Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП прадпрыемстваў, якія атручваюць жыцьцё беларусаў


Сьветлагорскі цэлюлёзны камбінат
Сьветлагорскі цэлюлёзны камбінат

Прамысловыя прадпрыемствы традыцыйна знаходзяцца сярод лідэраў у забруджваньні навакольнага асяродзьдзя ў Беларусі.

Экалягічная арганізацыя Экадом склала міні-падборку заводаў, якія асабліва вызначыліся ў гэтай справе цягам апошніх гадоў.

Сьветлагорскі цэлюлёзны камбінат

Прадпрыемства ў Сьветлагорску забясьпечвае поўны цыкл перапрацоўкі драўнянай сыравіны ў гафрыраваны кардон і кардонныя скрыні.

Яшчэ да пачатку будаўніцтва новага заводу беленай цэлюлёзы ў 2012 годзе засьцярогі выклікаў яго магчымы нэгатыўны ўплыў на экалёгію. Мясцовымі актывісты тады запусьцілі маштабны збор подпісаў супраць будаўніцтва заводу. Нягледзячы на вялікую для райцэнтру колькасьць подпісаў (больш за 10 тысяч), адэкватнай рэакцыі ад уладаў так і не зьявілася.

Неўзабаве пасьля запуску працы завода мясцовыя жыхары і жыхаркі зьвярнулі ўвагу на задушлівы пах, які нагадваў тухлую капусту. Паступалі скаргі на млоснасьць, пяршэньне ў горле, ваніты. Пазьней высьветлілася, што крыніцай непрыемнага смуроду аказаўся мэтылмэркаптан — шкодны для здароўя газ з характэрным пахам, які выкарыстоўваецца для знаходжаньня выцекаў прыроднага газу. Залішняя прысутнасьць гэтага газу ў паветры была зьвязана з ь неналежнай яго ўтылізацыяй пасьля выкарыстаньня.

Нягледзячы на абяцаньні адміністрацыі, доўгі час замеры мэтылмэркаптана на заводзе не праводзіліся. Паводле стану на ліпень 2022 году на сайце заводу хоць і публікуецца інфармацыя аб экалягічнай сытуацыі ў Сьветлагорскім раёне пасьля правядзеньня замераў атмасфэрнага паветра, але мэтылмэркаптану сярод паказьнркаў да гэтага часу няма.

Смаргонскі «Кранаспан»
Смаргонскі «Кранаспан»

«Кранаспан»

Аўстрыйскаму дрэваапрацоўчаму холдынгу «Кранаспан» належаць заводы ў Смаргоні, Магілёве, Горадні і Вялікім Камні, сярод іх прадукцыі — ламінаваныя пліты высокай шчыльнасьці.

За час дзейнасьці «Кранаспан» пасьпеў зарабіць сумнеўную рэпутацыю ў эколягаў. Ён зьяўляецца адным зь лідэраў па штрафах за парушэньні ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя, аднак карыстаецца сур’ёзным заступніцтвам дзяржавы.

Скаргі жыхароў на смаргонскі завод уключалі вылучэньне шкодных рэчываў у атмасфэру, жудасны шум і забруджваньне навакольных рэк.

Эколягі адзначалі набліжаную да лімітаў канцэнтрацыю фармальдэгідаў у паветры паблізу ад смаргонскага заводу, якая набліжаецца да небясьпечных для чалавека паказьнікаў.

Недастаткова якаснымі былі прызнаны і ачышчальныя збудаваньні, а пасьля выяўленьня факту забруджваньня ракі Віліі завод атрымаў штраф. Раней у прадстаўнікоў грамадзкасьці атрымалася дабіцца збудаваньня гукаізалюючай сьцяны вакол смаргонскага заводу, а таксама адмену плянаў па вытворчасьці смол на прадпрыемстве.

У 2021 годзе пачалося будаўніцтва «Кранаспану» ў Магілёве, што зноў выклікала хвалю пытаньняў да экалягічнай бясьпекі прадпрыемства сярод мясцовых жыхароў.

Сьвінакомплексы ў Маладэчанскім раёне

Праблемы са сьвінакомплексамі пад Маладэчнам у непасрэднай блізкасьці ад вёсак Соўлава і Мойсічы пачаліся яшчэ на стадыі плянаў па іх будаўніцтве. Тады кампанія «Вялес-Міт» вырашыла пабудаваць у Маладэчанскім раёне два гіганцкія сьвінакомплексы на сто тысяч галоў у год кожны.

У адпаведнасьці з пастановай Мінсельгасу, у выпадку пабудовы сьвінакомплексу ўступае ў сілу забарона на ўтрыманьне ўласных сьвіней у хатніх гаспадарках у радыюсе пяці кілямэтраў ад будынкаў, што несла прамую пагрозу традыцыйнаму ўкладу жыцьця жыхароў найбліжэйшых вёсак.

Акрамя таго, функцыянаваньне сьвінакомплексаў наўпрост уплывае на пагаршэньне якасьці паветра, а непасрэдная блізкасьць да населеных пунктаў робіць жыцьцё ў іх невыносным.

Даведаўшыся пра падобныя пляны, мясцовыя жыхары актыўна прынялі ўдзел у грамадзкіх абмеркаваньнях. Прадстаўніца Экадому прыгадвае, што кожны сход праходзіў з ажыятажам.

«Але апроч эмоцый людзі вывучылі дакумэнтацыю, падрыхтавалі аргумэнты супраць будаўніцтва. Было заўважна, што чыноўнікі не чакалі такой хвалі пратэсту, і на некаторыя пытаньні і аргумэнты актывістаў яны нічога не маглі сказаць», — дадае экспэртка.

Паралельна з грамадзкімі абмеркаваньнямі, актывісты распачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва сярод жыхароў Маладэчна і найбліжэйшых вёсак, а таксама анлайн. Вынік — больш за 8 тысяч подпісаў.

«Экадом» ініцыяваў правядзеньне грамадзкай экалягічнай экспэртызы. Аднак кампанія «Вялес-Міт» не прадставіла неабходныя матэрыялы і дакумэнтацыю для яе правядзеньня, у сувязі з чым «Экадом» падаў судовы пазоў.

У выніку барацьба са сьвінакомплексамі часткова ўвянчалася посьпехам: адзін зь іх быў перанесены зь вёскі Мойсічы да Палачанаў. У далейшым узьвядзеньне сьвінакомплексаў суправаджалася пікетамі супраць іх будаўніцтва ў 2016 годзе, але ў выніку абодва аб’екты былі завершаныя і пачалі функцыянаваць.

Брэсцкі акумулятарны завод

Мабыць, самы гучны ў сучаснай гісторыі Беларусі супраціў з боку грамадзкасьці атрымалі пляны будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПаўэр» у Берасьці. Яго будоўля распачалася напрыканцы 2017 году недалёка ад гораду з плянамі забесьпячэньня поўнага цыклю вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Магчымае забруджваньне паветра і глебы праз выкіды сьвінцу выклікала справядлівую насьцярогу гараджан і жыхароў ды жыхарак найбліжэйшых вёсак, а факт пачатку будаўніцтва заводу без папярэдніх грамадзкіх абмеркаваньняў заахвоціў да актыўных дзеяньняў.

З сакавіка 2018 году пачаўся працяглы пратэст праціўнікаў будаўніцтва заводу. Адной зь яго яркіх і крэатыўных праяў стала штотыднёвае «кармленьне галубоў» на цэнтральнай плошчы Леніна ў Берасьці. Людзі зьбіраліся разам, каб падчас дзеяньня, якое фармальна не падпадае пад заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, абмеркаваць бягучы стан спраў і падзяліцца ідэямі аб далейшых актыўнасьцях. Такім чынам гараджане публічна выказвалі сваю нязгоду са зьяўленьнем небясьпечнага прадпрыемства.

У красавіку 2020 году дзяржаўная экалягічная экспэртыза выдала станоўчае заключэньне кампаніі «АйПаўэр», даўшы зялёнае сьвятло для запуску заводу ў эксплёатацыю. У сувязі з гэтым рашэньнем пратэсты ня сьціхалі нават падчас пандэміі, а ўлады ад абяцаньняў разабрацца ў сытуацыі перайшлі да затрыманьняў і штрафаў пратэстоўцаў.

Акрамя таго, асабіста Аляксандрам Лукашэнкам было абяцана правядзеньне першага ў гісторыі краіны мясцовага рэфэрэндуму па пытаньні будаўніцтва завода, што, аднак, так і не было выканана.

На сёньняшні дзень пабудова заводу набліжаецца да завяршэньня, а ўлады паўтараюць аб яго «жорсткім экалягічным кантролі». Прадпрыемства атрымала поўны пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адпаведнасьць заводу патрабаваньням экалягічнай бясьпекі і эксплёатацыйнай надзейнасьці. А Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало Facebook-групу «Берасьцет супраць будаўніцтва заводу сьвінцовых АКБ» у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG