Вежу-дазорцу, меркавана, частку сыгнальнай сыстэмы Вялікага Княства Літоўскага, урачыста адкрыюць у Крэве 5 лістапада. Вежу збудавалі на сродкі прыватнай фірмы паводле гістарычных, археалягічных і архітэктурных дасьледаваньняў. Цырымонія пачнецца ў 15.00, піша Hrodna one Love.
У час мерапрыемства анансуюць «сустрэчу з князем Альгердам», сярэднявечныя рыцарскія турніры, забавы і фаер-шоў. Арганізатар — Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музэй.
Архітэктар вежы — Андрэй Шулаеў, каардынатар праекту — дырэктарка Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музэю Алена Бобіна, археалягічны нагляд зьдзяйсьняў гісторык, археоляг Алег Дзярновіч. Узьвядзеньне турыстычнага аб’екта фундавала фірма «Фомар», якая займаецца аптовым гандлем машынамі і абсталяваньнем для будаўніцтва.
Вежа — ня толькі турыстычны аб’ект, але і прыклад вежавай сыгнальнай сістэмы Вялікага княства Літоўскага.
Драўляную вежу на Юравай гары ў Крэве пачалі будаваць у верасьні 2022 году. Усе работы выконваліся, наколькі магчыма, з ужываньнем традыцыйных матэрыялаў і інструмэнтаў, максымальна набліжана да тых тэхнік, якія існавалі ў старажытнасьці, расказвала Алена Бобіна.
Агульнае кіраўніцтва праектам і каардынацыю дзеяньняў яго ўдзельнікаў на ўсіх этапах яна зьдзяйсьняла на дабрачыннай аснове, адзначаў у публікацыі «Сьветлы шлях». Праект узгоднены зь Міністэрствам культуры.
Годам раней на Юравай гары правялі дасьледаваньні археолягі пад кіраўніцтвам Алега Дзярновіча. У 2012 годзе падчас раскопак на гэтым месцы дасьледчыкі натрапілі на каменныя канструкцыі. У 2021 годзе там выявілі мураваны падмурак пад драўляную канструкцыю, у 2022 праводзілі і геарадарныя дасьледаваньні.
Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што на Юравай гары ў XIV ст. мог знаходзіцца сыгнальны пост, дазорная вежа. Такая пабудова была патрэбна Крэўскаму замку, агляд зь якога быў досыць абмежаваны. Пра сыстэму такіх сыгнальных агнёў на землях ВКЛ узгадвалі ў нямецкіх хроніках. Паводле альтэрнатыўнай вэрсіі, там мог разьмяшчацца сакральны аб’ект, але сьведчаньняў гэтаму археолягі не знайшлі.
Вежа мае вышыню амаль 10 м. Сьцены выкананыя з сасны, асобныя элемэнты, у тым ліку дзьверы, — з дубу, чатырохскатны дах, накрыты гонтай. Унутры пабудовы частка падлогі — са шкла, пад якім відаць рэшткі падмурку XIV ст., выяўленыя падчас раскопак. Адначасова на вежу можа падняцца да 10 чалавек.