Макрон падчас размовы сказаў Пуціну, што асноўнай прычынай рызык на АЭС стала прысутнасьць там расейскіх узброеных сіл. Прэзыдэнт Францыі заклікаў расейскага прэзыдэнта адвесьці ўзброеныя сілы са станцыі і неадкладна спыніць баявыя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны.
У заяве Крамля гаворыцца, што лідэры дзьвюх краін выказалі гатоўнасьць да «непалітызаванага ўзаемадзеяньня» па пытаньні Запароскай АЭС з удзелам Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ).
Днём раней Макрон абмяркоўваў абстаноўку вакол Запароскай АЭС з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Эўрапейскія СМІ зьвяртаюць увагу, што перамовы Макрона з прэзыдэнтамі дзьвюх краін прайшлі на фоне паведамленьняў аб контрнаступленьні ўкраінскіх войскаў і вывадзе расейскага войска на паўночным усходзе Ўкраіны.
Запароская АЭС знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў. Масква і Кіеў абвінавачваюць адзін аднаго ў абстрэлах станцыі.
Сёньня раніцай стала вядома аб адключэньні апошняга з шасьці рэактараў станцыі. Праца АЭС цалкам спынена. Пра гэта паведаміў украінскі «Энэргаатам».
Прадстаўнікі прызначаных Масквой уладаў кажуць, што электрычнасьць у Энэргодар і найбліжэйшыя населеныя пункты паступае праз тэрыторыю Расеі.