Вёска злучае Херсон зь Мікалаевам, і менавіта з Кісялёўкі туды ідзе водаправод. Як заявіў сябра камітэту Вярхоўнай Рады ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны Ігар Капыцін, гэта азначае, што неўзабаве ў Мікалаеў вернецца водаправодная пітная вада, якой не было ў горадзе зь сярэдзіны красавіка. Увесь гэты час ваду падвозілі мясцовыя ўлады і валянтэры.
У красавіку работнікі Мікалаеўскага водаканалу выявілі прарыў сеткі. Пазьней высьветлілася, што пашкоджаная частка трубы знаходзіцца на тэрыторыі актыўных баявых дзеяньняў, праз што яе рамонт немагчымы. Расьсьледаваньне BBC паказала, што трубу маглі пашкодзіць спэцыяльна, што можа расцэньвацца як ваеннае злачынства.
У траўні кіраўнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім паведаміў, што водазабесьпячэньне ў горадзе часткова аднавілі, але ішлося пра тэхнічную ваду, яе нельга піць. Кім удакладніў, што для аднаўленьня пітнога водазабесьпячэньня трэба вызваліць Херсонскую вобласьць, дзе ёсьць водазабор з Дняпра.
- У сераду камандуючы расейскай групоўкай ва Ўкраіне генэрал Сяргей Суровікін, з спасылкай на цяжкасьці забесьпячэньня войскаў у Херсонскай вобласьці на правым беразе Дняпра, прапанаваў міністру абароны Расеі Сяргею Шайгу адвесьці іх на левы бераг. Гэта будзе азначаць здачу гораду Херсон. Шайгу пагадзіўся з прапановай і загадаў пачаць адвод арміі. Пры гэтым афіцыйна да апошняга моманту сьцьвярджалася, што горад рыхтуюць да абароны.
- Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк адзначыў, што пакуль няма відавочных прыкметаў вываду расейскіх войскаў з правага берагу Дняпра. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце сказаў, што «ў інфармацыйнай прасторы вельмі шмат радасьці», але заклікаў да стрыманасьці. «Вораг ня робіць нам падарункаў, не робіць „жэстаў добрай волі“. Мы ўсяго гэтага дамагаемся» — сказаў Зяленскі, адзначыўшы, што ўкраінскія войскі будуць прасоўвацца наперад, але акуратна і «бязь лішняй рызыкі».