — 15 гадоў зьняволеньня. За месяц да гэтага, 23 траўня 2022 году, КДБ унёс палітвязьня ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

25 лістапада Паднябеннага пачалі зноў судзіць, цяпер з новымі артыкуламі — за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці», абразу Лукашэнкі, «абразу прадстаўніка ўлады», а таксама за «распальваньне варожасьці». Новы суд праходзіць у закрытым рэжыме. Адваката Паднябеннага, Алену Грыбок, у кастрычніку пазбавілі ліцэнзіі.

Быў прадпрымальнікам, мае двух малых дзяцей

Андрэй нарадзіўся ў Хабараўску — туды трапілі ягоныя бацькі-беларусы па разьмеркаваньні пасьля вучобы. З шасьці гадоў ён жыў у Гомлі. Там жа скончыў школу. «Ёсьць відэа з выпускнога, дзе Андрэя вельмі хвалілі, дзякавалі бацькам, што добра выхавалі сына, што ў яго свая думка», — кажа знаёмы палітвязьня.

Ад Расеі ў Паднябеннага засталося толькі грамадзянства. Вучыўся палітвязень у Харкаве, у інстытуце. Непадалёк ад Харкава жылі ягоныя дзядуля і бабуля. У Гомлі Паднябенны працаваў індывідуальным прадпрымальнікам. Мае грамадзянскую жонку і дзьвюх дачок, ім 2 і 4 гады.

«Андрэй вельмі клапатлівы і цярплівы тата. Ён нешта робіць у доме. Дзяўчаткі гарэзяць, але ён ніколі ня будзе крычаць, ён цярпліва так: „Міла, пасядзі, калі ласка, патрывай, калі ласка“.

Цяпер дзецям сказалі, што тата ва Ўкраіне, даглядае дзядулю. І ня можа прыехаць, бо там вайна. Але аднойчы Міла сказала: „Скажыце мне праўду — мой тата памёр?“. Бо яна ня можа паверыць, што Андрэй, такі добры тата, кінуў іх саміх так надоўга», — расказаў знаёмы сям’і.

Ён кажа, што пасьля пашкоджаньня тралейбусаў у Гомлі вінаватага шукалі ўсе службы — і міліцыя, і КДБ. Знайшлі Андрэя супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, якія і затрымалі яго. Пасьля Паднябенны сядзеў у СІЗА КДБ у Менску.

«Андрэй быў вельмі прыгнечаны. Зразумела, якія ў нас могуць быць мэтады дазнаньня і ціску. Ведаю, што на спатканьні з роднымі ён прасіў іх, каб пакінулі Беларусь. Бо баяўся за іх бясьпеку. Але родныя засталіся тут, яны ня могуць кінуць Андрэя. Тым больш пасьля ўнясеньня ў сьпіс „тэрарыстаў“ яму не дазволеныя лісты, перадачы, пераводы ад іншых асобаў», — расказвае жыхар Гомля, знаёмы з палітвязьнем.

Суразмоўца дадаў, што на спатканьні пасьля суду, дзе Андрэй Паднябенны атрымаў тэрмін 15 гадоў, ён сказаў: «Я гатовы адсядзець і больш, калі ў гэтым будзе плён і мае дзеці будуць жыць у іншай краіне».

Знаёмы палітвязьня таксама згадаў выпадак з 2020 году. «Андрэя затрымалі міліцыянты. І пакуль вялі яго, ён іх там „забалбатаў“ і здолеў уцячы. Бо ён займаецца спортам. Пабег ад іх па прыватным сэктары, заскочыў да незнаёмых дзядулі і бабулі. Яны яго частавалі агуркамі, ён там пераседзеў у іх», — расказвае жыхар Гомля.

Родныя Андрэя Паднябеннага сплацілі тралейбуснаму парку шкоду, якую той нібыта прычыніў яму сваімі дзеяньнямі. Агулам каля 2 тысяч рублёў. Але цяпер пацярпелыя — намесьнік начальніка Ўпраўленьня выкананьня пакараньняў і іншы чалавек, машына якога была пашкоджаная — запатрабавалі сплаціць дадаткова і маральную шкоду.

«Ім мала хто дапамагае. У кожнага свае праблемы. Шукаюць грошы цяпер на выплату шкоды», — дадаў знаёмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG