Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура праз суд плянуе ліквідаваць юрыдычную асобу, зьвязаную з Саюзам палякаў Беларусі


У офісе Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні пасьля ператрусаў, сакавік 2021
У офісе Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні пасьля ператрусаў, сакавік 2021

У Горадні зьбіраюцца ліквідаваць ТАА «Клерыгата». Такі запыт накіравала пракуратура Гарадзенскай вобласьці ў эканамічны суд.

Як паведаміла Генэральная пракуратура, юрыдычную асобу хочуць ліквідаваць, бо яна «фактычна ажыцьцяўляла дзейнасьць незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня Саюзу палякаў Беларусі». У сувязі з гэтым пачалі крымінальную справу супраць службовых асобаў «Клерыгаты» паводле артыкула 193-1 («Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня і ўдзел у ёй») Крымінальнага кодэксу.

«У парушэньне заканадаўства суб’ект гаспадараньня, акрамя прадугледжанай статутам дзейнасьці, рэалізоўваў мэты і задачы грамадзкага аб’яднаньня, якое не было зарэгістравана ў Рэспубліцы Беларусі ва ўстаноўленым законам парадку», — гаворыцца ў паведамленьні.

Матэрыялы аб ліквідацыі накіравалі ў эканамічны суд на падставе зьвестак УДФР Камітэту дзяржаўнага кантролю Горадзенскай вобласьці.

«Справа палякаў»

10 сакавіка 2021 сілавікі завялі крымінальную справу за імпрэзу ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасьцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазьней стала вядома аб ператрусах у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманьнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай.

23 сакавіка ў Горадні затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні — Анджэя Пачобута.

Усіх арыштаваных у «польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі. Бярнацкая, Панішава і Цішкоўская затым пагадзіліся на выезд у Польшчу. Пазьней кіраўніцу Саюзу палякаў Анжаліку Борыс перавялі пад хатні арышт. Анджэй Пачобут адмовіўся выяжджаць.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG