Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў назваў вайну ва Ўкраіне джыгадам


Рамзан Кадыраў (зьлева)
Рамзан Кадыраў (зьлева)

У выніку ўдару Ўзброеных сіл Украіны па будынку школы ў Херсонскай вобласьці, дзе разьмяшчаўся штаб расейскіх войскаў, загінулі каля 40 байцоў ваенізаваных фармаваньняў, зьвязаных з кіраўніком Чачэніі Рамзанам Кадыравым, і ня менш за 100 чалавек параненыя.

Аб гэтым напярэдадні паведамілі ўкраінскія і апазыцыйныя чачэнскія тэлеграм-каналы.

Генштаб УСУ ў сваёй вячэрняй зводцы ўдакладніў, што ўдар быў нанесены па школе ў сяле Каіры і ў выніку былі забітыя да 30 чалавек.

Паводле дадзеных тэлеграм-каналу апазыцыйнага чачэнскага руху 1ADAT, гэта байцы так званага «Нафтапалка» — палка паліцыі для аховы аб’ектаў нафтагазавага комплексу Упраўленьня пазаведамаснай аховы Расгвардыі па Чачэніі.

Апублікаванае відэа, у якое змантаваны фатаграфіі некаторых, як мяркуецца, загінулых, а таксама аўдыёзапіс, у якім адзін з тых, хто выжыў, сьцьвярджае, што ўдар быў нанесены амэрыканскай ракетай HIMARS.

Таксама апазыцыйныя чачэнскія каналы публікуюць скрыншоты паведамленьняў у сацыяльных сетках і ў мэсэнджарах аб удары па штабе і аб загіблых, пацьвердзіць сапраўднасьць якіх не ўяўляецца магчымым.

У сераду паводле інфармацыі Генштабу УСУ, у выніку ўдараў артылерыі ў населеным пункце Новаіванаўка Луганскай вобласьці быў зьнішчаны расейскі склад боепрыпасаў і забіта больш за 10 байцоў з Чачэніі.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў адрэагаваў на гэтыя паведамленьні двума галасавымі зваротамі ў сваім тэлеграм-канале. У першым ён заклікаў называць «спэцапэрацыю» ва Ўкраіне вайной, таму што, на ягоную думку, баявыя дзеяньні ўжо ідуць на тэрыторыі Расеі. Ён таксама выказаў незадаволенасьць «слабымі адказамі» арміі на абстрэлы расейскіх рэгіёнаў, прапанаваўшы «сьціраць зь зямлі» ўкраінскія гарады.

Пры гэтым Кадыраў нічога не казаў пра гібель чачэнскіх вайскоўцаў.

Празь некалькі гадзін у другім галасавым паведамленьні Кадыраў назваў уварваньне ва Ўкраіну «вайной паміж сатанізмам і хрысьціянамі-мусульманамі» і заклікаў іх аб’яднацца. Гэта джыгад, сказаў кіраўнік Чачэніі і дадаў, што «чачэнскія камандзіры прынялі рашэньне не абараняцца, а толькі нападаць». Ён таксама прапанаваў адправіць на вайну ва Ўкраіну 300-400 тысяч жыхароў рэспублікі — гэта прыкладна чвэрць яе насельніцтва.

Адам Асмаеў, адзін з камандзіраў добраахвотніцкага чачэнскага батальёну імя Джахара Дудаева, які ваюе за Ўкраіну, у камэнтары «Кавказ. Реалии» заявіў, што чачэнская Расгвардыя ў асноўным выкарыстоўваецца ў якасьці загараджальных атрадаў, якія стрымліваюць адыходзячых з поля бою вайскоўцаў Міністэрства абароны, і для прадухіленьня пераходу іх на бок Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG