Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Украіна прадоўжыць контранаступальныя апэрацыі, нягледзячы на зіму


Сьвяткаваньне ў вызваленым ад расейцаў Херсоне
Сьвяткаваньне ў вызваленым ад расейцаў Херсоне

Разам з тым у брытанскай выведцы мяркуюць, што зіма істотна паўплывае і на ўкраінскае, і на расейскае войска.

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) прагназуюць, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прадоўжаць контранаступальныя апэрацыі ў Луганскай і Данецкай вобласьцях.

«Спыненьне або працяглае запаволеньне баявых дзеяньняў цягам наступных некалькіх месяцаў вельмі малаімаверна. Расейцы не ствараюць умоваў для аслабленьня процістаяньня ў канцы восені і ўзімку, а хутчэй пачынаюць новы наступ у Данецкай вобласьці. Украінцы амаль напэўна працягнуць контранаступальныя дзеяньні, якія ўжо ідуць», — адзначылі экспэрты ISW.

Паводле іх, ні расейскія, ні ўкраінскія войскі, хутчэй за ўсё, ня спыняць баявых дзеяньняў, бо замёрзлая глеба будзе спрыяць правядзеньню буйнамаштабнай мэханізаванай манэўравай вайны. «З паніжэньнем тэмпэратуры баявыя дзеяньні хутчэй узмацняюцца, чым аслабляюцца», — перакананыя ў Інстытуце вывучэньня вайны.

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны перакананыя, што любое спыненьне агню і баявых дзеяньняў ва ўмовах зімы будзе на карысьць Расеі. Такі пэрыяд «зацішша» дазволіць расейцам аднавіць сілы, падрыхтаваць рэзэрвістаў. Але, паводле іх, тое, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін працягвае падштурхоўваць сваіх генэралаў да наступу ў гэтых умовах, ёсьць сурʼёзнай памылкай з вайсковага гледзішча.

«Напалеон іранізаваў: „Ніколі не спыняй свайго ворага, пакуль ён робіць памылку“. Гэты афарызм ніколі ня быў больш праўдзівым — Украіна і яе партнэры павінны скарыстацца памылкай Пуціна, працягваючы контранаступ у абставінах, значна больш спрыяльных для Кіева, чым для Масквы», — рэзюмавалі экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.

Менш наступаў і больш абароны. У выведцы Вялікай Брытаніі спрагназавалі, як зіма паўплывае на вайну

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што зімовыя ўмовы істотна паўплываюць на хаду вайсковых дзеяньняў ва Ўкраіне.

«Зіма прынясе зьмены ва ўмовах канфлікту як для расейскіх, так і для ўкраінскіх сілаў. Зьмены дзённага сьвятла, тэмпэратуры і надвор’я прынясуць унікальныя выпрабаваньні для войскаў», — адзначылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.

Паводле брытанскіх выведнікаў, рашэньні расейскага Генэральнага штабу будуць залежаць ад умоваў надвор’я.

«Сьветлавы дзень скароціцца да менш чым 9 гадзін у параўнаньні з 15-16 гадзінамі ў сярэдзіне лета. Гэта прывядзе да меншай колькасьці наступальных дзеяньняў і больш статычных абарончых лініяў», — патлумачылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.

Ва ўмовах істотнага пахаладаньня важнае зімовае забесьпячэньне войска. Рост колькасьці ападкаў і хуткасьці ветру разам са сьнегам створаць дадатковыя праблемы для расейскіх сілаў, у якіх і бяз гэтага нізкі маральны дух, а таксама для абслугоўваньня вайсковай тэхнікі.

«Сілы, якім не хапае зімовай вопраткі і жылых памяшканьняў, зь вялікай доляй імавернасьці будуць цярпець ад абмаражэньня. Акрамя таго, вакно „залатой гадзіны“, патрэбнае для выратаваньня цяжка параненага жаўнера, скароціцца прыкладна ўдвая, што значна павялічвае рызыку кантакту з праціўнікам», — адзначылі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG