Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць двух былых сьледчых, якія выступілі на баку пратэстоўцаў 2020 году


Яўген Юшкевіч
Яўген Юшкевіч

У Менску пачаліся суды над двума былымі сьледчымі — Яўгенам Юшкевічам і Мікітам Старажэнкам.

Суд над экс-сьледчым Юшкевічам, які стварыў плятформу bychange.me для дапамогі былым сілавікам знайсьці працу, зрабілі закрытым

Яго абвінавачваюць паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксау. Справу разглядае судзьдзя Алена Ананіч. Працэс праходзіць у Менскім гарадзкім судзе.

15 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс над былым сьледчым Яўгенам Юшкевічам. Стала вядома, што суд зрабілі закрытым, усіх папрасілі пакінуць залю суду, паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Акрамя гэтага, суд адмовіў у хадайніцтве аб зьмене Юшкевічу меры стрыманьня. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Яўгена Юшкевіча абвінавачваюць паводле шасьці артыкулаў КК:

  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх),
  • ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі),
  • 369 (абраза прадстаўніка ўлады),
  • ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), 364 (гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў),
  • ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта),
  • арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Судзяць экс-сьледчага Мікіту Старажэнку, які адмовіўся весьці справу пасьля пратэстаў 2020-га

15 лістапада ў Менску таксама пачалі судзіць яшчэ аднаго былога сьледчага Мікіту Старажэнку, які адмовіўся весьці справу пабітага пратэстоўца.

Імаверна, гэта была справа 16-гадовага Цімура Міцкевіча. Старажэнка тады звольніўся.

Старажэнку вінавацяць у «зьліве» кантактаў сілавікоў. Яму пагражае да 12 гадоў калёніі, паведамляе «Вясна».

Хто такі Мікіта Старажэнка

Мікіту Старажэнку 29 гадоў, тры гады ён працаваў у органах. Яго затрымалі сёлета 1 лютага і моцна пабілі.

Мікіта Старажэнка, былы сьледчы
Мікіта Старажэнка, былы сьледчы

«Ён быў увесь сіні: ад канца хрыбетніка і амаль да пятаў. Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для сьмецьця на галаву і білі па вядры, каб сьлядоў не заставалася», — расказваў праваабаронцам ягоны сукамэрнік.

Хто такі Яўген Юшкевіч

Яўген Юшкевіч родам з Магілёва, скончыў юрфак БДУ, два гады працаваў няштатным супрацоўнікам у сьледзтве менскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — сьледчым і старшым сьледчым аддзелу расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў упраўленьня СК у Менску. У 2017 годзе пакінуў пасаду.

Пасьля звальненьня ён перайшоў у ІТ-сфэру, стаў сузаснавальнікам плятформы bychange.me, якая дапамагала былым супрацоўнікам сілавых структур прайсьці перакваліфікацыю.

Ён актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць загады, супярэчныя асабістым перакананьням. Таксама Юшкевіч публікаваў інсайды з МУС і Сьледчага камітэту.

Яўген Юшкевіч
Яўген Юшкевіч

Пасьля выбараў жніўня 2020 году Юшкевіч ня раз заяўляў, што заўважаў за сабой сачэньне з боку сілавікоў, у сваіх сацыяльных сетках былы сьледчы апісваў спробы правакацыяў.

Ужо быў прызнаны палітвязьнем у сувязі з заключэньнем пад варту паводле арт. 342 КК; пасьля меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе да затрыманьня ў красавіку 2021 году з абвінавачваньнямі паводле арт. 293, 342, 289 КК.

Затрымалі Яўгена Юшкевіча разам зь ягонай дзяўчынай 19 красавіка 2021 году. Пра ягоную справу амаль нічога невядома. Дзяўчыну праз пэўны час адпусьцілі, самога Юшкевіча трымалі ў СІЗА КДБ.

Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», Юшкевіч да суду быў ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG