Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гінуць масава, загінулых і параненых не забіраюць». Шараговец УСУ расказаў, як Расея завальвае «мясам» лінію фронту пад Хэрсонам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскія мабілізаваныя працягваюць масава гінуць на ўкраінскім фронце. На пазыцыях у раёне Сватава Луганскай вобласьці з 570 расейскіх мабілізаваных у жывых засталіся 40 чалавек, паведамляе расейскае выданьне «Вёрстка».

На пачатку тыдня таксама стала вядома пра масавую гібель мабілізаваных пад Макееўкай на Данбасе і на іншых напрамках. Уладзімір Пуцін пацьвердзіў, што на фронт ужо былі адпраўленыя 80 000 мабілізаваных, зь якіх 50 тысяч удзельнічаюць у баях.

Украінскі палітоляг, а цяпер вайсковец УСУ Кірыл Сазонаў, які цяпер ваюе на хэрсонскім кірунку ў званьні радавога, расказаў «Настоящему времени», як ваююць расейскія мабілізаваныя і чаму яны нясуць вялікія страты.

Паводле яго слоў, камандаваньне кідае мабілізаваных на прарыў, прымушаючы іх рабіць па 14–20 нападаў у дзень на ўмацаваныя ўкраінскія пазыцыі. «Натуральна, іх па дарозе сустракае артылерыя, сустракаюць мінамёты. Яны праходзяць усе этапы, дабягаючы да нашых акопаў, дзе мы ўжо сустракаем іх са стралковай [зброяй]. І ўсё. Калі нехта застаецца, яны адыходзяць. Ня ведаю, на што яны разьлічваюць. Што ў нас скончацца патроны? Ва ўсякім разе, людзей яны не шкадуюць, а людзей у іх вельмі шмат», — расказаў ён.

Да 2014 году Сазонаў жыў у Данецку, а пасьля пачатку там баявых дзеяньняў пераехаў пад Кіеў і жыў у Бучы. У лютым 2022 году, калі расейскія войскі захапілі горад, ён стаў байцом тэрытарыяльнай абароны і з таго часу ваюе за вызваленьне Ўкраіны.

— Ці праўда, што мабілізаваныя расейцы цяпер ёсьць ужо на трох напрамках фронту і ўсюды яны масава «выбываюць»?

— Так званыя «чмобікі», часткова мабілізаваныя, жалезабэтонна ёсьць на бахмуцкім, запароскім і нашым херсонскім напрамках. Мабілізаваныя гінуць масава — таму што яны без падрыхтоўкі, дрэнна экіпаваныя. Расея, прабачце, бярэ мясам, колькасьцю. На месца аднаго выведзенага з Херсона расейскага кадравага вайскоўца дасылаюць трох «чмобікаў». І яны не забіраюць сваіх загінулых з поля бою, відаць, таму што няма цела — не давядзецца, магчыма, выплачваць кампэнсацыі сваякам.

— Гаворка пра колькі целаў? Гэта сотні, тысячы чалавек?

— Як шараговец, скажу за свой участак — іх тут гіне шмат. Але асноўны ўдар наносім ім ня мы стралковай зброяй, а нашы артылерыя, ракетчыкі, верталёты, самалёты. На нашым участку размова ідзе пра сотні загінулых мабілізаваных кожны дзень.

— Вы сказалі, целы загінулых расейцаў не забіраюць. А параненых?

— Па-рознаму. Часта яны параненых кідаюць пры адступленьні. Такога стаўленьня да асабовага складу я раней проста не ўяўляў сабе. Мы забіраем параненых — гэта жалезна. Ніводнае наша падразьдзяленьне ня сыдзе, кінуўшы параненых. Цябе проста ніхто не зразумее, з табой ніхто потым нікуды ня пойдзе. Мы забіраем целы, каб па-людзку пахаваць, каб далі заключэньне [аб сьмерці] і сям’я атрымала кампэнсацыю.

— І вы, і іншыя ўкраінскія сьпікеры кажаце пра тое, што Расея літаральна завальвае «мясам» лінію фронту. Што гэта значыць?

— Расейскія войскі дзейнічаюць так, як дзейнічалі ў Другую сусьветную вайну савецкія камандзіры — пасылаюць наперад новых людзей з разьліку, што «бабы яшчэ нараджаюць». Нямецкія кулямётчыкі ад колькасьці «выкладзенай» імі савецкай пяхоты варʼяцелі.

— У чым лёгіка «завальваць мясам»? Прыгнаць на фронт так шмат людзей, каб ва Ўкраіны не засталося зброі?

— Яны паднімаюць народ з аўтаматамі ў атаку, і тыя бягуць да нашых пазыцый. 14–20 нападаў у дзень. Натуральна, іх па дарозе сустракаюць артылерыя, сустракаюць мінамёты. Яны праходзяць усе этапы, дабягаючы да нашых акопаў, дзе мы ўжо сустракаем іх са стралковай [зброяй]. І ўсё. Калі нехта застаўся, яны адыходзяць.

Праз гадзіну прыходзіць папаўненьне — і зноў натоўп нясецца. Ня ведаю, на што яны разьлічваюць. Што ў нас скончацца патроны? Што мы зварʼяцеем? Што мы ня вытрымаем і рана ці позна нехта дабяжыць? Ва ўсякім разе, людзей яны не шкадуюць, а людзей у іх вельмі шмат.

— Дапусьцім, праціўнік аказваецца на пазыцыях ЗСУ. І што?

— Калі яны тэарэтычна апынуцца на нашых пазыцыях, то яны павінны замацавацца на іх. І тады на гэтыя пазыцыі падыдзе іх папаўненьне, мінамёты.

— А ў іх з сабой у гэтых атаках ёсьць толькі аўтаматы?

— Аўтамат, кулямёт у руках, максымум ёсьць гранатамёт. Ты не пабяжыш у атаку з артылерыяй у руках.

Але справа ў тым, што сытуацыя зараз адваротная: гэта не яны прасоўваюцца наперад, а мы — паступова, пакрысе, але кожны дзень. І часьцей мы займаем іх пазыцыі.

— Расейская тактыка вядзеньня бою — яна калі прыкладна была распрацавана?

— Закідваць «мясам» у гэтай сытуацыі — дзікае рашэньне зь мінулага або пазамінулага стагодзьдзя. Відаць, Расея жыве яшчэ ў тых часах, ва ўсякім разе яе войска.

Цяпер ваююць зусім па-іншаму. Дроны вядуць разьведку, потым па каардынатах цэлі працуе артылерыя. Ніводзін стралковы батальён са зброяй не прычыніць ворагу такую шкоду, як артылерыйскі абстрэл. Па статыстыцы, загінулых ад кулявых раненьняў усяго 8%, а 92% — аскепкавыя раненьні, снарады.

— Расказваюць пра гібель у Луганскай вобласьці больш як паўтысячы мабілізаваных. Адзін з суразмоўцаў кажа, што ўкраінская артылерыя трое сутак абстрэльвала расейскія пазыцыі. Атрымліваецца, УСУ цяпер маюць перавагу ў артылерыі?

— Гэта ён ад жаху кажа. Ня можа абстрэл доўжыцца трое сутак, таму што пераграваюцца ствалы гармат. Насамрэч, калі ёсьць дакладныя каардынаты, то паўгадзіны хопіць, каб накрыць цэль у некалькі залпаў. Так, магчыма, цягам трох сутак іх абстралялі некалькі разоў, гэта рэальна.

Украінская артылерыя цяпер часта працуе з імпартнымі ўзорамі ўзбраеньня — гаўбіцамі M777, САУ, устаноўкамі HIMARS. Яны непараўнальныя з савецкімі. Днямі наша артылерыя накрыла з двух стрэлаў танк, які рухаўся. Кажуць, што на тым тыдні быў рэкорд: тры танкі — тры стрэлы. Ня трэба завальваць снарадамі суперніка з двухсот ствалоў, як расейцы завальвалі нас пад Лісічанскам.

— Паведамляюць, што расейскія вайскоўцы пад Херсонам акопваюцца, рыхтуюць некалькі ліній абароны. Што тамака адбываецца?

— Там і было тры лініі абароны. Украінская армія ня так даўно прарвала адну лінію, але праз шэраг прычын спыніліся і далі ворагу ўмацоўвацца на другой, будаваць бліндажы. Бэтонны бліндаж — досыць цяжкая рэч. Ён «разьбіраецца» альбо з дапамогай Excalibur (высокадакладны кіраваны снарад 155 мм НВ), альбо прамым навядзеньнем танка.

Расейскія вайскоўцы ўмацоўваюцца ў самім Херсоне, рыхтуючыся да вулічных баёў. Гэта ня будзе просты шпацыр. Яны хочуць ператварыць Херсон у другі Марыюпаль, каб мы ўзялі яго штурмам зь вялікай крывёй і разбурэньнямі. А калі мы гэтага рабіць ня будзем, падазраю, расейцы могуць падарваць некалькі шматпавярховак зь людзьмі, каб абвінаваціць УСУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG