Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся новы працэс над асуджаным да 18 год турмы анархістам Дубоўскім: судзяць за акцыі 2010 году


Зьміцер Дубоўскі
Зьміцер Дубоўскі

Разгляд справы Зьмітра Дубоўскага праходзіць у судзе Заводзкага раёну Менску. Палітвязьня цяпер судзяць за падзеі 2010 году.

Анархіста абвінавачваюць паводе двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 339 («хуліганства, учыненае паўторна, альбо групай асобаў») і ч. 2 арт. 218 («наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці»).

Працэс вядзе судзьдзя Алег Каляда.

Зьмітра Дубоўскага абвінавачваюць у акцыях у Менску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. Тады на тэрыторыю Міністэрства абароны закінулі дымавую шашку, пасьля чаго на праезнай частцы адбылася акцыя. Таксама Дубоўскага вінавацяць у тым, што ён закінуў у вакно апорнага пункту ў Салігорску паходню, разьбіў кавалкам тратуарнай пліткі шкло ў Доме прафсаюзаў і прыняў удзел у падпале філіяў банку ў Менску.

Акрамя таго, анархіста абвінавачваюць у падпале дзьвярэй КПП на Акрэсьціна ў верасьні 2010 году.

22 сьнежня 2021 году палітзьняволеным анархістам Дубоўскаму, Аліневічу, Разановічу і Раманаву прысудзілі ад 18 да 20 гадоў зьняволеньня. Іх абвінавацілі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў», прызналі вінаватымі толькі Зьмітра Дубоўскага і Ігара Аліневіча).

Пры гэтым анархісты цярпелі ад палітычнага перасьледу і да арыштаў увосень 2020 году.

У 2010 годзе таксама праходзілі масавыя затрыманьні анархістаў у палітычна матываваных справах. У выніку Зьміцер Дубоўскі разам зь Ігарам Аліневічам вырашылі пакінуць радзіму і выехалі ў Расею. Аднак Ігара схапілі ў Маскве і вывезьлі ў Беларусь, дзе потым асудзілі на 8 гадоў калёніі ў справе аб нападзе на пасольства Расеі ў 2010 годзе (тады на яго тэрыторыю кінулі некалькі «кактэйляў Молатава», згарэў аўтамабіль).

Зьмітру, які быў побач зь Ігарам падчас ягонага затрыманьня, ўдалося ўцячы. 10 гадоў ён жыў у падпольлі.

Зьміцер Дубоўскі
Зьміцер Дубоўскі
Зьмітра Дубоўскага і ягоных таварышаў затрымалі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Празь нейкі час стала вядома, што пры затрыманьні мужчын катавалі. Так, Дубоўскі пасьля прысуду апавядаў на спатканьні зь сястрой, што яго душылі, надзяваючы на галаву пакет, у выніку чаго ён ня раз траціў прытомнасьць.

«Ён спрабаваў апісаць, як са зьвязанымі за сьпінай рукамі яго нібы адрывалі ад зямлі. Ён нават спрабаваў прыгадаць, як называецца гэтае катаваньне... Сказаў, што рукі ўсе былі апухлыя і ў крыві ад сьцяжак... Некалькі дзён у СІЗА КДБ ня мог рухацца праз пашкоджаныя рэбры..», — расказвала сястра актывіста.

Ужо падчас адбываньня пакараньня ў калёніі Дубоўскі абвяшчаў галадаваньне. Вядома, што ў канцы лета яго зьмяшчалі ў ШЫЗА на 30 дзён.

Цяпер палітзьняволены анархіст у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG