Два супрацоўнікі амбасады Расеі загінулі ў выніку выбуху ў Кабуле, паведаміла міністэрства замежных спраў РФ.
Па дадзеных ведамства, выбух адбыўся ў 10:50 па кабульскім часе каля ўваходу ў консульскі аддзел – «невядомы баявік прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне».
У выніку атакі загінулі два супрацоўнікі дыпмісіі, сярод аўганскіх грамадзян таксама ёсьць пацярпелыя, гаворыцца ў паведамленьні.
Выбух адбыўся ў той момант, калі супрацоўнік расейскай амбасады выйшаў да людзей у чарзе на атрыманьне візы.
Паводле Reuters, у выніку тэракту загінулі два чалавекі, а 11 атрымалі раненьні.
Афганістан ужо год знаходзіцца пад уладай руху «Талібан». Расея зьяўляецца адной зь нешматлікіх краін, якія захавалі свае дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Кабуле. Расея падтрымлівае дыялёг з «Талібанам».