За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Сёньня пачынаем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.
Першы ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна паэтаў
Нельга быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кніг. Беларуская служба — адзіная з трох дзясяткаў рэдакцыяў Радыё Свабода, што мае сваю бібліятэку. Можна сказаць і наадварот — «Бібліятэка» мае ў сябе Радыё Свабода. Усе кнігі зьяўляліся на сьвет як вынік перадачаў і праектаў рэдакцыі. Два дзесяцігодзьдзі, 90 выданьняў, тры прэміі Ежы Гедройця, прэмія імя Алеся Адамовіча за ўсю «Бібліятэку» і некалькі прэмій яго імя за паасобныя кнігі, прэміі за найлепшыя турэмныя, гістарычныя, дакумэнтальныя творы, за лічбавыя выданьні...
Кнігі «Свабоды» зьбіралі шматсоценныя аўдыторыі ў сталічных і несталічных залях, абмяркоўваліся ў інтымных гутарках на кватэрніках, іх чыталі ў турмах і перакладалі на замежныя мовы. Вось толькі адзін з тысячаў лістоў у рэдакцыю, які прыйшоў ад юнай чытачкі з гарадзенскай вёскі:
«Паважаная „Свабода“! Хачу атрымаць кнігу С. Дубаўца „Як?“, каб зь яе дапамогай выхоўваць сваіх бацькоў і асабліва — дзядоў. Яе тэксты з маіх вуснаў яны ўжо будуць слухаць напэўна!».
Выданьні «Свабоды» захоўваюцца ў бібліятэцы Кангрэсу ЗША, Чэскай нацыянальнай бібліятэцы, у бібліятэках Беларусі, у эўрапейскіх і амэрыканскіх унівэрсытэтах. Кнігі рассылаліся слухачам на заказ, іх можна было атрымаць на прэзэнтацыях, а калі каму не хапіла асобнікаў — яны даступныя на сайце svaboda. org. Часам чытачы раздрукоўвалі тэксты, перапляталі і такім чынам нараджаўся самвыдат эпохі інтэрнэту. А цяпер усе могуць загрузіць кнігі ў электронным фармаце на свае кампутары, чытальнікі ці мабільныя тэлефоны. «Бібліятэка Свабоды — гэта сьвята, якое заўсёды з вамі.
Кожную суботу ў гэтым сьнежні я буду прадстаўляць некалькі выданьняў «Біблятэкі» — далучайцеся!
Краіна паэтаў
«Верш на свабоду»
Першая кніга «Бібліятэкі Свабоды». Яна пабачыла сьвет у 2002 годзе і не магла ня быць кнігай паэзіі — Беларусь сапраўды краіна паэтаў. У чым мы пераканаліся, калі на пачатку новага стагодзьдзя папрасілі слухачоў напісаць верш на тэму свабоды — што гэта, як, чаму. Рэдакцыя атрымала больш за тысячу вершаў зь Беларусі і трох дзесяткаў краінаў. Кнігу склалі 365 твораў. Напісаныя слухачамі радыё, яны гучалі ў этэры штодня ўвесь 2001 год. Сярод аўтараў былі нобэлеўскія ляўрэаты і паэты-выгнаньнікі, самаму маладому было 10 гадоў, найстарэйшаму — 92.
Паэтка Валянціна Аксак, якая апекавалася паэтамі і праграмай, рыхтавала гэтую кнігу разам з мовазнаўцай Аляксандрай Макавік. Затым да іх далучылася незабыўная ангельская паэтка Вера Рыч зь Лёндану, і гэты збор выйшаў у яе бліскучым ангельскім перакладзе. Гэту кнігу можна чытаць, і можна слухаць. Камэртон «Бібліятэкі» — настройцеся!
«Дуліна ад Барадуліна»
Паэзія, але ня толькі. Кнігу склалі показкі, эпіграмы, міні-оды «Свабодзе» — некаторыя зь іх выбітыя ўжо на гранітных помніках. Апроч партрэтнай галерэі супрацоўнікаў рэдакцыі, узятых у эпіграматычныя рыфмы, у кнігу самага вясёлага беларускага паэта Рыгора Барадуліна ўваходзяць эсэ, у тым ліку скандальны нон-фікшн досьлед «Як беларусы сэксам займаюцца». Бо праўды не заглушыш — пераканайцеся!
«Сто бардаў Свабоды»
Ня кніга, а дыск. Кожная прыстойная «Бібліятэка» мусіць мець аддзел мультымэдыя, і наша — не выключэньне. Два гады гучала на хвалях «Начной Свабоды» перадача Зьмітра Бартосіка, у якой ён размаўляў з паэтамі і музыкамі з усёй Беларусі, якія прыходзілі ў студыю з гітарамі і выконвалі свае песьні. На дыску зьмясьцілася паўтысячы песень і гутарак з асамі гітарнай паэзіі. Гэта такое багацьце і асалода, што ні словам сказаць, ні клявіятурай апісаць — варта слухаць!
«Саўка ды Грышка»
Вяршыня беларускай сатырычнай музычнай паэзіі. Дасьціпны камэнтар, зьедлівыя аргумэнты, абсурд як норма, бліскучы фэльетон і захапляльны тэатар з выразнымі характарамі і калізіямі — і ўсё гэта за пару хвілінаў. Аўтар шэдэўраў Лявон Вольскі сьпяваў адразу двума галасамі ў сатырычным дуэце «Саўка ды Грышка», які некалькі разоў выходзіў на DVD дыску, бо апроч аўдыё цыкль меў сваю анімацыю. Хто мае вушы — пачуе, хто мае вочы — заплача ад сьмеху, хто мае сяброў — падзеліцца лінкам!
«НеВясёлыя карцінкі»
Першы нефармат «Бібліятэкі», гэта альбом, які памерам роўны дзьвюм кнігам, і ня толькі таму, што спалучае вершы і выявы. Кожны будні дзень на сайце Свабоды цягам пяці гадоў публікаваліся сатырычныя малюнкі мастачкі ДэЛёз, у якіх паказвалася беларуская (і ня толькі) рэальнасьць без касмэтыкі і бяз патасу, але часам геніяльна, часам загадкава і заўсёды трапна. Выстава малюнкаў з гэтага альбому экспанавалася ў Празе, у парку на Стралецкім востраве пасярод Влтавы — колькасьць усьмешак у сталіцы Чэхіі падскочыла да ўзроўню «Тры Швэйкі» па трохбальнай шкале. У альбоме, які сабраў найлепшыя карцінкі, таямнічая мастачка сустракаецца з загадкавым паэтам ДаСьлёз, і разам яны граюць камічную опэру жыцьця — запрашаем усьміхнуцца!
«Гаворыць Радыё Вызваленьне»
І на завяршэньне сюрпрыз — яшчэ адна першая кніга. Толькі не Радыё Свабода, а Радыё Вызваленьне, як называлася радыёстанцыя ў 1954 годзе. «Гаворыць Радыё Вызваленьне...» — рэпрынтнае выданьне першага зборніка радыёперадачаў «з вольнага сьвету для суродзічаў», які «стараньнем Беларускае Рэдакцыі Радыя Вызваленьне» выйшаў у Мюнхэне ў 1956 годзе. Тэксты выглядаюць як проза, але чытаюцца як паэзія. Ня толькі напісанае, але і прамоўленае застаецца, калі гэта прамоўлена на Свабодзе — пераканайцеся самі!
Працяг будзе.