Як паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінэту, Арцём Праскаловіч будзе адказваць за «юрыдычныя пытаньні ў справе перасьледу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі на падставе міжнароднага права».
Юры Губарэвіч зоймецца «падрыхтоўкай кадравага рэзэрву для новай Беларусі».
Юрыст паводле адукацыі, да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Праскаловіч быў заняты на дзяржаўнай службе. Цягам 14 гадоў працаваў на розных пасадах у судзе Партызанскага раёну Менску, у Міністэрстве юстыцыі і ў адміністрацыі Лукашэнкі.
У жніўні 2020 году Праскаловіч на знак пратэсту звольніўся з адміністрацыі Лукашэнкі, дзе займаў пасаду намесьніка начальніка ўпраўленьня заканадаўства ў праваахоўнай і вайсковай сфэрах галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня.
«Больш не лічу магчымым быць на дзяржаўнай службе», — напісаў Праскаловіч у сацсетках.
Губарэвіч у 1990-х гадах стаяў ля вытокаў арганізацыі «Малады фронт», уваходзіў у Беларускі студэнцкі прафсаюз «Салідарнасьць». У 2003–2008 гадах узначальваў Берасьцейскую абласную арганізацыю Партыі БНФ, пазьней быў намесьнікам старшыні партыі. Выбіраўся дэпутатам Белаазёрскага гарадзкога савету.
Апошнія два гады Праскаловіч і Губарэвіч працавалі ў камандзе Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, якое ўзначальвае Латушка.
«Далучэньне да Абʼяднанага пераходнага кабінэту вопытных спэцыялістаў дазволіць сыстэмна і інстытуцыйна працаваць над набліжэньнем перамен у Беларусі», — гаворыцца ў заяве АПК наконт кадравых прызначэньняў.