Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая крыўда Лукашэнкі. За што дыктатар ня любіць айцішнікаў


Парк высокіх тэхналёгій, архіўнае фота
Парк высокіх тэхналёгій, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падчас нарады аб пэрспэктывах разьвіцьця Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ) выказаў вялікае незадавальненьне паводзінамі айцішнікаў падчас бурлівых падзей 2020 году. Паводле яго, супрацоўнікі ПВТ выступілі рухаючай сілай пратэстаў. Але ці магло быць па-іншаму?

Сьцісла:

  • Уяўленьне, што дастаткова людзей накарміць, напаіць, і яны будуць задаволеныя, — памылковае.
  • Людзям, якія дасягнулі пэўнага ўзроўню дабрабыту, становіцца дыскамфортна ва ўмовах дыктатуры.
  • Асноўны склад пратэстоўцаў у 2020 годзе — гэта людзі, якія працавалі ў недзяржаўным сэктары.
  • Супраць Лукашэнкі працуе сама гісторыя, аб’ектыўныя працэсы. Бо зьмена структуры эканомікі адпаведна мяняе і сацыяльную структуру грамадзтва, пашыраецца доля сярэдняй клясы.

У Лукашэнкі захавалася вялікая крыўда на айцішнікаў. Маўляў, я ж стварыў ПВТ, даў ІТ-кампаніям і іх супрацоўнікам вялікія льготы. Там атрымліваюць вялікія заробкі ў параўнаньні зь сярэдняй зарплатай у Беларусі. І раптам гэтыя дзеці пайшлі супраць бацькі-заснавальніка. Гэта ён лічыць вялікай несправядлівасьцю. І тлумачыць удзел супрацоўнікаў ПВТ у пратэстах тым, што ім «добра заплацілі іхныя заакіянскія гаспадары».

Пакінем убаку кансьпіралягічную вэрсію падзей 2020 году, якую Лукашэнка агучвае ўжо больш за два гады. Мяркую, тут больш цікавая шчырая ўпэўненасьць, што калі чалавек добра зарабляе, то ён не павінен пратэставаць. Такі грубы матэрыялізм у стылі вульгарнага марксізму сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.

Але справа ў тым, што чалавечае грамадзтва — гэта не жывёлагадоўчая фэрма. Уяўленьне, што дастаткова людзей накарміць, напаіць, і яны будуць задаволеныя, — памылковае. Тут якраз дзейнічаюць супрацьлеглыя заканамернасьці.

Заходняя сацыялёгія даўно прыйшла да высноваў, што на пэўным этапе дабрабыту, калі задаволеныя асноўныя патрэбы чалавека, калі ён перастае жыць ад заробку да заробку, на першы плян выходзіць пытаньне якасьці жыцьця. А вось яно якраз уключае і палітычны аспэкт. Як пісала расейская журналістка Юлія Латыніна, «той, у каго ёсьць хлеб, думае пра свабоду, той, у каго хлеба няма, думае пра хлеб». Людзям, якія дасягнулі пэўнага ўзроўню дабрабыту, становіцца дыскамфортна ва ўмовах дыктатуры, яны імкнуцца быць грамадзянамі сваёй краіны, уплываць на палітыку, хочуць свабодных выбараў, іншых дэмакратычных інстытутаў.

Сацыёлягі зьвярнулі ўвагу, што так званыя «азіяцкія тыгры» (Тайвань, Паўднёвая Карэя, Ганконг), краіны Лацінскай Амэрыкі сталі дэмакратыямі ў выніку таго, што там зьявілася моцная сярэдняя кляса.

Не выпадкова другі Майдан ва Ўкраіне атрымаў назву «рэвалюцыі годнасьці». Мяркую, гэтым жа тэрмінам можна назваць і спробу рэвалюцыі 2020 году ў Беларусі. Можна казаць, што ўвогуле любая рэвалюцыя постындустрыяльнай эпохі — гэта ў пэўным сэнсе рэвалюцыя годнасьці. Чалавечая годнасьць — важны элемэнт якасьці жыцьця.

Асноўны склад пратэстоўцаў у 2020 годзе — гэта людзі, якія працавалі ў недзяржаўным сэктары. І Лукашэнка даволі дакладна ацаніў сацыяльнае асяродзьдзе пратэстоўцаў. Падчас нарады 17 лістапада ён заявіў: «Не магу дапусьціць, каб у нас яшчэ раз пайшла хваля ад айцішнікаў там, іпэшнікаў і гэтак далей».

І да падзей двухгадовай даўнасьці Лукашэнка інстынктыўна адчуваў, якія сацыяльныя слаі зьяўляюцца ягонай сацыяльнай апорай. Таму ўсяляк перашкаджаў разьвіцьцю бізнэсу, штучна кансэрваваў існаваньне дзяржаўнага сэктару, супраціўляўся прыватызацыі, актыўна падтрымліваў зь бюджэту неэфэктыўныя дзяржпрадпрыемствы. Усё гэта рабілася не з эканамічных, а з палітычных меркаваньняў. І не выпадкова ў крытычныя дні жніўня 2020 году ён паехаў па падтрымку не ў ПВТ, а на завод колавых цягачоў — дзяржпрадпрыемства ВПК. (Праўда, і там не атрымаў яе, але гэта ўжо асобнае пытаньне). Таксама не выпадкова кіраўнікі сілавых ведамстваў па даручэньні Лукашэнкі сёньня езьдзяць па краіне і выступаюць у асноўным на дзяржаўных прадпрыемствах.

Праблема ў тым, што супраць Лукашэнкі працуе сама гісторыя, аб’ектыўныя працэсы. Сьвет пераходзіць ад індустрыяльнай да постындустрыяльнай эпохі. І Беларусь, нягледзячы на супраціў рэжыму, таксама мяняецца. За 28 гадоў лукашэнкаўскага кіраваньня доля прамысловасьці, сельскай гаспадаркі ў эканоміцы краіны значна скарацілася. Адпаведна мяняецца і сацыяльная структура грамадзтва. Растуць новыя сфэры эканомікі, а значыць, пашыраецца доля сярэдняй клясы. Вынікам чаго і стаў палітычны выбух 2020 году.

Лукашэнка спрабуе спыніць гэты працэс. Ягоныя патрабаваньні «выразаць бізнэс», усяляк абмежаваць ягонае разьвіцьцё (змаганьне з цэнамі, абмежаваньне правоў уласнасьці замежных інвэстараў), скарачэньне льготаў ПВТ ужо выклікалі працэс рэлякацыі прыватных кампаній у іншыя краіны.

Аднак спыніць хаду гісторыі яму не пад сілу. Таму і не рашыўся зусім ліквідаваць ПВТ, разагнаць айцішнікаў, забараніць прыватны бізнэс. Бо разумее, што ў такім разе эканоміка ўвогуле спыніцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG