Паводле крыніцы «Ведамасьцяў», блізкай да Міністэрства абароны РФ, расейскія ўлады хочуць зрабіць упор «не на колькасную, а на якасную» падрыхтоўку вайскоўцаў, і «павелічэньне тэрміну службы гэтаму спрыяць ня можа».
З прапановай павялічыць тэрмін службы выступіў дэпутат Думы ад анэксаванага Расеяй Крыму Міхаіл Шарамет, які заявіў, што «цяперашні фармат [вайсковай падрыхтоўкі] ня мае на ўвазе якаснай падрыхтоўкі салдата». Яго падтрымаў кіраўнік камітэту ў пытаньнях абароны Савету Фэдэрацыі Віктар Бондараў.
У той жа час Міністэрства абароны Расеі падтрымала ідэю лідэра партыі «Справядлівая Расея — За праўду» Сяргея Міронава ўвесьці ў школах і прафтэхвучэльнях пачатковую вайсковую падрыхтоўку, пішуць «Известия».
Выданьне цытуе намесьніка міністра Валерыя Герасімава, які лічыць, што на вайсковую падрыхтоўку неабходна вылучыць 140 гадзін і выкладаць яе цягам апошніх двух гадоў навучаньня. Да выкладаньня, паводле яго, павінны дапускацца толькі людзі з баявым досьведам.
Ініцыятыву Міронава гатовыя падтрымаць усе фракцыі Думы, пішуць «Известия».
- У Беларусі ў сыстэме сярэдняй адукацыі выкладаецца «Дапрызыўная падрыхтоўка юнакоў» і «Мэдычная падрыхтоўка (дзяўчат)». Летась з 1 верасьня ў школах увялі новую пасаду — кіраўнік вайскова-патрыятычнага выхаваньня. Сярод абавязкаў — каардынацыя працы ў арганізацыі дапрызыўнай падрыхтоўкі, кантроль правілаў пажарнай бясьпекі і аховы працы. Таксама яны могуць выкладаць «Дапрызыўную мэдычную падрыхтоўку», а ў 10-х клясах праводзіць вучэбна-палявыя зборы і навучаць дзяцей асновам бясьпекі жыцьцядзейнасьці. Аднак з боку вайсковага кіраўніцтва Беларусі таксама гучаць заклікі аднавіць у школах сыстэму пачатковай вайсковай падрыхтоўкі і залучаць да яе афіцэраў запасу.