Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі сілавога блёку, алігархі, прапагандысты і Галіна Лукашэнка. Супраць каго яшчэ Ўкраіна ўвяла санкцыі


На абвяшчэньні вынікаў рэфэрэндуму ў лютым 2022, у першым шэрагу зьлева направа: кіраўнік КДБ Іван Тэртэль, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, міністар абароны Віктар Хрэнін
На абвяшчэньні вынікаў рэфэрэндуму ў лютым 2022, у першым шэрагу зьлева направа: кіраўнік КДБ Іван Тэртэль, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, міністар абароны Віктар Хрэнін

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб увядзеньні пэрсанальных санкцый супраць шэрагу фізычных і юрыдычных асоб Беларусі.

У сьпісе — міністар абароны Віктар Хрэнін, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, генэральны пракурор Андрэй Швед, міністар унутраных спраў Іван Кубракоў, кіраўнік КДБ Іван Тэртэль, кіраўнік Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.

Пад украінскія санкцыі трапілі прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, дырэктар Цэнтру сучасных сацыяльных тэхналёгій Сяргей Лушч.

Апроч таго, у санкцыйны сьпіс уключаныя кіраўнікі прадпрыемстваў, якія працуюць у вайскова-прамысловым комплексе, у тым ліку Менскага заводу колавых цягачоў, практычна ўсё кіраўніцтва Міністэрства абароны, камандуючыя войскаў, вайсковых аэрадромаў, зь якіх ажыцьцяўляліся атакі на Ўкраіну, а таксама гомельскае абласное кіраўніцтва.

Асобна ў сьпісе пазначаныя бізнэсоўцы, набліжаныя да Аляксандра ЛукашэнкіАляксандар Шакуцін, Аляксей Алексін, Аляксандар Зайцаў і Мікалай Варабей. Усе яны да вайны мелі свае прадпрыемствы ва Ўкраіне і зараблялі на пастаўках нафтапрадуктаў, бітуму і будаўнічых матэрыялаў.

Разам зь імі пад санкцыі трапіла Галіна Лукашэнка, жонка Аляксандра Лукашэнкі, але самога яго ў санкцыйным сьпісе няма.

Сярод прадпрыемстваў — «Белнафтахім», «Нафтан», Мазырскі НПЗ, «Гродна Азот», Беларускі банк разьвіцьця і рэканструкцыі «Белінвестбанк», Банк «Дабрабыт», «Беларусбанк» і іншыя прадпрыемствы.

Згодна з рашэньнем, усе іхныя актывы будуць заблякаваныя. Зь імі і іхнымі прадпрыемствамі забаронена праводзіць фінансавыя і гандлёвыя апэрацыі, забаронена таксама выводзіць іхныя капіталы з Украіны. Урад Украіны скасуе ўсе выдадзеныя раней ліцэнзіі і дазволы і забароніць удзельнічаць у прыватызацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG