Тацяна Зарэцкая была на пасадзе прадстаўніцы Кабінэту менш за 2 месяцы. Свабода атрымала ад Тацяны Зарэцкай пісьмовыя адказы на дасланыя ёй пытаньні.
«Гэта была няспынная атака па ўсіх напрамках»
— Тацяна, вы прынялі рашэньне пакінуць Аб’яднаны пераходны кабінэт, аргумэнтуючы гэта тым, што апошнія тыдні вы і вашы блізкія людзі, партнэры, інвэстары сутыкнуліся зь вялікім ціскам, у тым ліку пагрозамі. Ці маглі б вы больш дэталёва пра гэта расказаць? Ад каго вы атрымлівалі пагрозы? Колькі іх было — адзінкі, дзясяткі, сотні?
— Гаворка ідзе пра сотні пагрозаў, можа агулам і тысяча набярэцца. Разумееце, гэта была няспынная атака па ўсіх напрамках. Памножце дзясяткі ананімных паведамленьняў ва ўсіх магчымых сацсетках і мэсэнджарах, званкі зь незнаёмых нумароў, мэйлы на ўсіх родных, блізкіх, знаёмых, супрацоўнікаў маёй фірмы, партнэраў і інвэстараў — атрымаецца вялізарная лічба. І ўсё гэта ўрэшце прыходзіла да мяне: супрацоўнікі пачалі баяцца за сваю бясьпеку, партнэры не разумелі, чым гэта скончыцца й калі, інвэстары — проста былі ў шоку, бо ўчора яны нічога ня ведалі ані пра Беларусь, ані пра асаблівасьці палітычнага жыцьця беларускага грамадзтва, а сёньня ім пагражаюць ці то спэцслужбы, ці то хто... Для іх гэта сюррэалістычная сытуацыя, як у кашмары.
— Калі Валер Сахашчык увайшоў у Кабінэт, ён сутыкнуўся з абнародаваньнем рознага кшталту інфармацыі пра яго, як непраўдзівай, гэтак і праўдзівай, але ня вельмі зручнай для яго і ягонага іміджу як беларускага апазыцыйнага палітыка. За некаторымі «зьлівамі», імаверна, стаялі спэцслужбы Беларусі. Ці назіралі вы падобнае ў дачыненьні да сябе? Ці паўплывала гэта на ваша рашэньне пакінуць пасаду?
— Гэтая атака распачалася ня сёньня й ня ўчора. І мы вытрымлівалі гэтую атаку некалькі тыдняў, пакуль справа не зайшла занадта далёка і я ня стала перад відавочным выбарам: альбо Кабінэт, альбо стартап, які я пабудавала з нуля, уклаўшы ўсю сябе.
«Гэта фэйк, які накіраваны на беларускую аўдыторыю»
— Нядаўна ў сеціве пачалі распаўсюджваць публікацыю аднаго англамоўнага ананімнага сайту, якая паставіла пад сумнеў пасьпяховасьць вашых стартапаў і вас як ІТ-прадпрымальніцы. Як вы можаце пракамэнтаваць высновы аўтараў? Ці ня стала гэтая публікацыя адной з прычын вашага рашэньня сысьці з Кабінэту?
— Любы айцішнік усё раскажа вам пра гэты «сайт» і гэтую «публікацыю» за 5 хвілін. Гэта фэйк, прычым фэйк, які накіраваны на беларускую аўдыторыю, а не на англамоўную аўдыторыю ці людзей зь сьвету бізнэсу і стартапаў. Камэнтаваць зьмест гэтага фэйку я ня буду, каб не даваць яму хоць якой легітымнасьці.
Такім чынам, мой адказ: не, гэтая «публікацыя» ні на што ніяк не паўплывала.
— Ці ўяўлялі вы, што ваша жыцьцё, у тым ліку прыватнае, апынецца пад мікраскопам грамадзтва, і любыя факты і сьведчаньні могуць быць інтэрпрэтаваныя самым розным чынам? Ці былі гатовыя да гэтага?
— Ведаеце, я змагаюся з гэтым ужо ня першы год у сьвеце стартапаў і бізнэс-супольнасьці. Да гэтага я прызвычаілася — таму была гатовая. Але да чаго ніхто з гэтага сьвету не гатовы — дык гэта да пагрозаў у стылі КДБ маім партнэрам і інвэстарам, бо для большасьці людзей у цывілізаваным сьвеце гэта фантастычныя гісторыі зь мінулага тысячагодзьдзя. І вось да гэтага яны не былі гатовыя. Як і я не была гатовая да таго, што пачнуць пагражаць нават ім.
— Як успрынялі ваш сыход сябры Кабінэту і Ціханоўская? Ці спрабавалі вас пераканаць застацца?
— Так, мяне пераконвалі застацца, але я зразумела, што застацца ў Кабінэце я змагу, толькі калі выйду зь бізнэсу, а менавіта ён дазваляе мне мець тыя кантакты й сувязі, празь якія я б змагла дапамагчы Кабінэту й беларускаму дэмакратычнаму руху. А заставацца «абы заставацца» — гэта не для мяне.
— Што вы пасьпелі зрабіць на гэтай пасадзе? Што хацелі, але не пасьпелі зрабіць?
— Тое, што робяць людзі, якія адказваюць за супрацу з фондамі: наладжвала сувязі, рабіла прэзэнтацыі працы Кабінэту для міжнародных партнэраў, спрабавала прааналізаваць і сплянаваць бюджэт. Болей дэталяў не магу расказаць, бо грошы любяць цішыню. Асабліва ў выпадку, калі кожнае слова можа быць выкарыстана супраць цябе ворагамі дэмакратыі й будучыні Беларусі.
«Я буду працягваць сваю працу»
— Як вы думаеце, як ваш сыход адаб’ецца на іміджы дэмакратычных сілаў і Аб’яднанага кабінэту?
— Калі мы змагаемся за грамадзтва, у якім павінна быць зьмена ўлады, то чаму нас павінна пужаць тое, што нехта сышоў? Мне падаецца, што той факт, што ў дэмакратычных сілах і Аб’яднаным кабінэце гэта магчыма, толькі плюс беларускаму дэмакратычнаму руху ў параўнаньні з застарэлай сыстэмай, якая ніяк ня можа зьмяніцца ўжо трыццаць гадоў, і калі міністар сыходзіць з пасады — то толькі каб заняць іншую.
— Вы падкрэсьлівалі, што прыйшлі ў Кабінэт ня дзеля таго, каб рабіць палітычную кар’еру, а каб ваша экспэртыза дапамагла пазытыўным зьменам. Ці будзеце вы працягваць гэта рабіць, але ўжо ня ў складзе Кабінэту, а менш публічным чынам?
— Вядома, я буду працягваць сваю працу, важная частка якой — гэта ня грошы й ня мой асабісты посьпех, але тая карысьць, якую мы прыносім. Таму я буду там, дзе я магу быць максымальна карыснай.
— Што б вы параілі чалавеку, які прыйдзе на пазыцыю, якую вы пакінулі?
— Быць гатовым да ўсяго. Я думала, што я гатовая да ўсяго, але маё «ўсё» — гэта «ўсё, што можа прыдумаць цывілізаваны, прыстойны чалавек», а арыентавацца трэба было на тых, у каго няма межаў, каму «не да законаў».
— Пра што вы найбольш шкадуеце?
— Пра пакуты й страх, які я прынесла ў жыцьцё людзей, якія ад мяне залежаць тым ці іншым чынам. Але цяперака, калі я ўжо не прадстаўнік Аб’яднанага кабінэту, я змагу абараніць і сябе, і іх так, як гэта робяць у бізнэсе. А цывілізаваны, эўрапейскі бізнэс такога не даруе й прыцягвае да адказнасьці па законе за кожную пагрозу, кожнае парушэньне.
——————
На навіну пра тое, што Тацяна Зарэцкая пакідае пасаду прадстаўніцы Кабінэту па фінансах і эканоміцы ў сувязі зь ціскам, аказаным на яе асабіста, яе блізкіх і бізнэс-партнэраў, адрэагавала Сьвятлана Ціханоўская.
Яе тэлеграм-канал напісаў, што кіраўніцтва і прадстаўнікі Кабінэту выказваюць Зарэцкай поўную падтрымку, салідарнасьць і разуменьне яе рашэньня, Кабінэт будзе аказваць усебаковую дапамогу ў расьсьледаваньні гэтай справы і прыцягненьні вінаватых да адказнасьці.
- Тацяна Зарэцкая нарадзілася ў Менску, скончыла гімназію імя Францішка Скарыны.
- Вучылася на факультэце міжнародных адносін БДУ, скончыла Талінскі тэхнічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права».
- У 2017 годзе яе каманда перамагла на конкурсе стартапаў. Кампанія Laava Tech распрацоўвае разумныя сыстэмы асьвятленьня для цяпліц. Тут стварылі альгарытмы кіраваньня лямпамі, якія дазваляюць у разы зьменшыць выдаткі на электрычнасьць.
- Тацяна Зарэцкая заснавала кампанію Meliora, якая займаецца аналітыкай рэсурсаў, што ачышчаюць атмасфэру ад вуглякіслага газу або эквівалентных забруджвальнікаў.
- У сакавіку 2020 году Тацяна Зарэцкая трапіла ў сьпіс Forbes 30 Under 30. Таксама яна ўваходзіць у сьпіс MIT Innovator 35U35 выданьня MIT Technology Review.
- 9 верасьня 2022 году Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту па фінансах і эканоміцы.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.