Першыя вынікі пакуль не даюць магчымасьці прадказаць, каторая зь дзьвюх партыяў — Дэмакратычная ці Рэспубліканская — будзе кантраляваць Сэнат і Палату прадстаўнікоў. Вызначаецца лёс 435 месцаў у Палаце прадстаўнікоў і 35 з 100 месцаў у Сэнаце.
Да 10:30 менскага часу дэмакратам удалося зь перавагай у 2,2% перахапіць месца сэнатара-рэспубліканца ад штату Пэнсыльванія. CNN паведамляе, што дэмакраты атрымалі па 48 месцаў у Сэнаце, а рэспубліканцы — па 49. Для кантролю над палатай патрэбны 51 мандат, галасы яшчэ падлічваюць.
На выбарах у Палату прадстаўнікоў пакуль наперадзе таксама рэспубліканцы: 203 месцы супраць 187 у дэмакратаў.
Згодна з вынікамі экзытполаў, якія дае тэлеканал CNN, сытуацыя складаецца на карысьць рэспубліканцаў, а большасьць грамадзян ЗША не задаволеныя кірункам руху краіны і дзейнасьцю прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна.
Апытаньне Reuters/Ipsos на гэтым тыдні паказала, што толькі 39% амэрыканцаў ухваляюць дзейнасьць Байдэна.
Калі рэспубліканцы займеюць кантроль над Кангрэсам, то гэта дасьць ім права блякаваць большую частку стратэгіі адміністрацыі ў наступныя два гады, у тым ліку супрацьдзеяньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, піша «Голас Амэрыкі». Некаторыя рэспубліканцы ўжо заклікалі скараціць дапамогу Кіеву. У адміністрацыі Байдэна запэўніваюць, што падтрымка Ўкраіны застанецца «непарушнай і непахіснай» і пасьля прамежкавых выбараў у ЗША.