Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: У адміністрацыі Байдэна занепакоеныя магчымым абмеркаваньнем расейскімі вайскоўцамі выкарыстаньня ядзернай зброі


У адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна занепакоеныя магчымым абмеркаваньнем выкарыстаньня ядзернай зброі ў вайне з Украінай высокапастаўленымі расейскімі вайскоўцамі.

Пра гэта паведамляе газэта The New York Times са спасылкай на неназваных амэрыканскіх службоўцаў.

Паводле яе зьвестак, вайсковае кіраўніцтва ў Маскве нядаўна вяло дыскусіі на гэтую тэму.

Паводле выданьня, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ня браў удзелу ў гэтых дыскусіях. Ён адзіны, хто можа прыняць рашэньне аб выкарыстаньні ядзернай зброі, незалежна ад думкі генэралаў.

Але сам факт такіх дыскусій выклікае асьцярогі Белага дома, адзначае The New York Times. Там лічаць, што дыскусія выкліканая раздражненьнем сярод расейскіх вайскоўцаў з прычыны няўдач у вайне з Украінай.

Заходнія краіны лічаць, што Крэмль рэгулярна намякае на магчымасьць выкарыстаньня ядзернай зброі з пачатку вайны ва Ўкраіне. У выступе 27 кастрычніка Пуцін заявіў, што Масква ніколі не казала, што гатовая зрабіць гэта.

Тым часам ананімныя крыніцы газэты The Washington Post у адміністрацыі Байдэна кажуць, што амэрыканскія чыноўнікі не супакоеныя словамі Пуціна.

Там лічаць, што рызыка выкарыстаньня ядзернай зброі павысіцца, калі Масква вычарпае магчымасьці сваіх сіл і звычайнага ўзбраеньня ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG