Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьцілі вынікі псэўдарэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны


Галасаваньне ў Данецку
Галасаваньне ў Данецку

Прарасейскія выбарчыя камісіі на акупаваных украінскіх тэрыторыях абвясьцілі вынікі так званых рэфэрэндумаў, якія завяршыліся ў 27 верасьня ўвечары.

Па дадзеных ЦВК, у Данецкай вобласьці за яе ўваходжаньне ў склад Расеі прагаласавалі 99,23 працэнта ад колькасьці тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі, у Луганскай — 98,42%, у Запароскай — 93,11%, у Херсонскай — 87,05%.

За некалькі гадзін да заканчэньня галасаваньня намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў напісаў у Telegram:

«Рэфэрэндумы завяршыліся. Вынікі відавочныя. Сардэчна запрашаем дадому, у Расею!».

Пытаньне аб уваходжаньні акупаваных украінскіх тэрыторый у склад Расеі, як мяркуецца, будзе разгледжана на паседжаньні Савету Фэдэрацыі, якое прызначана на 4 кастрычніка. Пры гэтым кіраўнік так званай «Луганскай народнай рэспублікі» Леанід Пасечнік выступіў з заявай, у якой папрасіў Уладзіміра Пуціна прыняць вобласьць у склад РФ ужо 28 верасьня.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН заявіў, што «фарс на акупаваных тэрыторыях нельга назваць нават імітацыяй рэфэрэндумаў» і што ўкраінскае войска ні пры якіх абставінах не адмовіцца ад плянаў вызваленьня земляў.

Асобна ён падкрэсьліў, што калі Расея прызнае вынікі рэфэрэндумаў, то яму з Пуціным «больш ня будзе пра што размаўляць».

Краіны Захаду неаднаразова папярэджвалі аб тым, што вынікі праведзеных Расеяй рэфэрэндумаў прызнаныя ня будуць.

У аўторак Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што «Ўкраіна мае абсалютнае права на абарону ўсёй сваёй тэрыторыі, у тым ліку — на вяртаньне зямель, якія былі незаконна захопленыя тым ці іншым чынам Расеяй».

Таксама Блінкен паўтарыў словы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна аб тым, што за правядзеньне так званых рэфэрэндумаў супраць Расеі будуць уведзены дадатковыя жорсткія санкцыі.

• Псэўдарэфэрэндумы аб уваходжаньні ў склад Расеі праходзілі на акупаваных тэрыторыях Украіны («ДНР», «ЛНР» і часткі Херсонскай і Запароскай абласьцей) з 23 па 27 верасьня. Галасаваньне праводзілася ў рэгіёнах, якія знаходзяцца пад вайсковым кіраваньнем, і адкуль ад вайны і расейскай акупацыі ўцяклі сотні тысяч украінскіх грамадзян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG