Як паведаміў Офіс генэральнага пракурора, абодвум паведамілі аб падазрэньні ў парушэньні законаў і звычаяў вайны.
Паводле сьледзтва, абодва расейцы служаць у 6-м танкавым палку (вайсковая частка 93992, Чабаркуль, Чалябінская вобласьць) 90-й танкавай дывізіі Цэнтральнай вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, расейскія вайскоўцы з 8 да 31 сакавіка сыстэматычна ўчынялі ваенныя злачынствы ў адным з раёнаў Кіеўскай вобласьці. Сьледчыя, у прыватнасьці, задакумэнтавалі факты захопу закладнікаў, нялюдзкага стаўленьня і рабаваньня цывільнага насельніцтва.
Адзін зь іх, як паведаміла прэсавая служба Офісу генэральнага пракурора, разам яшчэ з адным, пакуль што не ідэнтыфікаваным вайскоўцам, згвалтаваў цяжарную мясцовую жыхарку, якая пасьля гэтага страціла дзіця.
У пракуратуры паведамілі, што сьледчыя працуюць над тым, каб ідэнтыфікаваць усіх расейскіх салдат, датычных да гэтых злачынстваў.
У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны 3 лістапада паведамілі, што цяпер сьледчыя расьсьледуюць 41 000 крымінальных спраў аб фактах ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў. Большая іх частка (каля 30 тысяч) — аб парушэньні законаў і звычаяў вайны.
1 лістапада кіраўнік Нацыянальнай паліцыі ў Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў заявіў, што пакуль ня могуць ідэнтыфікаваць целы 200 украінцаў, якія загінулі на пачатку вайны ў часе расейскай акупацыі населеных пунктаў Кіеўскай вобласьці.
У Кіеўскай вобласьці зарэгістравалі больш за 3 тысячы крымінальных злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых расейскімі вайскоўцамі ў Бучанскім, Вышгарадзкім і Браварскім раёнах.
Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай вобласьці праваахоўныя органы правялі дасьледаваньні стыхійных пахаваньняў і эксгумавалі целы больш як 1 тысячы загінулых мірных жыхароў і вайскоўцаў. У большасьці выпадкаў жыхароў рэгіёну катавалі, гвалтавалі і расстрэльвалі расейскія вайскоўцы.
Толькі ў адным горадзе Бучы знайшлі больш як 400 ахвяр расейскай акупацыі.
28 кастрычніка агенцтва Associated Press і праграма Frontline абнародавалі вынікі свайго расьсьледаваньня падзей падчас расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці. Журналісты прыйшлі да высновы, што жорсткія катаваньні і забойствы мірных жыхароў прыгарадаў Кіева ў першыя дні вайны былі не ініцыятывай шараговых расейскіх салдатаў, а стратэгіяй іхнага камандаваньня на здушэньне любага супраціву «нацыяналістаў».