Расейскія войскі не змаглі зьнішчыць ніводнай рэактыўнай сыстэмы HIMARS з пастаўленых украінскай арміі, паведаміла выданьне Politico, спасылаючыся на неназванага высокапастаўленага прадстаўніка міністэрства абароны ЗША.
Паводле адкрытых дадзеных, усяго Ўкраіна атрымала 20 высокамабільных артылерыйскіх ракетных сыстэм HIMARS з уласных запасаў ЗША.
Разам з тым Украіна па-ранейшаму мае патрэбу ў вялікай колькасьці артылерыі для працягу баявых дзеяньняў. Паводле прадстаўніка Пэнтагону, тэмпы выдаткоўваньня боепрыпасаў застаюцца высокімі – Украіна выпускае за дзень 4-7 тысяч артылерыйскіх снарадаў, Расея – каля 20 тысяч.
Акрамя таго, ВСУ маюць вострую патрэбу ў дадатковых сыстэмах супрацьпаветранай абароны. Паводле міністра абароны Ўкраіны Аляксея Рэзьнікава, у бліжэйшы час Украіна павінна атрымаць ад партнэраў некалькі сыстэм Hawk, NASAMS і Crotale.