Пратэсты супраць шырокіх каранавірусных абмежаваньняў у Кітаі распаўсюдзіліся на яшчэ большую колькасьць гарадоў, у тым ліку на фінансавы цэнтар Шанхай. Раніцай 27 лістапада прайшлі новыя пратэсты, амаль праз тры гады пасьля пачатку пандэміі.
Цяпер улады сутыкнуліся з новай хваляй гневу, выкліканай пажарам на крайнім захадзе краіны, дзе загінула шмат асоб.
Пажар 24 лістапада, у выніку якога загінулі 10 чалавек у шматпавярховым будынку ў горадзе Ўрумчы, сталіцы рэгіёну Сіньцзян, выклікаў нэгатыўную рэакцыю людзей, бо людзі выказалі здагадку, што жыхары не змаглі своечасова выратавацца, бо будынак быў часткова заблякаваны. Гарадзкія ўлады адмаўляюць гэтыя абвінавачаньні.
Пажар і адмаўленьне ўладамі таго, што меры, зьвязаныя з COVID-19, перашкодзілі ўцёкам і выратаваньню, выклікалі беспрэцэдэнтную хвалю грамадзянскага непадпарадкаваньня ў мацерыковым Кітаі з таго часу, як Сі Цзіньпін прыйшоў да ўлады дзесяць гадоў таму.
Як вядома, Пэкін праводзіць агрэсіўную палітыку ў дачыненьні уйгураў, шмат гадоў у прэсе зьяўляюцца публікацыі і расьсьледаваньні пра тое, як уйгураў улады ўспрымаюць людзьмі «другога гатунку», сочаць за імі, падсяляючы ў сем’і кітайскіх «кантралёраў», дыскрымінуюць уйгураў па моўнай і рэлігійнай прыкмеце. Інфармацыі, што гэты фактар неяк паўплываў на гібель людзей ва Ўрумчы 24 лістапада, няма.
Сотні студэнтаў Пэкінскага ўнівэрсытэту Цінхуа мітынгавалі ў сваім унівэрсытэцкім гарадку ў нядзелю, паведаміла агенцтва AFP. Студэнты скандавалі «свабода пераможа» і заклікалі зьняць абмежаваньні.