Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экскурсія ў турму ад школы. Чаму нельга прывыкаць да дзяржаўнага абсурду


На фота з суполкі «Народны голас ЕЛЬСК НОВОСТИ» твары дзяцей адкрытыя
На фота з суполкі «Народны голас ЕЛЬСК НОВОСТИ» твары дзяцей адкрытыя

Узровень абсурду і жаху ў Беларусі расьце так хутка, што сам гэты рост ужо цяжка адсочваць. Тое, што, здавалася б, немагчыма было ўявіць два гады таму, сёньня стала абсалютнай нормай.

Вось у праўладнай суполцы «Народны голас ЕЛЬСК НОВОСТИ» (сетка ЎКантакце) зьяўляецца фотасправаздача, як падлеткаў ад школы вадзілі ў калёнію. Дзеля прафіляктыкі злачынстваў і правапарушэньняў. І праўда, не паказваць жа дзецям пасьпяховыя бізнэсы і не прыдумваць жа зь імі стартапы, каб паказаць, да чаго яны могуць імкнуцца ў будучыні! Куды надзейней — завесьці ў турму.

Вось, дзеці, што вас чакае, калі будзеце парушаць закон. Альбо калі мы проста вырашым, што вы парушылі закон.

Я разумею, што адсылкі да правілаў і нормаў у цяперашняй Беларусі гучаць сьмешна і недарэчна, але гэта — толькі пацьверджаньне таго, што мы ўсё больш і больш звыкаемся з абсурдам. Памятаць аб правілах важна хоць бы для таго, каб не забываць, што школьны паход у турму і ёсьць абсурд.

Зрэшты, маю канкрэтныя пытаньні:

1. Ці ведалі бацькі пра экскурсію і ці давалі на яе пісьмовы дазвол?
2. Ці ведалі яны загадзя, пра што будуць гаварыць з іхнымі дзецьмі ў калёніі?
3. Ці маглі бацькі суправаджаць сваіх дзяцей?
4. Ці быў зь дзецьмі псыхоляг?
5. Ці маглі дзеці ў кожны момант выйсьці з калёніі?
6. Ці сказалі ім загадзя дарослыя, што яны могуць у кожны момант адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў экскурсіі?
7. Хто ініцыяваў паход у калёнію?
8. Хто суправаджаў дзяцей?

Беларуская школа даўно ператварылася ў канвэер для вырабу ідэалягічна правільных элемэнтаў. Важна памятаць, што гэта — ненармальна. Тое, што гэтая школа запалохвае дзяцей празь візыты ў турму — таксама ненармальна. Пасьля такой экскурсіі, вядома ж, мусіць быць разбор. Але яго не будзе, як ня будзе і адказаў на мае пытаньні.

А што будзе? Гэтая канкрэтная школа № 2 працягне шчыльную супрацу з МУС і іншымі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі. Іншыя школы будуць рабіць тое самае, а рэдкія бацькі, якія ўсё ж зададуць пытаньні, хутка зразумеюць, што сэнсу ў гэтым мала, а рызыкаў — надта шмат.

Школы пакінуць апошнія зацікаўленыя ў дзіцячым разьвіцьці людзі, а на іхныя месцы прыйдуць ідэалягічна вывераныя настаўніцы і настаўнікі. Альбо ня прыйдзе ніхто, што, зрэшты, наўрад ці моцна засмуціць школьнае кіраўніцтва. Усё ж чым менш часу ў школе дзеці займаюцца вучобай, тым больш прасторы для супрацы зь міліцыянтамі і ідэалягічнага выхаваньня.

Я зайшла на інстаграм-старонку ельскай школы № 2, і ў мяне адпалі апошнія сумневы і спадзяваньні на тое, што я, можа, перабольшваю і драматызую. Дзяцей з гэтай школы водзяць і на мітынг да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, і на дзень адчыненых дзьвярэй у РАУС.

І хай на фоне катаваньняў у турмах гэта выглядае як драбяза, але насамрэч гэта катастрофа.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG