Лідэра зьліквідаванай уладамі арганізацыі прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанку 23 лістапада аштрафавалі на 15 базавых велічыняў (480 рублёў), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Шумчанку судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Яго затрымалі 21 лістапада ў Баранавічах, куды ён паехаў на допыт у якасьці сьведкі. Да суду Анатоль Шумчанка знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Анатоль Шумчанка — арганізатар правядзеньня пратэсту прадпрымальнікаў, ініцыятар перамоў і сустрэч прадпрымальнікаў з уладамі.
Шумчанка доўгі час быў лідэрам арганізацыі «Пэрспэктыва», якая прадстаўляла інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў.
Арганізацыя зьявілася ў сьнежні 2002 пасьля масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў улетку і ўвосень таго году. Прадпрымальнікі выступілі супраць уціску з боку дзяржавы іх эканамічных правоў. На хвалі акцый пратэсту лідэры розных арганізацый прадпрымальнікаў дамовіліся аб супрацоўніцтве.
Летась у верасьні Вярхоўны суд зьліквідаваў аб’яднаньне «Пэрспэктыва». Усяго яно праіснавала 15 гадоў.