Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У бізнэсе мяне не прызнáюць экстрэмісткай». Тацяна Зарэцкая аб працы ў Аб’яднаным кабінэце, грашах для перамогі і беларускай мове


Тацяна Зарэцкая
Тацяна Зарэцкая

28-гадовая беларуская мільянэрка, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў фінансах і эканоміцы, заснавальніца кампаніі Laava Tech Тацяна Зарэцкая дала вялікае інтэрвію Свабодзе Premium.

Пагаварылі пра тое, якой будзе яе асноўная задача ў кабінэце, ці працуюць у беларускай палітыцы законы бізнэсу, ці падтрымаў бізнэс мірную рэвалюцыю 2020 году і наколькі вялікія шанцы ў дэмакратычных сілаў на перамогу.

Тацяна Зарэцкая нарадзілася і вырасла ў Менску, у мікрараёне Чыжоўка, скончыла гімназію імя Францішка Скарыны. Вучылася на факультэце міжнародных адносін БДУ, скончыла Талінскі тэхнічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права». У 2017 годзе яе каманда перамагла на конкурсе стартапаў. Кампанія Laava Tech распрацоўвае разумныя сыстэмы асьвятленьня для цяпліц. Тут стварылі альгарытмы кіраваньня лямпамі, якія дазваляюць у разы зьменшыць выдаткі на электрычнасьць. Тацяна Зарэцкая заснавала кампанію Meliora, якая займаецца аналітыкай рэсурсаў, што ачышчаюць атмасфэру ад вуглякіслага газу або эквівалентных забруджвальнікаў. У сакавіку 2020 году Тацяна Зарэцкая трапіла ў сьпіс Forbes 30 Under 30. Таксама яна ўваходзіць у сьпіс MIT Innovator 35U35 выданьня MIT Technology Review.

Сьцісла

  • У бізнэсе мяне не прызнáюць экстрэмісткай, і мае блізкія ня будуць у небясьпецы.
  • Мне не давядзецца нічым ахвяраваць. Гэта нармальная практыка, напрыклад у ЗША, калі ў палітыку ідуць людзі, якія маюць па некалькі бізнэсаў, і гэта ніяк не адбіваецца на якасьці бізнэсу і іхнага асабістага жыцьця.
  • Каманды, у якіх прысутнічае аднолькавая колькасьць мужчын і жанчын, даюць значна лепшыя вынікі, чым чыста мужчынскія каманды. Магу сказаць, што апошняя пазыцыя ў кабінэце таксама будзе жаночая.
  • Я б не ўзялася за гэтую працу, каб ня бачыла пазытыўнай будучыні нават не ў доўгатэрміновай, а ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. У нас ёсьць добры шанец пабудаваць дэмакратычную Беларусь.
  • Беларускі бізнэс адназначна падтрымаў рэвалюцыю 2020 году. І мы гаворым не пра дзясяткі і не пра сотні тысяч эўра, а пра абсалютна іншыя сумы.


«Задача-мінімум — каб кабінэт мог пратрымацца наступныя 6 месяцаў»

— Тацяна, якімі былі, будуць вашы крокі, прапановы ў Абʼяднаным пераходным кабінэце? Задача-мінімум і задача-максымум.

— Задача-мінімум — падтрымаць жыцьцядзейнасьць кабінэту, забясьпечыць усіх прадстаўнікоў кабінэту дастатковымі фінансамі і падтрымкай ад нашых партнэраў, каб кабінэт мог пратрымацца наступныя 6 месяцаў і ўсе прадстаўнікі маглі выканаць усе свае задачы.

Задача-максымум — забясьпечыць эканамічную праграму на пераходны пэрыяд, забясьпечыць фінансы і дастатковую колькасьць партнэраў для пераходнага пэрыяду, каб новай дэмакратычнай Беларусі не даводзілася пачынаць з нуля і ўжо была падушка бясьпекі, зь якой можна было б працаваць.

— І ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве, і ў офісе Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць прадстаўнікі ў справе эканомікі, эканамічных рэформаў. Ці будзе ўключаная іхная праца, ці вы будзеце пачынаць з чыстага аркуша?

— Усё будзе ўключана, я актыўна кантактую з усімі, хто да гэтага працаваў — і з кабінэтам, і з офісам. Гэта і BEROC (незалежны акадэмічны дасьледчы цэнтар у галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі. — РС), і ABBA (Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой. — РС), і асобныя прадстаўнікі, якія актыўна займаліся гэтай сфэрай цягам апошніх двух гадоў і да гэтага. Мы хочам сабраць усіх разам пад адзін парасон і стаць як перад нашымі міжнароднымі партнэрамі, так і перад Беларусьсю адным цэлым.

— Як вы ўвайшлі ў кабінэт? Я так разумею, што раней вы прапаноўвалі свой досьвед, свае кампэтэнцыі офісу Ціханоўскай, але чамусьці яны аказаліся незапатрабаванымі. Што адбылося цяпер — вы самі вылучылі сваю кандыдатуру ці вас запрасілі?

Тацяна Зарэцкая
Тацяна Зарэцкая

— Наколькі я ведаю, мяне прапанаваў нехта з удзельнікаў BEROC. Гэта адзін з самых моцных эканамічных цэнтраў у Беларусі, які займаецца дасьледаваньнямі ўжо працяглы час. Я так разумею, што мае кампэтэнцыі падышлі пад працу кабінэту. Я прапаноўвала сваю кандыдатуру раней, паўтара-два гады таму. Цяпер я папрацавала ўнутры каля тыдня і разумею, што, хутчэй за ўсё, на той момант у офісе не было рэсурсаў. Я не кажу пра фінансавыя, а хутчэй пра чалавечыя рэсурсы, каб узяць мяне ў працу. Прыцягненьне любога новага чалавека патрабуе чалавечага рэсурсу на навучаньне, сустрэчы, знаёмства і гэтак далей.

Я бачу, што многія людзі працуюць у офісе літаральна 24/7, гэта нерэальная колькасьць сустрэч і задач. Я шчыра не ўяўляю, колькі ўнутранай сілы спатрэбілася, каб у такім тэмпе працаваць апошнія два гады, улічваючы, што на дадзены момант гэта ня моцна кампэнсуецца.

«У мяне не было ніякіх умоваў, адзінае патрабаваньне — каб мы працавалі як каманда»

— Якая была ваша ўмова ўваходу ў кабінэт? А якая была ўмова тых, хто ўжо ў кабінэце?

— У мяне не было ніякіх умоваў, я не выстаўляла ніякіх патрабаваньняў. Маё адзінае патрабаваньне — каб мы працавалі як каманда, каб у нас лепей праходзіў абмен інфармацыяй, каб мы вучыліся адзін аднаго слухаць і прыцягваць як мага больш людзей для працы з кабінэтам. За іншых прадстаўнікоў кабінэту я гаварыць не магу.

— Вы сказалі ў адным з інтэрвію, што працуеце ў пераходным кабінэце на валянтэрскіх асновах. Якую частку вашага жыцьця зойме гэтая праца? Чым давядзецца ахвяраваць? Я так разумею, што бізнэсам.

Тацяна Зарэцкая
Тацяна Зарэцкая

— Мне не давядзецца нічым ахвяраваць. Гэта нармальная практыка ў розных краінах, напрыклад у ЗША, калі ў палітыку ідуць людзі, якія ўжо адбыліся, якія маюць па некалькі бізнэсаў і іншых праектаў. Гэта ніяк не адбіваецца на якасьці бізнэсу і іхнага асабістага жыцьця. Гэта хутчэй пра тое, як ты ўмееш выбудоўваць свой тайм-мэнэджмэнт. Так, я цяпер працую на валянтэрскіх асновах, але гэта так ня будзе заставацца. Мая найпершая задача — прыцягнуць фінансаваньне для іншых удзельнікаў кабінэту, але і сябе я пляную забясьпечваць заработнай платай. Любая праца павінна кампэнсавацца. Гэта мая асабістая пазыцыя цягам усяго майго жыцьця.

Каб прыцягнуць добрых спэцыялістаў, трэба будзе плаціць ім добры заробак. Мы, вядома, можам зь вельмі ўрэзаным бюджэтам працаваць, але гэта будзе азначаць, што з намі будуць працаваць толькі тыя, каму ня трэба забясьпечваць сямʼю, плаціць рахункі за кватэру, купляць сабе ежу. А гэта вельмі абмежаванае кола людзей.

— Як вам здаецца, наколькі законы бізнэсу дзейнічаюць у той сфэры, у якую вы прыйшлі? Клясычнай палітыкай гэта таксама назваць цяжка. Уявіце, што зараз улады ў Беларусі вас могуць «экстрэмісткай» назваць, могуць быць пэўныя небясьпекі для вашых родных, якія засталіся ў Беларусі. І ўсё гэта не клясычная эўрапейская ці амэрыканская палітыка.

— Так. Гэта ўсё роўна застаецца палітыкай у нетыповым уяўленьні. Тыя пытаньні, якія вы паднялі, не рэлевантныя для законаў бізнэсу. У бізнэсе мяне не прызнáюць экстрэмісткай, і мае блізкія ня будуць у небясьпецы. Законы бізнэсу адназначна можна прымяніць, калі мы гаворым у кантэксьце мэнэджмэнту, працы з камандай, плянаваньня бюджэту, мэтаў і задачаў, справаздачнасьці і працы на канкрэтныя паказьнікі, а ня працы дзеля працы.

«Няма сэнсу весьці перамовы з тэрарыстамі»

— Наколькі важныя грошы для перамогі дэмакратыі ў Беларусі? Чаму ня варта саромецца гаварыць пра грошы? А калі прапагандысты будуць гаварыць аб праплачаных Захадам пратэстах і дэмакратычных сілах, ці варта адказваць, а калі адказваць, то як?

— Я ня бачу сэнсу ім адказваць, бо няма сэнсу весьці перамовы з тэрарыстамі. Калі яны гавораць пра тое, што нешта праплачваецца... Я перакананая, што дзяржаўныя мэдыя атрымліваюць заробкі і бонусы значна большыя, чым незалежныя СМІ, якія ня толькі недаатрымліваюць у фінансавым пляне, але яшчэ і павінны хвалявацца за бясьпеку сваю і сям’і. Незалежныя журналісты мелі столькі расходаў у сувязі зь пераездам, страцілі свой дом. Ня гэтым людзям казаць нам, што мы робім няслушна, тым больш што яны існуюць на падаткі беларускіх грамадзян і дзейнічаюць ня ў іхных інтарэсах, ствараючы яшчэ горшую сытуацыю ў Беларусі ў галіне фінансаў і эканомікі.

Каб вы разумелі, гадавы бюджэт адзінага беларускага дзяржаўнага каналу большы, чым ва ўсіх беларускіх дэмакратычных сіл разам узятых... Таму няма сэнсу зь імі абмяркоўваць гэта. Яны нашмат болей выкарыстоўваюць грошы, чым хто-небудзь у дэмакратычных сілах.

— На якія сфэры ў дэмакратычных сілах найбольш важна выдзеліць грошы? Якімі лічбамі можна апэраваць?

— Я працую ўсяго тыдзень, не магу сказаць канкрэтных лічбаў, таму што гэта будуць лічбы з галавы. Я магу сказаць, што гэта як падтрымка Кабінэту і Офісу, так і падтрымка беларускіх дэмакратычных мэдыя, прадстаўнікоў палітвязьняў, юрыстаў, нашых НДА, якія робяць велізарную працу ў абсалютна розных кірунках, і яна важная на абсалютна аднолькавым узроўні. Мы ня зможам стварыць дэмакратычныя сілы ці атрымаць перамогу і зьмяніць гэтыя ўлады, калі ня будзем дзейнічаць разам і калі будзем выбіраць тых, хто больш ці менш важны. Гэта павінна ісьці адзінай хваляй, а не асобнымі групамі.

«Я ўкладала і ўкладаю ўласныя сродкі і пляную рабіць гэта і далей, але мая задача — знайсьці нам іншыя лічбы»

— Ці будзеце вы ўкладаць (і ці ўкладалі раней) вашы ўласныя сродкі ў тое, каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя зьмены?

Падчас канфэрэнцыі ў Вільні
Падчас канфэрэнцыі ў Вільні

— Я ўкладала і ўкладаю, і пляную рабіць гэта і далей, але мая задача цяпер знайсьці нам іншыя лічбы ў кантэксьце фінансаваньня. І гэта ня толькі пра прыцягненьне фінансаў, а яшчэ пра тое, каб паказаць, што нашы партнэры сапраўды гатовыя працягваць з намі працаваць і разумеюць важнасьць усяго, што адбываецца ў Беларусі ў кантэксьце сусьветнай палітыкі, сусьветнай дэмакратыі, што мы маем сапраўды што прапанаваць як краіна, як супольнасьць, якая можа разьвівацца значна больш хутка і пасьпяхова, чым цяпер. Цяпер мы знаходзімся, у лепшым выпадку, у стагнацыі.

— Ці маглі б вы больш дэталёва расказаць, якія сродкі ў якія сфэры вы ўкладалі?

— Калі б я ня мела пазыцыі ў кабінэце, я была б рада гэта зрабіць, але гэта цяпер пытаньне бясьпекі — ня толькі маёй, а і тых арганізацый, зь якімі я супрацоўнічала.

«Беларускі бізнэс адназначна падтрымаў рэвалюцыю 2020 году»

— Як вы лічыце, чаму беларускі бізнэс сурʼёзна не падтрымаў мірнай рэвалюцыі? А калі б падтрымаў?

— Беларускі бізнэс адназначна падтрымаў рэвалюцыю 2020 году. Я кантактавала і цяпер кантактую зь вельмі многімі прадстаўнікамі бізнэсу. І мы гаворым не пра дзясяткі і не пра сотні тысяч эўра, а пра абсалютна іншыя сумы. Так, многія бізнэсы не былі гатовыя і ня будуць гатовыя да таго, каб рабіць гэта адкрыта, — з абсалютна розных прычын, але ўсе яны важныя.

Задача бізнэсу — займацца бізнэсам, а не палітыкай, і так павінна заставацца, калі мы сапраўды хочам пабудаваць новую краіну, а не рабіць тое, што цяпер робіць грамадзянін Лукашэнка, калі з кожнага бізнэсу і кожнага прадпрыемства спрабуе зрабіць скарбонку для ўласнага бюджэту. Бізнэс дапамагаў, дапамагае і плянуе дапамагаць і ў кароткатэрміновай, і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

— Той бізнэс, які знаходзіцца ў Беларусі?

— Давайце ня будзем так фармуляваць гэтае пытаньне. Мы самі разумеем, у якой сытуацыі цяпер знаходзіцца бізнэс у Беларусі. Падстаўляць іх яшчэ пад большы ўдар я ня бачу сэнсу. Бізнэс па-за межамі Беларусі — адназначна так.

«Гэта крывавыя грошы, і гэтая калябарацыя ня вартая таго»

— Я асьвятляла візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Бэрлін у ліпені, і адна зь яе сустрэчаў была з кіраўнікамі бізнэс-асацыяцыі Нямеччыны (Bundesverband der Deutschen Industrie), якая аб’ядноўвае каля 100 тысяч буйных кампаній. Калі б на той момант вы прадстаўлялі дэмакратычныя сілы на той сустрэчы, пра што б вы дамаўляліся, як бы вы яе скарысталі?

Тацяна Зарэцкая разам са Сьвятланай Ціханоўскай, Мікалаем Халезіным, Франакам Вячоркам
Тацяна Зарэцкая разам са Сьвятланай Ціханоўскай, Мікалаем Халезіным, Франакам Вячоркам

— Я б ні пра што зь імі не дамаўлялася, таму што гэта ўсё пра выбудоўваньне адносін. Гэта непрафэсійна і нахабна — прыходзіць на любую сустрэчу і найперш нешта прасіць ці пра нешта дамаўляцца. Спачатку нам варта паказаць сябе, што мы можам прапанаваць, што з намі сапраўды можна працаваць, што нам можна давяраць. Калі мы гаворым пра выбудоўваньне стасункаў, гэта ніколі не адбываецца за адну ці дзьве сустрэчы. Гэтым вельмі важна займацца і пачынаць займацца як мага раней. Гэта тое, што прыносіць вынікі менавіта ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, за кошт чаго можна выбудаваць абсалютна іншую мадэль дэмакратычнай дзяржавы, сапраўды дзяржавы.

Калі б я была там на той момант, то як мінімум абмянялася б кантактамі і пачала б наладжваць адносіны, трымаць іх у курсе нашага прагрэсу, таго, як мы бачым у будучыні нашае патэнцыйнае супрацоўніцтва.

— А калі гаварыць пра супрацу буйных нямецкіх прадпрыемстваў зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі Беларусі, зь бізнэсоўцамі, якіх называюць «гаманцамі Лукашэнкі», ці закраналі б вы гэты аспэкт на сустрэчы?

— Адназначна. І не ўваходзячы ў Кабінэт, я часта закранала гэты аспэкт у Эстоніі, калі мы праводзілі даволі вялікую тлумачальную працу з кампаніямі і зь дзяржавай, тлумачылі, чаму працаваць зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі Беларусі дрэнна, чаму гэта вельмі кепска для рэпутацыі ня толькі ў кантэксьце 2020 году... Тлумачылі, чаму гэта крывавыя грошы, чаму гэтая калябарацыя ня вартая таго і што прыпыненьне супрацоўніцтва на нейкі час прынясе ім у будучыні больш плённую супрацу, больш чыстыя грошы, чым проста бяздумны працяг працы.

«Рэвалюцыя як была, так і застаецца жаночай»

— У 2020–2021 гадах у заходніх СМІ беларускую рэвалюцыю часта называлі жаночай, з адпаведнымі назвамі здымалі дакумэнтальныя фільмы, выходзілі кнігі і навуковыя публікацыі. Ці была насамрэч жаночая рэвалюцыя ў Беларусі?

— Адназначна так. Яна такой застаецца. Нам значна больш складана падстаўляць пад небясьпеку сваіх блізкіх, і вельмі многія жанчыны стараюцца ня быць навідавоку. Скажам так, мужчыны ў гэтым больш зацікаўленыя. Ня ведаю, гэта добра ці дрэнна, але рэвалюцыя як была жаночай, так і застаецца жаночай. Нашы жанчыны робяць вельмі шмат, яны вельмі моцна ўцягнутыя ў працу і Офісу, і Кабінэту, і НДА, і асабліва мэдыя.

— У пераходным кабінэце, на чале якога Ціханоўская, два сілавікі, два дыпляматы, былыя дзяржаўныя службоўцы і вы — пасьпяховая прадпрымальніца, прадстаўніца маладзейшага пакаленьня. Аліна Коўшык, былая журналістка «Белсату», стала прадстаўніцай Аб’яднанага кабінэту ў справе нацыянальнага адраджэньня. Засталася яшчэ адна пазыцыя ў сацыяльных і гуманітарных пытаньнях. Ці важная для вас адэкватная гендэрная прапорцыя ў кабінэце?

— Для мяне гэта прынцыпова важна. Грунтуючыся на справаздачах і выніках розных дасьледаваньняў, я бачу, што каманды, у якіх прысутнічае аднолькавая колькасьць мужчын і жанчын, даюць значна лепшыя вынікі, чым чыста мужчынскія каманды. Магу сказаць, што апошняя пазыцыя ў кабінэце таксама будзе жаночая.

Ужо ёсьць кандыдатка на гэтую пазыцыю, так што неўзабаве пра гэта будуць навіны. Мне вельмі хацелася б, каб наша жаночая традыцыя працягвалася і каб на наступных выбарах прэзыдэнта ў нас было больш жаночых кандыдатур, якія можна было б падтрымліваць. Апошнія два гады паказалі, што жанчыны ўмеюць, могуць і хочуць спраўляцца з палітычнымі пазыцыямі і абавязкамі.

— Разумею, што вы ня можаце агучыць кандыдатуру, але хаця б намякнуць, хто гэта?

— Магу сказаць, што гэтая кандыдатура абрадуе многіх людзей, зь ёю многія знаёмая, многія працавалі. Я спадзяюся, што ў новай Беларусі ўдасца выбудаваць мадэль пасьпяховай дзяржавы, як Эстонія, Фінляндыя і іншыя краіны, дзе жанчыны ня толькі прадстаўляюць дзяржаву ў якасьці прэзыдэнта, але і займаюць пазыцыі прэм’ер-міністра, міністраў і сапраўды бяруць актыўны ўдзел у кіраваньні краінай.

— Для вас патрыярхат — гэта сынонім аўтакратыі, таталітарызму?

— Калі мы гаворым пра патрыярхат у кантэксьце, што мужчына не павінен плакаць, мусіць выконваць пэўныя абавязкі, павінен быць моцным і адзіным, хто ў доме мусіць працаваць, то адназначна так, у такім кантэксьце гэта сынонімы. Я веру, і мы можам гэта бачыць, што ў Беларусі адбываюцца пазытыўныя зьмены ў тым пляне, як выхоўваюцца нашы мужчыны, як яны паводзяць сябе дома. Усё ж у Беларусі больш нармальная сытуацыя цяпер, калі абое ў сям’і працуюць, абое выконваюць абавязкі па гаспадарцы, абое выхоўваюць дзяцей.

Канечне, ёсьць рэчы, якія моцна хацелася б зьмяніць. Гэта не мая сфэра дзейнасьці, бо я прадстаўляю фінансы і эканоміку. Але калі гаварыць як жанчына, то для мяне вельмі важная тэма хатняга гвалту і іншыя тэмы, зь якімі ў пляне заканадаўства, стаўленьня грамадзтва нам ёсьць куды імкнуцца.

«Офіс, дэмакратычныя сілы павінны дзейнічаць у рамках гендэрнай роўнасьці, базавых прынцыпаў»

— У свой час Офісу Сьвятланы Ціханоўскай прапаноўвалі, каб у яе была прадстаўніца ў пытаньнях гендэрнай роўнасьці. Так не атрымалася. Як вы мяркуеце, ці будзе ў камандах іншых прадстаўнікоў кабінэту чалавек, які за ўсе гэтыя пытаньні будзе адказваць?

— Гэта настолькі відавочныя тэмы, што нам не патрэбны чалавек, які будзе сачыць за тым, каб гэта выконвалася. Гэта павінна быць уключана ў працу кабінэту апрыёры. Кабінэт, Офіс, дэмакратычныя сілы павінны дзейнічаць у рамках гендэрнай роўнасьці, базавых прынцыпаў. Мне б не хацелася працаваць зь людзьмі, якім трэба тлумачыць, што біць жанчын дрэнна, што біць кагосьці дрэнна. Я спадзяюся, што гэта першапачаткова ўключана ў прынцыпы працы Кабінэту. Пакуль я бачу, што ў нас вельмі моцная ўзаемапавага з нашымі мужчынамі. Яны сапраўды ідуць у нагу з часам, у іх вельмі моцныя ўнутраныя прынцыпы. Думаю, што прынамсі ў Кабінэце ў нас з гэтым ня будзе ніякіх праблем.

«У хуткай будучыні я пачну больш актыўна пісаць і потым змагу размаўляць па-беларуску»

— Вы казалі, што выразна адчулі сябе беларускай у 2020 годзе. У адным з інтэрвію гаварылі, што нельга выкладаць міжнародныя адносіны па-расейску, трэба па-ангельску. А што зь беларускай мовай? Колькі часу спатрэбіцца, каб загаварыць публічна?

— Пра міжнародныя адносіны я гаварыла ў кантэксьце глябальных моваў. Большасьць перамоваў адбываецца па-ангельску, мова дыпляматыі цяпер хутчэй ангельская ці француская, чым нейкая іншая. Калі шчыра, калі я пляную кожнае інтэрвію, кожны запіс, то думаю, што цяпер буду гаварыць па-беларуску, але пакуль што мне не хапае сьмеласьці. Спадзяюся, што ў хуткай будучыні я пачну больш актыўна пісаць і потым змагу размаўляць. Я кожны раз праганяю свае адказы, тое, як бы я адказвала па-беларуску, але калі пачынаю гаварыць, яшчэ не магу пераадолець гэты бар’ер.

— На колькіх мовах вы гаворыце? Колькі моваў вы разумееце? На якіх чытаць можаце?

— Я разумею ўкраінскую і польскую мову. Любы беларускамоўны чалавек цудоўна разумее гэтыя дзьве мовы. Я свабодна валодаю ангельскай мовай, нямецкай, крыху эстонскай і крыху фінскай.

— Думаю, што вельмі хутка бар’ер у вас зьнікне і вы загаворыце па-беларуску.

— Вельмі спадзяюся. У нас у кабінэце большасьць беларускамоўная, практычна ўсе сустрэчы адбываюцца на беларускай мове, так што неўзабаве ў мяне не застанецца іншых варыянтаў.

— Ня так даўно рабіла інтэрвію з баскетбалісткай Кацярынай Сныцінай, якая казала, што калі яна бярэцца за справу, то настроеная на перамогу і будзе перамога. Калі і пры якіх умовах адбудзецца беларуская перамога? Бо вы ў гэтым удзельнічаеце, і вы — чалавек, які ведае, што такое перамога, як перамагаць, і калі ідзяце ў справу, то таксама настроеныя на перамогу.

— Адназначна. Я ніколі не бяруся за тую працу, дзе я ня думаю, што я змагу быць найлепшай і прынесьці найбольш сваёй экспэртызы і дасягнуць канкрэтнага выніку. Адназначна, я б не ўзялася за гэтую працу, каб я ня бачыла пазытыўнай будучыні нават ня ў доўгатэрміновай, а ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. У нас ёсьць добры шанец на тое, каб пабудаваць дэмакратычную Беларусь.

Мне падаецца вельмі важным, каб кожны браў адказнасьць за сябе на сябе. Каб нейкія групы людзей, людзі асабіста не перакладалі адказнасьць за перамогу, за зьмену сытуацыі на іншыя органы, іншых людзей. Калі кожны будзе рабіць усё, што ад яго залежыць, рабіць гэта бяз страху, то ў нас ёсьць вельмі моцны шанец. Нам падаюць выдатны прыклад усе нашы суграмадзяне, якія цяпер зьяўляюцца палітвязьнямі. Больш маральнага і моцнага прыкладу, чым яны, ніхто ня дасьць. Кожны мае рабіць усё, што ад яго залежыць, тады будзе ў нас вынік і мы зможам слушна яго ацаніць.

«Я вельмі спадзяюся, што мая пазыцыя ня будзе патрэбная праз 12 месяцаў»

— Як вы зрэагуеце, калі праз год працы сытуацыя не палепшыцца, хай і з самых аб’ектыўных прычын?

— Гэта цікавае пытаньне. Калі мы гаворым у кантэксьце гендэрнай роўнасьці, то ёсьць дасьледаваньне (з чым я часта сутыкалася апошнія тры гады), паводле якога жанчыне ў палітыцы і бізнэсе ўвесь час задаюць пытаньні ў нэгатыўным фармаце — чаму не атрымаецца, што будзе, калі не атрымаецца, што стаіць на вашым шляху. А мужчынам заўсёды задаюць пытаньні ў пазытыўным кантэксьце — калі ў вас атрымаецца, якія ў вас ёсьць навыкі, рэсурсы, каб у вас атрымалася, якія наступныя крокі пасьля таго, як атрымаецца. Таму мне вельмі хацелася б гаварыць у пазытыўным кантэксьце. Я думаю, што ў нас ёсьць усе шанцы, і думаю, што праз 12 месяцаў ужо зможам даць ацэнку ўсяму, што адбылося. Я вельмі спадзяюся, што мая пазыцыя ня будзе патрэбная праз 12 месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG