Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 лістапада: арышт менчука за абвестку аб продажы календара з Пагоняй; 5 дзён арышту валянтэру Міронаву


Каляндар з «Пагоняй», за які менчука пакаралі арыштам на 15 дзён
Каляндар з «Пагоняй», за які менчука пакаралі арыштам на 15 дзён

У Беларусі працягваецца перасьлед грамадзян, у тым ліку за нацыянальную сымболіку. Абставіны некаторых затрыманьняў і арыштаў нечуваныя.

За краты за каляндар з Пагоняй

Менчука адправілі за краты за «пікетаваньне аб’явай аб продажы календара з Пагоняй» на «Куфры», піша «Вясна назірае».

У пачатку лістапада ў Менску затрымалі мужчыну па скарзе «неабыякавай грамадзянкі». Нібыта ён «з мэтай публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў правёў пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня аб’явы аб продажы календара з выявай Пагоні і лёзунгамі: „Жыве Беларусь!“, „Жыве вечна!“, „Не разьбіць!“, „Не спыніць!“, „Не стрымаць!“».

Міліцыянты расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаваньне» і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

Хлопец на судзе паведаміў, што аб’яву разьмясьціў у пачатку кастрычніка і ня думаў, што гэта зьяўляецца правапарушэньнем. Мэты пікетаваць такім чынам у яго не было. На судзе зачыталі і тлумачэньні сьведкі, па словах якой, яна зайшла на сайт «Куфар» і пабачыла аб’яву з Пагоняй і лёзунгамі. Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў хлопца на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Былога палітвязьня Ільлю Міронава арыштавалі на 5 сутак

21 лістапада ў Гомлі зноў затрымалі валянтэра Ільлю Міронава, яго выклікалі на «гутарку» у Савецкі РАУС. Адтуль ён не вярнуўся.

Як паведамляе @viasnaHomel, актывіста затрымалі ў адміністрацыйнай справе проста ў РАУС. Яго асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — знайшлі падпіску на «экстрэмісцкі» канал.

24 кастрычніка 2021 году Ільлю асудзілі на 1,5 года калёніі ў «справе Зельцэра». За кратамі яго ўтрымлівалі больш за год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG