У выстаўленым Карнышову абвінавачаньні сказана, што ён разьмясціў пост у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з нэгатыўнай ацэнкай «групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце прыналежнасьці да нацыянальнасьці "ўкраінцы"». Як паведамляюць «Сибирь.Реалии», сам пост ужо выдалены, яго зьмест не раскрываецца.
Летась Мікалая Карнышова ўжо штрафавалі на 10 тысяч рублёў за абразу паводле нацыянальнай прыкметы, а ў верасьні сёлета суд у Омску прысудзіў яго да двух гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на адзін год, прызнаўшы вінаватым ва ўзбуджэньні нянавісьці да жанчын – таксама праз пост у сацсетцы «ВКонтакте».
У кастрычніку Карнышоў быў унесены ў рэестр экстрэмістаў і тэрарыстаў.
Крымінальная справа супраць Мікалая Карнышова – першая з пачатку вайны, зьвязаная з узбуджэньнем нянавісьці да ўкраінцаў, пры тым, што многія прадстаўнікі расейскай улады, пракрамлёўскія журналісты і блогеры рэгулярна дазваляюць сабе падобныя выказваньні. Напрыклад, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў публічна заклікалі «сьціраць зь зямлі» ўкраінскія гарады.
Днямі кіраўніца расейскага дзяржаўнага тэлеканалу RT Маргарыта Сіманьян заявіла, што канал «спыняе супрацоўніцтва» з дырэктарам вяшчаньня на расейскай мове Антонам Красоўскім пасьля ягоных слоў аб украінскіх дзецях.
20 кастрычніка ў эфіры аўтарскай праграмы Красоўскага на RT вядоўца, размаўляючы зь пісьменьнікам Сяргеем Лук’яненкам, які таксама падтрымлівае вайну супраць Украіны, заявіў, што ўкраінскіх дзяцей, якія лічаць, што тэрыторыя Ўкраіны акупаваная Расеяй, трэба тапіць у рацэ або спальваць жыўцом. Таксама ён заклікаў расстрэльваць украінцаў.
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў усе краіны сьвету забараніць вяшчаньне RT, абвінаваціўшы Красоўскага ў закліках да генацыду.