Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Расеі скасаваў апраўдальнае рашэньне ў справе надпісу «Нет в***е»


Цюменскі абласны суд скасаваў апраўдальнае рашэньне першай інстанцыі ў справе аб дыскрэдытацыі войска супраць Алісы Кліментавай, якая намалявала крэйдай надпіс «Нет в***е» на плошчы ў цэнтры гораду.

Пра гэта яна паведаміла Сибирь.Реалии.

12 кастрычніка Цэнтральны раённы суд Цюмені разгледзеў справу супраць Кліментавай. Паліцыя інкрымінавала ёй надпіс на асфальце «Нет в***е» як антываенны лёзунг.

Кліментава тады патлумачыла, што надпіс прысьвечаны «вобле», бо яна адчувае «няпрыязь да гэтага віду рыбаў». На судзе паліцыя не змагла зьняпраўдзіць гэтае сьцьверджаньне, і судзьдзя Сяргей Раманаў стаў на бок затрыманай.

Аднак паліцыя абскардзіла рашэньне суду першай інстанцыі. У скарзе паліцыя зьвярнула ўвагу на сымбаль міру (пацыфік), намаляваны побач з надпісам. Сымбаль, на думку паліцыі, азначае «раззбраеньне, антываенны і антыядзерны рухі», а значыць, «выказвае нязгоду з абвешчанай мабілізацыяй». З словаў Кліментавай, на апэляцыйным пасяджэньні прадстаўнік МУС не патлумачыў, як пацыфісцкі знак дыскрэдытуе расейскіх вайскоўцаў.

Сама Кліментава казала паліцыянтам, што намалявала «пацыфік», бо ён «прыгожы і падабаецца ёй». «Я ня ведаю, як пойдзе далей. Цяпер бессэнсоўна нешта меркаваць, — пракамэнтавала Кліментава рашэньне абласнога суду выданьню 72.ru. — Мне ў прынцыпе ня вельмі падабаюцца словы зь пяці літар, якія пачынаюцца на „в“ і сканчаюцца на „а“. Ёсьць такія праблемы».

«На пасяджэньні асабіста мне было зададзена толькі адно пытаньне: чаму я не напісала слова цалкам. А да паліцыі ўвогуле пытаньняў не было. З намі практычна не размаўлялі, нават тэкст скаргі і маіх пярэчаньняў цалкам не зачыталі», — расказала Кліментава.

Справу жыхаркі Цюмені разглядала судзьдзя Алена Галяўтдзінава.

Апраўдальнае рашэньне на карысьць Кліментавай спарадзіла хвалю мэмаў і жартаў у расейскамоўным інтэрнэце, зьвязаных з заменаю слова «война» на «вобла».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG