Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер прыбыў у Кіеў зь неабвешчаным візытам


Франк-Вальтэр Штайнмаер
Франк-Вальтэр Штайнмаер

Фота прэзыдэнта на вакзале ўкраінскай сталіцы апублікавала ў Twitter ягоная прэс-сакратарка Керстын Гамэлін.

«Наша салідарнасьць непарушная і такой застанецца. Фэдэральны прэзыдэнт Штайнмаер прыбыў ва Ўкраіну», — напісала Гамэлін.

Гэта першы візыт Штайнмаера ва Ўкраіну ад пачатку паўнамаштабнай вайны.

У красавіку 2022 году ўкраінскія ўлады адхілілі візыт прэзыдэнта Нямеччыны за ягоныя сувязі з Расеяй. Тады Штайнмаер меў намер наведаць Кіеў разам з прэзыдэнтамі Польшчы і краін Балтыі. Сам палітык асудзіў агрэсію Крамля з моманту паўнамаштабнага ўварваньня Расеі і заклікаў прыцягнуць Пуціна і яго атачэньне да адказнасьці.

Рашэньне Офісу прэзыдэнта Ўкраіны ў красавіку выклікала абурэньне ва ўрадзе Нямеччыны. Канцлер Оляф Шольц тады заявіў, што ня будзе наведваць Украіну пасьля рашучай адмовы Кіева прымаць Штайнмаера. Аднак ужо ў траўні Зяленскі і Штайнмаер правялі тэлефонную размову, падчас якой бакі «дамовіліся пакінуць мінулае ззаду і сканцэнтравацца на будучым супрацоўніцтве».

Прыезд Штайнмаера мусіў адбыцца яшчэ 20 кастрычніка, але быў адкладзены зь «меркаваньняў бясьпекі». Але ў той дзень у Кіеў прыбыў прэзыдэнт Швайцарыі.

Пасьля ўварваньня 24 лютага прэзыдэнт Нямеччыны заявіў, што памыляўся ў сваіх палітычных ацэнках, у прыватнасьці ён назваў памылкай тое, што падтрымліваў будаўніцтва газаправода «Паўночны паток – 2».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG