Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка прысутнічаў у сераду ў Празе, дзе сустракаліся міністры замежных спраў ЭЗ. Ён расказаў у інтэрвію Свабодзе, што тыя краіны, якія напачатку падтрымлівалі візавую забарону, зьмянілі сваю пазыцыю.
«Назваць гэтыя краіны я не магу, але важна, што ў выніковым дакумэнце Беларусі няма. Там ідзе гаворка пра расейцаў, што трэба адмяніць спрошчаную працэдуру выдачы візаў, але няма беларусаў, і гэта як бальзам на душу», — сказаў Вячорка.
Але ў дакумэнце ёсьць дазвол краінам ЭЗ, суседкам Расеі і Беларусі, уводзіць свае абмежаваньні. Паводле дарадцы Ціханоўскай, варта чакаць аднабаковых дзеяньняў некаторых краін. І гэта, на думку Вячоркі, адаб’ецца на чэргах на межах Беларусі з краінамі ЭЗ.
«Расейцаў, якія будуць ехаць у балтыйскія краіны, будуць разварочваць на мяжы, або іх праверкі будуць падаўжацца. Гэта несумненна прывядзе да росту чэргаў», — кажа Вячорка.
Паводле дарадцы Ціханоўскай, яе Офіс цяпер абмяркоўвае з эўрапейскімі міністрамі, якім чынам зрабіць так, каб гэтыя абмежаваньні як найменш закранулі тых беларусаў, якія не падтрымліваюць Лукашэнку і вайну Расеі супраць Украіны.