Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 лістапада: 20-гадоваму горадзенцу прысудзілі 6 гадоў калёніі за абразу Лукашэнкі


Суд у Горадні
Суд у Горадні

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед грамадзян за пратэсты 2020 году і іншыя спосабы выказваньня сваёй пазыцыі.

Айцішніцу з Ждановічаў асудзілі на «хатнюю хімію» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

Суд Ленінскага раёну Менску вынес прысуд 32-гадовай супрацоўніцы IT-кампаніі Анастасіі Гунько. Яе абвінавацілі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядала судзьдзя Юлія Шут.

Анастасія Гунько, асуджаная айцішніца
Анастасія Гунько, асуджаная айцішніца

Пра затрыманьне жыхаркі Ждановічаў стала вядома 12 жніўня. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, у 2020 годзе жанчына прымала ўдзел у акцыях пратэсту і перакрывала рух транспарту. На «пакаяльным відэа» Анастасію прымусілі нават назваць свой заробак.

На судзе Гунько віну прызнала, паведаміла, што лёзунгаў не выгукала, а падчас удзелу ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» пры сабе мела бел-чырвона-белы сьцяг, па якім яе і апазналі пазьней на фатаздымку.

У выніку суд прызначыў Гунько абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады, вызваліўшы з-пад арышту ў залі суду.

20-гадоваму горадзенцу прысудзілі 6 гадоў калёніі

4 лістапада ў Горадзенскім абласным судзе разгледзелі справу 20-гадовага мясцовага жыхара Сяргея Рабцава. Яго абвінавацілі ў абразе (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу) і паклёпе на прэзыдэнта (ч. 1 арт. 367), распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), а таксама ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293).

Судзьдзя Мікалай Рачынскі пакараў маладога чалавека 6 гадамі калёніі.

Сяргея Рабцава затрымалі летась 30 верасьня спачатку за камэнтары пасьля гібелі ў Менску ў перастрэлцы супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

Больш за год да суду Рабцава трымалі ў турме № 1 Горадні.

Напачатку верасьня 2022 году стала вядома, што КДБ ўнёс прозьвішча Рабцава ў «Сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG