Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК рыхтуецца перадаць у суд «завочную» справу супраць Ціханоўскай і Латушкі

абноўлена

Дзьмітры Гара
Дзьмітры Гара

Прызначаныя ўладай абаронцы палітыкаў ужо знаёмяцца з матэрыяламі спраў.

Старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара 29 лістапада выступіў з дакладам перад Аляксандрам Лукашэнкам. Ён адзначыў, што сьледчыя працягваюць выкрываць «экстрэмісцкую дзейнасьць» у шчыльнай супрацы з КДБ, якая праходзіць «дастаткова плённа». Гару цытуе БелТА.

Асобна Гара расказаў пра падрыхтоўку завочнага судовага працэсу над Сьвятланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам, якія ў 2020-м пакінулі краіну і заклікаюць да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Цяпер адвакаты, прызначаныя ў гэтых крымінальных справах, знаёмяцца з матэрыяламі справы ў дачыненьні Ціханоўскай, Латушкі і іншых членаў... Ня буду нават называць гэтую арганізацыю... Якія ўявілі сябе кіраўніцтвам нашай краіны... Гэтая справа таксама ў найбліжэйшы час будзе накіраваная», — заявіў кіраўнік СК.

Таксама Гара абяцае «спэцыяльнае вядзеньне» супраць людзей, якія «ўчынілі эканамічныя злачынствы, нанесьлі вялізную шкоду і грамадзянам, і дзяржаўным арганізацыям. І ў якіх засталіся тут даволі вялікія актывы, якія дазволяць кампэнсаваць гэтую шкоду».

Лукашэнка даручыў Гару «зьбіраць базу, фіксуючы ўсе супрацьпраўныя дзеяньні», улічваючы абразы чыноўнікаў і сілавікоў, якія ажыцьцяўляюцца пераважна ў інтэрнэце.

Дакладная колькасьць і нумары крымінальных артыкулаў, якія інкрымінуюць Латушку і Ціханоўскай, застаюцца невядомымі. Раней Палата прадстаўнікоў дазволіла завочныя суды над беларусамі, якія знаходзяцца за мяжой. Супраць Аб’яднанага пераходнага кабінэту распачалі спэцыяльнае вядзеньне, якое дазваляе весьці сьледзтва і суд завочна.

Яшчэ на стадыі расьсьледаваньня справы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Анатоль Васільеў дазволіў сабе абвінавачаньні і асабістыя ацэнкі ў бок палітыкаў з Кабінэту, не зважаючы на прэзумпцыю невінаватасьці. У прыватнасьці, ён назваў удзельнікаў арганізацыі «людзьмі без радзімы і сьцяга».

Неўзабаве пачнуць расьсьледаваць і справу супраць былога кандыдата ў прэзыдэнты ў 2020 годзе Валерыя Цапкалы, які таксама выехаў за мяжу. Той адрэагаваў на заявы СК.

«Прыхвасьні абвешчанага Эўропай тэрарыстам Лукашэнкі заявілі аб жаданьні судзіць мяне завочна па сфабрыкаванай карупцыйнай справе. Няма неабходнасьці чыніць закрытыя, і ўжо тым больш, завочныя суды. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць правесьці суд публічна з прысутнасьцю мяне дыстанцыйна. Каб шанаваць суд, я гатовы нават афіцыйна накіраваць адваката, хоць аддаю перавагу выступіць самастойна. Можаце сьмела накіроўваць мне матэрыялы справы! Прапаную запрасіць на адкрыты суд усю сусьветную прэсу.

Навошта хаваць такую грандыёзна раскрытую справу пра „стваральніка ПВТ“, які замест стварэньня дзясяткаў тысяч высокааплатных працоўных месцаў, ператварэньня гарадзкой звалкі ў IT-горад і вываду нашай краіны з калгасна-саўковага ладу, дзе абмяркоўваліся толькі абасраныя каровы, і сьвіньні, якія здохлі ад голаду, на міжнародную арэну высокіх тэхналёгій па прыкладзе Крамянёвай Даліны ЗША? Лічу даўно час паказаць сьвету, а галоўнае мне, вандроўніку з адной здымнай кватэры на іншую, куды адпраўляліся баржы і цягнікі з накрадзенымі грашыма, а самае галоўнае адказаць, як карупцыя змагла пракрасьціся на самую верхавіну ўлады, але і паралізаваць разумовыя здольнасьці правадыра ўсёй парослай каростай і маразмам вэртыкалі», — напісаў Цапкала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG