Фэстываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае зьзяньне» сёлета пройдзе онлайн з 20 па 30 лістапада, бясплатна. На фэстывалі будзе і беларуская праграма — міжнароднае журы мае абраць пераможцу беларускага конкурсу.
Як паведамляюць арганізатары фэстывалю, у беларускую праграму ўвайшлі 11 фільмаў, для многіх зь якіх адпраўны пункт так ці інакш — гэта падзеі 2020 году ў Беларусі.
«Край сьвету», 2021, Бэльгія, Літва
22/11/22, 19:20 — Вільня, к/т Skalvija
Фільм «Край сьвету» Ганны Саўчанкі дасьледуе лёсы семʼяў, падзеленых беларуска-літоўскай мяжой. Кіно сканцэнтравана на тэме тэрытарыяльнага падзелу і таго, як людзі, чые жыцьці закранула гэтая мяжа, жылі да яе збудаваньня і як — пасьля.
У фільме ёсьць невялікая сцэна, у якой зьяўляецца Алесь Бяляцкі, палітвязень, заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Shirey Mara», 2021, Беларусь
22/11/22, 19:20 — Вільня, к/т Skalvija
22/11/22 — онлайн з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце сьвету)
10-хвілінны анімацыйны фільм Наты Карнеевай — казачна-паэтычная гісторыя аб прымірэньні з стратай каханага чалавека, аб чаканьні першага сьнегу і аб паху вішнёвага лісьця.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Калі кветкі не маўчаць», 2021, Польшча
24/11/22, 19:15 — Талін, к/т Artis
Эмацыйны чорна-белы дакумэнтальны фільм паказвае настрой у краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году вачыма некалькіх беларускіх семʼяў. Зрэжысаваў кіно Андрэй Куціла — неаднаразовы ўдзельнік «Артдакфэсту» і ляўрэат міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага кіно ў Амстэрдаме.
Адна з гісторый, якія дакумэнтуе Андрэй у фільме, — гісторыя яго роднай сястры, якая прайшла праз Акрэсьціна. Фільм перамог у дакумэнтальным конкурсе Варшаўскага кінафэстывалю.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Мара», 2021, Францыя, Вялікая Брытанія
23/11/22, 19:10 — Вільня, к/т Skalvija
25/11/22, 17:30 — Талін, к/т Artis
25/11/22 — онлайн з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце сьвету)
«Мара» расказвае пра сьведку прэзыдэнцкіх выбараў і пратэстаў у Беларусі. У стужцы хроніка зьмешваецца з пастановачнымі кадрамі — снамі, у якія ўцякае ад рэальнасьці галоўная гераіня.
Рэжысэрка фільму Саша Кулак зьехала зь Беларусі ў свае 16 гадоў, а ў 2020 годзе вярнулася на радзіму, каб удзельнічаць у лёсе краіны. Яна кажа, што для яе гэты фільм — дасьледаваньне страху.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Дапаможнік», 2021, Беларусь, Нямеччына
24/11/22 — онлайн з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)
Гісторыя, алегарычна зьвязаная з падзеямі жніўня 2020 году. «Дапаможнік» — гэта візуальнае разважаньне пра тое, што ўсе катаваньні не выпадковыя і што чалавек ня можа іх спантанна прыдумаць. Гэта значыць, што існуе дапаможнік, у якім яны апісаныя. Рэжысэр Павал Мажар вывучыў сотні паказаньняў сьведак у інтэрнэце і выкрыў пэўны альгарытм рэпрэсій.
Фільм перамог у катэгорыі кароткамэтражнага кіно на міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага кіно ў Амстэрдаме.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Спатканьне ў Мінску», 2022, Беларусь
27/11/22 — онлайн з 00:00 да 23:59 (даступны толькі на тэрыторыі Беларусі)
«Спатканьне ў Мінску» зьняў Мікіта Лаўрэцкі — галоўныя героі вырашаюць схадзіць на спатканьне, быццам ідуць на яго першы раз, як 8 гадоў таму.
Фільм перамог на міжнародным кінафэстывалі Doclisboa ў Партугаліі.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«У адзіночку», 2020, Вялікая Брытанія
21/11/22 — онлайн з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце сьвету)
«У адзіночку» — фільм Беларускага Свабоднага тэатру (Мікалай Халезін, Натальля Каляда, Эндру Сьміт), які вывучае экзыстэнцыйны боль Украіны вачыма адной з найбольш камэрцыйна пасьпяховых фігур украінскага шоў-бізнэсу — Андрыя Хлыўнюка, саліста хіп-хоп- і рок-гурту «Бумбокс».
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Праз рэйкі», 2021, Беларусь, Польшча
30/11/22 — онлайн з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце сьвету)
Дакумэнтальнае апавяданьне ад рэжысэра Антося Сівых пра беларусаў, якія пераасэнсоўваюць сябе ў эміграцыі ў Польшчы. Героі фільму — беларускія студэнты з розных унівэрсытэтаў, якія апынуліся ў польскім горадзе Лодзі.
Даведацца больш пра фільм можна тут.
«Дзіма», 2020, Беларусь
24/11/22 — онлайн з 00:00 да 23:59 (даступны ў любым пункце сьвету)
«Дзіма» — дакумэнтальнае суправаджэньне чалавека, які шмат разоў і доўга сядзеў за крадзяжы і ня толькі. Дзіма жыве ў беларускай вёсцы, і глядач фільму становіцца сьведкам паўсядзённага жыцьця мужчыны. Паралельна з гэтым Дзіма разважае, як пражыў сваё жыцьцё.
Падтрымаць фэстываль «Паўночнае зьзяньне» данатамі можна па спасылцы.