Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі судзяць пэнсіянэра з псыхічным захворваньнем. Ён дасылаў тэлеканалу «Белсат» sms з кнопачнага тэлефона


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гомельскі абласны суд разглядае крымінальную справу ў дачыненьні да 62-гадовага Ф. Ён дасылаў sms з кнопачнага тэлефона ў тэлеканал «Белсат». Гэта расцанілі як «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Пэнсіянэру, які мае псыхічнае захворваньне, пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Міліцыя затрымала Ф. за тое, што ён даслаў 160 sms са свайго тэлефона на польскі нумар тэлеканалу «Белсат». Ён пісаў пра перамяшчэньні расейскіх вайскоўцаў па Гомлі і ўзьлёты расейскіх самалётаў з Гомля і ваколіц.

На судзе пэнсіянэр цалкам прызнаў віну і раскаяўся. Ён заявіў, што ня ведаў пра тое, што «Белсат» — экстрэмісцкае фармаваньне. Нумар тэлефона ён убачыў на Youtube па тэлевізары, які падключаецца да інтэрнэту. Пазьней тэлевізар быў забраны як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

Крыніца, знаёмая з сытуацыяй, паведаміла Свабодзе, што ў Ф. ёсьць псыхічнае захворваньне, яно невылечнае. Дыягназ быў выстаўлены яшчэ ў савецкі час, у 80-я гады. Пасьля пераезду на іншае месца жыхарства Ф. не зьвяртаўся да лекараў.

«Цяпер судзьдзя і пракурор ня ведаюць, што зь ім рабіць. Бо на судзе высьветлілася, што яго яшчэ ў 80-х прызналі неадэкватным, такім, хто не адказвае за свае ўчынкі, доўга лячылі ў псыхіятрычным стацыянары. Цяпер жа экспэртыза прызнала яго адэкватным. І толькі дакумэнты са шпіталя спынілі працэс, бо ўжо меўся быць прысуд», — патлумачыла крыніца.

На судзе дапыталі экспэрта. Яна пацьвердзіла, што захворваньне невылечнае, можа быць толькі рэмісія. Цяпер Ф. накіроўваюць на новую судовую экспэртызу.

«Апроч псыхіятрычнага дыягназу, у яго праблемы зь фізычным здароўем. У яго выразалі грыжу, ён ня можа сядзець, толькі ляжаць ці стаяць, ёсьць іншыя праблемы. А чалавека трымаюць у СІЗА», — дадала крыніца.

Летась у лістападзе ў Гомлі судзілі 35-гадовага Юрыя Прахарэнку. Яго судзілі за камэнтары ў Telegram, якія сьледзтва палічыла «абразамі службовых асобаў».

Пасьля затрыманьня і арышту Прахарэнка атрымаў псыхічны разлад. Ён страціў, па словах таты, 35 кіляграмаў вагі.

Прахарэнку абвінавацілі ў «абразе прэзыдэнта, міліцыянтаў, судзьдзяў, дэпутата». Усяго ў справе 23 пацярпелыя, у тым ліку Лукашэнка.

Сам Юры на судзе не прысутнічаў. Экспэртыза паказала, што на фоне затрыманьня і пабіцьця ў жніўні 2020 году, а таксама крымінальнага перасьледу і зьмяшчэньня ў турму ў яго разьвіўся псыхічны разлад. Яго інтарэсы на судзе прадстаўляў бацька.

Суд пастанавіў адправіць Прахарэнку на псыхіятрычнае лячэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG