Рэжысэрка кажа, што не атрымала позвы, бо мае сталы побыт за мяжой і адпаведны пашпарт сэрыі РР, таму позву няма куды дасылаць. Таксама стала вядома, што галоўны герой фільму гісторык Васіль Герасімчык пакінуў Беларусь у сувязі зь перасьледам з боку сілавікоў.
Вольга Швед, сцэнарыстка і рэжысэрка фільму «Каліноўскі», расказвае, што літаральна пасьля выхаду на «Белсаце» стужкі Сьледчы камітэт распачаў супраць яе крымінальную справу паводле арт. 130 КК («Распальваньне нацыянальнай варажнечы»).
«Каліноўскі казаў: «Тады толькі зажывеш шчасьліва, народзе, калі маскаля над табой ня будзе». Тут абраза і Крамля, і ўсходніх суседзяў. Асабліва калі ідзе вайна ва Ўкраіне і рэвалюцыя ў 2020 годзе была здушаная пры ўдзеле Пуціна і па сцэнары паўстаньня 1863 году. Фільм атрымаўся надзвычай актуальны, таму СК ніяк міма ня мог прайсьці», — пракамэнтавала «Белсату» сваю крымінальную справу Вольга Швед.