Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З Кітаем Эўропа паўтарае памылку, якую зрабіла з Расеяй». Што кажуць амэрыканскія і эўрапейскія экспэрты пра кітайска-расейскі хаўрус


Кіраўнікі Кітаю і Расеі Сі Цзіньпін (зьлева) і Ўладзімір Пуцін
Кіраўнікі Кітаю і Расеі Сі Цзіньпін (зьлева) і Ўладзімір Пуцін

Расейскі маштабны напад на Ўкраіну пакінуў Расею ў значнай ступені ў дыпляматычнай ізаляцыі — большасьць вялікіх краін асудзілі ваенныя злачынствы Пуціна. Аднак пазыцыя Кітаю ў гэтым пытаньні адрозьніваецца: адкрыта Пэкін не падтрымаў вайну, але ў той жа час і не асудзіў дзеяньні Расеі.

Падчас дыскусіі, арганізаванай 25 кастрычніка амэрыканскім дасьледчым цэнтрам «Атлянтычная рада», удзельнікі спрабавалі адказаць на пытаньне пра маштаб кітайска-расейскага супрацоўніцтва, пра намеры Кітаю і пра тое, як можна на гэтыя намеры паўплываць. Прапануем вашай увазе некаторыя думкі, выказаныя падчас дыскусіі.

Дэйвід Шульман, старшы дырэктар дасьледчага цэнтру Global China Hub у Атлянтычнай радзе ЗША

  • XX зьезд Кітайскай камуністычнай партыі, які прайшоў на мінулым тыдні, паказаў, што Сі Цзіньпін цяпер мае ў Кітаі больш улады, чым калі-колечы раней. Усе важныя рашэньні праходзяць празь яго.
  • У дакладзе Сі Цзіньпіна на пачатку зьезду быў акцэнт на змрочную сытуацыю зь бясьпекай, у якой нібыта знаходзіцца Кітай. Ён казаў пра ціск з боку замежных дзяржаў і асабліва пра ўмяшаньне ў пытаньне Тайваню. Быў заклік рыхтавацца да змаганьня ў гэтай сытуацыі і быць гатовымі да самазабесьпячэньня. Менавіта ў гэтым кантэксьце адносіны з Расеяй набываюць асаблівую важнасьць для Кітаю.
  • За апошнія тыдні мы пачулі аптымістычныя заўвагі пра тое, што Кітай цяпер ужо ня так часта і ня так актыўна выказваецца ў падтрымку расейскага ўварваньня і вайны ва Ўкраіне. Расейскія правалы сталі відавочнымі, і Расея прыбягае да ўсё больш радыкальных крокаў, у тым ліку ўзмацняе рыторыку пра магчымае выкарыстаньне ядзернай зброі. Але няма падставаў лічыць, што Кітай памяняў стаўленьне да Расеі як да найважнейшага стратэгічнага партнэра.
  • У рыторыцы Сі Цзіньпіна Кітай сутыкаецца з выклікамі бясьпецы, а Злучаныя Штаты вядуць кампанію, каб стрымаць пад’ём Кітаю і зрынуць уладу Камуністычнай партыі. У гэтай карціне Кітай мае патэнцыйныя выклікі ня толькі ў сфэры бясьпекі, але і ў эканоміцы, у энэргетычнай сыстэме і ў іншых сфэрах. А гэта ставіць пад пагрозу ня толькі нацыянальную бясьпеку, але, што больш важна для Сі Цзіньпіна, і бясьпеку Кампартыі. І ў такім кантэксьце супрацоўніцтва з Расеяй робіцца нават больш важным.
  • Кітайскія ўлады былі зьдзіўленыя салідарным адказам заходніх саюзьнікаў на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. І цяпер яны спрабуюць ужыць гэты досьвед, каб спрагназаваць сцэнары магчымага крызісу вакол Тайваню ў будучыні.
  • Расея відавочна аслабла, але па-ранейшаму мае найбольшую колькасьць ядзернай зброі сярод усіх краін, яна па-ранейшаму ў Радзе бясьпекі ААН, яна багатая на энэрганосьбіты і сельскагаспадарчую прадукцыю, а таксама яна мае 4 тысячы кілямэтраў мяжы з Кітаем. Усё гэта робіць Расею адзіным ключавым партнэрам, які можа дапамагчы Кітаю супрацьстаяць Злучаным Штатам, адцягнуць увагу ЗША, ускладніць ім ваеннае плянаваньне, а таксама зьменшыць уразьлівасьці Кітаю адносна заходняга ціску.
  • Кітайска-расейскія адносіны будуць паглыбляцца, калі толькі Расея не скарыстае ядзерную зброю ці калі рэжым Пуціна не абваліцца ў выніку цяперашняй вайны.
  • Цяпер Кітай хоча палепшыць адносіны з Эўропай — пасылае дыпляматычных прадстаўнікоў і спрабуе паказаць, што ён не саюзьнік Расеі. Але пры гэтым яго асноўная пазыцыя не мяняецца.

Міка Хуотары, выканаўчы дырэктар Нямецкага інстытуту кітайскіх дасьледаваньняў

  • Кітайска-расейская дэклярацыя пра супрацоўніцтва, якая зьявілася сёлета 4 лютага, ня толькі адлюстроўвае больш шчыльныя сувязі паміж Кітаем і Расеяй, але і ўвасабляе супольнае супрацьстаяньне Злучаным Штатам.
  • Кітай не нэўтральны — ён прыняў стратэгічнае рашэньне пра саюзьніцтва з Расеяй, але ён спрабуе зьменшыць цану такога саюзьніцтва.
  • Пры гэтым важна разумець, што тут няма нічога вечнага — гэта вельмі дынамічныя і зьменлівыя стасункі. З боку Кітаю няма прапагандысцкай публічнай падтрымкі Расеі — ёсьць спроба атрымаць імпарт танных энэрганосьбітаў і запоўніць вакуўм, пакінуты заходнімі кампаніямі на расейскім рынку. Да прыкладу, экспарт кітайскіх паўправаднікоў у Расею значна вырас.
  • Я пагаджуся, што Кітай рыхтуецца да маштабнага, калі не сыстэмнага, канфлікту. Але я б ня стаў перабольшваць глыбіню кітайскага супрацоўніцтва з Расеяй.
  • У наступным месяцы канцлер Нямеччыны Оляф Шольц з дэлегацыяй бізнэс-супольнасьці мае наведаць Кітай. Гэта будзе вельмі складаная дыпляматычная задача — нечага дасягнуць падчас гэтага візыту і пры гэтым не пашкодзіць рэпутацыі Нямеччыны і адносінам зь іншымі эўрапейскімі партнэрамі.
  • Кітайскія ўлады скарыстаюць гэты візыт для прапаганды, таму ўладам Нямеччыны трэба мець вельмі ясную стратэгію камунікацыі, каб агучыць нашы інтарэсы і каштоўнасьці.
  • Захад мае важныя падставы працягваць перамовы з Кітаем. Я сумняваюся, што такім чынам можна паўплываць на дзеяньні Расеі, але было б безадказна не спрабаваць гэтага зрабіць.

Якуб Янда, выканаўчы дырэктар чэскага Цэнтру эўрапейскіх каштоўнасьцяў для палітыкі бясьпекі

  • Я вельмі скептычна стаўлюся да цяперашняй эўрапейскай палітыкі адносна Кітаю. Калі Кітай заўтра нападзе на Тайвань, што зробіць Эўропа? Баюся, што амаль нічога. Бо за апошнія дзесяцігодзьдзі мы стварылі вялікую эканамічную залежнасьць ад Кітаю.
  • Калі ўладам Кітаю нешта трэба ў Эўропе, яны могуць лёгка націснуць на кнопку эканамічнага прымусу, і многія эўрапейцы змоўкнуць. У нейкім сэнсе гэта здарылася зь Літвой. Сама Літва не адступіла, але многія іншыя эўрапейцы — так.
  • У закрытых дыскусіях у многіх эўрапейскіх сталіцах выказвалі думку, што Літву пакаралі, а Кітай не атрымаў за гэта моцнага і абʼяднанага эўрапейскага адказу, які б зьнеахвоціў яго рабіць такое ў будучыні ў большым маштабе.
  • Цяпер існуе падзел у стаўленьні да Кітаю паміж Заходняй Эўропай — Нямеччынай, Францыяй, часткова Італіяй — і краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
  • Краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы з 2016–2017 гадоў сталіся цэлямі стратэгічнай карупцыі з боку Кітаю. І ў гэтым Кітай дасягнуў некаторых посьпехаў.
  • Я б сказаў, што Вугоршчына цяпер — гэта траянскі конь Кітаю ў Эўразьвязе. Вы можаце пабачыць гэта па тым, як Вугоршчына галасуе ў міжнародных арганізацыях і якую дзейнасьць вядзе кітайская выведка з тэрыторыі Вугоршчыны супраць іншых заходніх краінаў.
  • Але Польшча таксама ня мае пасьлядоўнай і прынцыповай палітыкі адносна Кітаю. У закрытых дыскусіях існуе шмат рознагалосься паміж такімі краінамі, як, з аднаго боку, Літва і Чэхія, якія выступаюць за жорсткую палітыку адносна Кітаю, — і, з другога боку, як Польшча, якая спрабуе стрымаць іншых саюзьнікаў ад, напрыклад, шырокага супрацоўніцтва з Тайванем.
  • Такім чынам, паміж краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы шмат спрэчак, а таксама існуе вялікая праблема эканамічнай залежнасьці Нямеччыны. Мы ўсе вельмі моцна эканамічна зьвязаныя, і гэта добра, але гэта робіцца праблемай, калі гэта залежнасьць ад Камуністычнай партыі Кітаю.
  • Візыт нямецкага канцлера Шольца ў Кітай можа быць патэнцыйнай катастрофай ня толькі з гледзішча рэпутацыі. Мы цяпер вельмі ўразьлівыя для эканамічнага шантажу, і ў гэтым калектыўная віна многіх эўрапейскіх краін. Мы ўжо заплацілі велічэзную цану, калі стварылі такую сытуацыю ў адносінах з Расеяй, і цяпер усім у Эўропе гэта відаць.
  • У адносінах з Кітаем мы паўтараем тую самую памылку. Некалькі нямецкіх міністраў выступаюць за зьмяншэньне залежнасьці ад Кітаю. Але канцлер Нямеччыны замест гэтага плянуе ўзмацняць такую залежнасьць.
  • Ужо пачаліся дыскусіі пра тое, як будзе адбывацца рэканструкцыя Ўкраіны пасьля вайны. Кітай не павінен быў бы ў гэтым удзельнічаць, бо Кітай стратэгічна падтрымаў дзеяньні Расеі, хоць публічна казаў іншае. Але значная частка цяперашняга палітычнага кіраўніцтва Ўкраіны хоча, каб у будучыні ва Ўкраіну прыйшлі кітайскія грошы. А гэта стварае пагрозы на розных узроўнях.
  • Каб даць вам прыклад — я цяпер у Тайпэі (сталіцы Тайваню. — РС) на форуме, прысьвечаным пытаньням дэмакратыі. Сюды меўся прыехаць высокі прадстаўнік Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Але ў апошні момант урадавая партыя Ўкраіны вырашыла, што яму нельга ехаць у Тайпэй, бо гэта справакуе Кітай. Прадстаўнікі парлямэнтаў іншых эўрапейскіх краін без асаблівых праблем наведваюць Тайвань, але ў выпадку Ўкраіны гэты прымус спрацаваў.
  • Што тычыцца кітайска-расейскіх адносін, дык пытаньне ў тым, наколькі доўга Кітай гатовы будзе даваць Расеі падтрымку — фінансавую, выведную, вайсковую. Калі Кітай вырашыць, што ўжо досыць, ён мае вельмі шмат рычагоў уплыву на расейскае кіраўніцтва.
  • Гэта адна з прычын, чаму я лічу кепскай цяперашнюю эўрапейскую палітыку адносна Кітаю. Мы павінны былі б па-сапраўднаму ціснуць на Кітай, каб той прымусіў Расею спыніць вайну. Але мы гэтага ня робім.

Валеры Ніке, старшая дасьледчыца францускага Фонду стратэгічных дасьледаваньняў

  • Украіна яшчэ да прэзыдэнта Зяленскага была ў цэнтры ініцыятывы Кітаю «Пояс і шлях». У галасаваньнях у камісіі ААН па правах чалавека Ўкраіна не падтрымлівала рэзалюцыі наконт Сіньцзяну і парушэньня правоў уйгураў.
  • Расея адкрыта паводзіць сябе брутальна, і таму ў нейкім сэнсе яе лягчэй асудзіць, гэта чакана. Але тут казалі пра неабходнасьць размаўляць з Кітаем. Я лічу, што Кітай не адмовіцца ад падтрымкі Расеі. Для іх гэта важна, каб разьвязаць сабе рукі ў Ціхаакіянскім рэгіёне і з Тайванем. Поўная параза Расеі ў вайне — кашмарны сцэнар для Сі Цзіньпіна.
  • Пры гэтым паміж Расеяй і Кітаем шмат узаемных падазрэньняў. Урэшце, Сі Цзіньпін рос у атмасфэры, калі Савецкі Саюз быў галоўным ворагам КНР, і гэтак заставалася ажно да распаду СССР.
  • Кітай спрабуе спакусіць асобныя эўрапейскія краіны. Вядома ж, я гавару найперш пра Нямеччыну. Звычайна якраз Францыю абвінавачваюць у жаданьні ўскочыць у кітайскія абдымкі. Але гэтым разам я чула, што кіраўніцтва Францыі з падазрэньнем ставіцца да прапановаў наведаць Пэкін. У той жа час кіраўнік Нямеччыны пацьвердзіў такі візыт з удзелам бізнэс-лідэраў. І гэта крыху выглядае як вяртаньне да старых часоў, калі Эўразьвяз яшчэ ня меў абʼяднанай супольнай стратэгіі адносна Кітаю. Многія эўрапейскія краіны цяпер знаходзяцца пад вялікім эканамічным ціскам, і гэта прымушае іх ісьці на дадатковы кантакт з Кітаем.
  • Мы моцна залежым ад Кітаю, але Кітай таксама надзвычай залежыць ад нашых рынкаў. Асабліва ў цяперашняй сытуацыі, калі справы ў іх эканоміцы ідуць ня так добра. І мы павінны нагадваць нашым лідэрам, што Кітай мае патрэбу ў нас і што гэта дае нам інструмэнты ў перамовах з Кітаем.

Джон Гэрбст, старшы дырэктар Цэнтру Эўразіі ў Атлянтычнай радзе ЗША

  • Незвычайныя, хоць і не беспрэцэдэнтныя адносіны паміж Кітаем і Расеяй сёньня падтрымліваюцца агульнай варожасьцю да Злучаных Штатаў і да міжнароднага парадку, які мы дапамаглі стварыць разам з нашымі саюзьнікамі. За гэтым хаваецца больш фундамэнтальная, доўгатэрміновая канкурэнцыя, калі не варожасьць, паміж Кітаем і Расеяй.
  • За апошнія 75 гадоў мы бачылі іншы прыклад шчыльнага супрацоўніцтва, якое цягнулася прыкладна дзесяцігодзьдзе, а потым ператварылася ў сьмяротную канкурэнцыю. Я, вядома ж, гавару пра тое, што здарылася пасьля таго, як Мао Цзэдун стаў кіраўніком Кітаю ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя.
  • Я лічу, што гістарычныя разыходжаньні паміж гэтымі дзьвюма краінамі ня будуць схаванымі надта доўга. Цяпер яны схаваныя толькі праз ірацыянальную (і я ўжываю гэты прыметнік у дакладным сэнсе) апантанасьць Пуціна Ўкраінай і ўяўным амэрыканскім ворагам.
  • Нават падчас цяперашняй фазы шчыльных расейска-кітайскіх адносін у Кітаі ёсьць афіцыйныя асобы, журналісты, дасьледчыкі, якія гавораць пра расейскую тэрыторыю — напрыклад, пра Ўладзівасток, — як пра кітайскую. У Маскве ёсьць людзі, якія гэта разумеюць. Але яны ня могуць сапраўды казаць пра гэта, улічваючы панаваньне Пуціна ў палітычнай сыстэме.
  • Я лічу, што мы назіраем пачатак канца пуцінскага рэжыму з прычыны правалу агрэсіі супраць Ўкраіны. І я падазраю, што калі пуцінскаму рэжыму прыйдзе гамон, расейскае кіраўніцтва па-іншаму паглядзіць на свае стратэгічныя інтарэсы, і гэтае шчыльнае супрацоўніцтва паміж Масквой і Пэкінам будзе выкінутае на сьметнік гісторыі. Але на гэта можа спатрэбіцца пара дзесяцігодзьдзяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG