ЗША вітаюць вызваленьне некалькіх палітвязьняў у Беларусі, у тым ліку карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча, заявіў у нядзелю ўвечары афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Нэд Прайс.
«Хаця вызваленьне палітычных зьняволеных зьяўляецца крокам у правільным кірунку, за кратамі ў Беларусі застаецца занадта шмат палітвязьняў. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных», — адзначаецца ў афіцыйнай заяве Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША, распаўсюджанай у нядзелю 25 верасьня.
На працягу апошніх дзён, раней за сканчэньне вызначанага тэрміну, выйшлі на волю некалькі палітвязьняў. Правабаронцам дакладна вядома, што некаторых зь іх вызвалілі праз працэдуру памілаваньня.
Раней, на адной з нарадаў Аляксандар Лукашэнка прапанаваў разгледзець праект амністыі для зьняволеных да Дня народнага адзінства, дадаўшы, што «яна дапушчальная толькі ў адносінах да тых, хто рэальна гэтага заслугоўвае». Генпракурор Андрэй Швед заявіў, што пад амністыю можа падпасьці ад 8 тысяч вязьняў. Аднак законапраект аб амністыі пакуль не паступіў у Палату прадстаўнікоў.