Абмежаваньні закранулі яшчэ 92 расейскія і ўкраінскія фізычныя і юрыдычныя асобы, у тым ліку — дзяржпрадпрыемства РФ па вырабу каштоўных папераў «Гознак» і чатырох мільярдэраў.
«Расейскі рэжым арганізаваў гэтыя фіктыўныя рэфэрэндумы ў адчайнай спробе захапіць украінскую зямлю і апраўдаць сваю незаконную вайну. Гэты працэс адлюстроўвае расейскі падыход у Крыме ў 2014 годзе, які спалучае дэзынфармацыю, запалохваньне і сфальсыфікаваныя вынікі», — заявіў брытанскі ўрад.
Частка тых, хто трапіў пад новыя санкцыі, мае дачыненьне да арганізацыі псэўдарэфэрэндумаў, частка падтрымлівае расейскае ўварваньне арганізацыйна або фінансава, — адзначае ўрад Вялікай Брытаніі.
Напрыклад, кампанія «Гознак» друкавала дакумэнты, у тым ліку — расейскія пашпарты, якія раздаюць жыхарам акупаваных тэрыторыяў, якія дэ юрэ зьяўляюцца грамадзянам Украіны. PR-агенцтва «ІМА-кансалтынг» выконвала дзяржзамову на рэкляму незаконных рэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях і ў Расеі.
Акрамя таго ў новым сьпісе — саўладальнікі кампаніі «Кіеўская плошча» Год Нісанаў і Зарах Іліеў, кіраўнік Уральскай горна-металюргічнай кампаніі Іскандэр Махмудаў і дзеяч нафтагазавай галіны, мільярдэр Ігар Макараў.
Пад новыя санкцыі таксама трапілі 55 чальцоў праўленьняў «Сбербанка», «Газпромбанка» і «Совкомбанка», а таксама чыноўнікі, якія працуюць у акупацыйных адміністрацыях.