Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы пераможам, і кропка». Беларуска расказвае, што цяпер адбываецца ў Ірпяні


Дом у Ірпяні, кастрычнік 2022
Дом у Ірпяні, кастрычнік 2022

Беларуска Настасься расказвае, што адбываецца ў Ірпяні гэтымі днямі, як яна сябе адчувае і што яе падтрымлівае.

«Людзі даведваюцца адзін пра аднаго па ліхтарах і шуме»

Настасься кажа, што адчувае сябе нармальна, бо ўжо выпрацаваўся імунітэт да дрэнных навін.

«Ва Ўкраіне і ў Беларусі за апошні тыдзень багата дрэнных навін. Мы зь сябрамі нават кажам адно адному: „Сумна ад паганых навін, але ад якіх канкрэтна? Бо іх вельмі шмат!“ За мінулы тыдзень ва Ўкраіне пашкодзілі 30% электрастанцый. Кожную раніцу прачынаесься і чытаеш навіны пра выбухі ў Віньніцы, Хмяльніцкім, Кіеве, Белай Царкве і іншых гарадах».

Дзяўчына дадае, што трывогі сталі гучаць часьцей і цягнуцца больш.

«Гэта ўсё зьвязана з новай зброяй, якую выкарыстоўвае Расея, ужо вядомыя дроны-камікадзэ. Але кожны дзень Украіна здабывае веды, як зьнішчаць гэтую зброю. Я цяпер у Ірпяні, а так мой горад — Адэса. У першыя дні выкарыстаньня дронаў-камікадзэ ўвесь горад гудзеў ад бэнзінавых і дызэльных генэратараў».

Першыя некалькі дзён пасьля пасьля пачатку новых абстрэлаў зьнікала электрычнасьць, кажа Настасься.

«Учора ажно паўдня не было электрычнасьці. Дзяржава і розныя СМІ прасоўваюць думку, што трэба берагчы сьвятло, каб не было адключэньняў, таму ў гадзіны пік, з 17-й да 22-й, просяць вельмі ашчаджаць сьвятло, гэта трансьлюецца з кожнага куточка».

Фота з уласнага архіву Настасьсі
Фота з уласнага архіву Настасьсі

«Ноччу ў горадзе выключаюць сьвятло, няма ліхтароў, не працуе ніякае падсьвятленьне. І горад выглядае менавіта так. Людзі ходзяць і даведваюцца адзін пра аднаго па ліхтарах і шуме».

«Мяне падтрымліваюць спорт, здаровая ежа, гурт РСП і здымачкі сабакі зь Беларусі»

Таксама дзяўчына заўважае вялікую розьніцу з тым часам, калі вайна толькі пачалася.

«У маральным пляне розьніца паміж лютым і сёньня дужа вялікая. Трэба ўлічваць баявы дух украінцаў, які складаецца з пары словаў: „Мы пераможам, і кропка“. І гэта ўсё, вядома, падбадзёрвае. Сёньня мне дапамагае трымацца ўкраінскі дух, сьмеласьць — гэта іх брэнд. Яшчэ мяне падтрымліваюць спорт, здаровая ежа, гурт РСП і здымачкі сабакі зь Беларусі».

«Я яшчэ не сустракала ніводнага ўкраінца, які б ставіўся да мяне дрэнна з прычыны ідэнтычнасьці»

Дзяўчына заўважае, што за ўвесь час, што яна ва Ўкраіне, ніводнага разу не сустракала дрэннага стаўленьня ці нянавісьці праз тое, што яна беларуска.

«Я шмат размаўляю на ўкраінскай мове, таму калі ўкраінцы даведваюцца, што я зь Беларусі, гэта выклікае толькі павагу. У сваёй камунікацыі я заўжды падкрэсьліваю, што народ Беларусі з Украінай, а тое, што цяпер адбываецца, — вынік выбудаванай сыстэмы дыктатуры. На сёньня я яшчэ не сустракала ніводнага ўкраінца, які б ставіўся да мяне дрэнна з прычыны ідэнтычнасьці».

Цяпер Настасься чакае рашэньня наконт дазволу на жыхарства ва Ўкраіне.

«Я ня маю рамантычных спадзяваньняў. Калі не атрымаецца, то ўбудуем гэта ў сваё жыцьцё і будзем рухацца далей!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG