Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрцы, якая пакінула запіску на магіле бацькоў Пуціна, забаранілі хадзіць на могілкі


Ірына Цыбанева
Ірына Цыбанева

Суд у Санкт-Пецярбургу адпусьціў з-пад хатняга арышту 60-гадовую Ірыну Цыбаневу, супраць якой распачалі крымінальную справу з-за запіскі, пакінутай на магіле бацькоў прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна, паведамляе выданьне «Закс.ру».

Меру стрыманьня Цыбаневай замянілі на забарону пэўных дзеяньняў. Згодна з пастановай суду, жанчыне забаранілі размаўляць са сьведкамі па крымінальнай справе, карыстацца тэлефонам і інтэрнэтам, пакідаць межы Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці, а таксама наведваць Серафімаўскія могілкі.

12 кастрычніка Ірыну Цыбаневу адправілі пад хатні арышт, хоць сьледзтва прасіла суд абраць для пэнсіянэркі іншую меру стрыманьня — заключэньне пад варту. Сьледчыя палічылі, што жанчына ўчыніла «цынічныя амаральныя дзеяньні, якія супярэчаць прынятым у грамадзтве нормам», пакінуўшы на магіле бацькоў Уладзіміра Пуціна запіску.

У запісцы, далучанай да матэрыялаў сьледзтва, у прыватнасьці, гаварылася: «Бацькі маньяка, забярыце яго да сябе, ад яго гэтулькі болю і бедаў, увесь сьвет моліць аб яго сьмерці. Сьмерць Пуціну, вы выгадавалі вырадка і забойцу». Ірына Цыбанева не адмаўляла, што аўтар гэтай запіскі менавіта яна. Паводле яе слоў, гэта адбылося пасьля таго, як яна «паглядзела навіны, зразумела, што ўсё вельмі страшна, усё вельмі сумна, загінулых вельмі шмат».

Ірыну Цыбаневу затрымалі ў панядзелак, 10 кастрычніка. А на наступны дзень жанчыну даставілі ў Прыморскі раённы суд Пецярбургу. Супраць яе распачалі крымінальную справу па артыкуле «Зьдзек над целамі памерлых і месцамі іх пахаваньня, учынены па матывах палітычнай, ідэалягічнай, расавай, нацыянальнай або рэлігійнай нянавісьці або варожасьці» Крымінальнага кодэксу РФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG