Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўнік АГП Лябедзька аб прысудзе лідэрам партыі: «Сілавікі думалі, што Беларусь трасецца ад страху. Але ўбачылі, што АГП працуе»


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Уладам не спадабалася, што ва ўмовах беспрэцэдэнтных палітычных рэпрэсій Аб’яднаная грамадзянская партыя працягвае працу, таму яе лідэраў і актывістаў затрымалі і асудзілі, лічыць былы старшыня партыі, сябра каманды Ціханоўскай.

Паводле Анатоля Лябедзькі, пасьля падзей 2020 году, нягледзячы на рызыкі, АГП «не пайшла ў глухую абарону і не лягла на самазахаваньне».

«Мікалай Казлоў зазнаў ціск, турэмнае зьняволеньне. Выйшаў і ня зьехаў. Пачалі адкрывацца офісы АГП, туды пацягнуліся людзі. Старшыня плянаваў 20 паездак па краіне. Гэта, вядома, не спадабалася сілавым структурам, якія думалі, што ўся Беларусь трасецца ад страху. Яны ўбачылі, што ёсьць структура, якая функцыянуе, будуе пляны, працуе зь людзьмі», — заявіў Лябедзька ў камэнтары BPN.

Ён лічыць, што «мэтавай групай» судовых працэсаў, якія прайшлі, былі «сябры і прыхільнікі ня толькі АГП, але і іншых дэмакратычных партый».

«Гэта сыгнал ад улады ўсім: мы хочам, каб вас не было бачна, каб вы затрымалі дыханьне і не праяўлялі ніякай палітычнай актыўнасьці», — падкрэсьліў палітык.

Паводле яго інфармацыі, Лукашэнка меў пляны ўвосень правесьці зачыстку партыйнага поля, але пакуль, на яго думку, «сыстэма сканцэнтравалася на пасланьні страху ў выглядзе перасьледу актыву і лідэраў АГП».

Прысуды шасьці сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі яе былы кіраўнік назваў «сплянаванай спэцапэрацыяй». На думку Лябедзькі, улады выбралі мэтай АГП яшчэ і таму, што «гэта адна з найстарэйшых у краіне палітычных партый, якая з 1995 году на перадавой, заўсёды з выразнай прынцыповай і пасьлядоўнай пазыцыяй: эўраатлянтычны выбар для Беларусі, непрыманьне дыктатуры і працяглая, на працягу дзесяцігодзьдзяў, барацьба за сумленныя і свабодныя выбары».

Гаворачы аб далейшай дзейнасьці АГП, Лябедзька заявіў, што «інфраструктура і людзі ў большасьці сваёй застаюцца ў Беларусі».

«Партыя працягвае працаваць. Так, частка актыву са зразумелых прычынаў была вымушана пакінуць краіну. І размах працы зараз ня той, які быў у 2020 годзе і раней. Тым ня менш АГП праводзіць мерапрыемствы, ідзе абмеркаваньне пазытыўнай альтэрнатывы [будучыні Беларусі]. Партыя ня толькі фіксуе складаную сытуацыю ў краіне, але і рыхтуецца да таго часу, калі можна будзе прапаноўваць і праекты новых законаў, і праграмы», — сказаў палітык.

На 6 лістапада заплянаваны зьезд АГП, які праводзіцца кожныя два гады.

«Думаю, суды падгадалі пад каляндар невыпадкова. Відаць, чакалі, што людзей прысуды дэмаралізуюць і зьезд не адбудзецца. Але ён будзе. І дэлегаты будуць. Ужо прайшлі справаздачна-выбарныя сходы ва ўсіх рэгіёнах і ў Менску», — паведаміў Лябедзька.

Разам з тым ён не выключае, што правядзеньню зьезду перашкодзіць «нейкая чарговая спэцапэрацыя [сілавых органаў]».

Сярод іншага зьезд будзе вырашаць пытаньне аб кіраўніцтве АГП, бо Казлоў асуджаны на пазбаўленьне волі. Аднак, на думку Лябедзькі, дэлегаты могуць прагаласаваць за кандыдатуру цяперашняга старшыні, бо «прававая магчымасьць для гэтага ёсьць».

Былы кіраўнік АГП нагадаў, што тэрмін зьняволеньня па «палітычным» прысудзе адбывае адзін з намесьнікаў Казлова, вядомы блогер і праціўнік будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу Аляксандар Кабанаў.

«Калі не памыляюся, 13 сяброў партыі на чале зь лідэрам знаходзяцца за кратамі», — зазначыў Лябедзька.

Трэцяга лістапада суд Першамайскага раёну Менску прысудзіў старшыні АГП Мікалаю Казлову 2,5 года калёніі, кіраўніцы менскай гарадзкой партыйнай арганізацыі Аксане Аляксеевай — 1,5 года, былой намесьніцы старшыні партыі Антаніне Кавалёвай — 1 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG