Прамысловыя прадпрыемствы традыцыйна знаходзяцца сярод лідэраў па забруджваньні навакольнага асяродзьдзя ў Беларусі. Экалягічная арганізацыя «Экадом» склала міні-падборку заводаў, якія асабліва адзначыліся ў псаваньні жыцьця мясцовых жыхароў і забруджваньні навакольнага асяродзьдзя цягам апошніх гадоў.
Сьветлагорскі цэлюлёзны камбінат
Прадпрыемства ў Сьветлагорску забясьпечвае поўны цыкль перапрацоўкі драўнянай сыравіны ў гафраваны кардон і кардонныя скрыні. Яшчэ да пачатку будаўніцтва новага заводу беленай цэлюлёзы ў 2012 годзе насьцярогу выклікаў яго магчымы нэгатыўны ўплыў на экалёгію, так што мясцовыя актывісты наладзілі маштабны збор подпісаў супраць будаўніцтва заводу. Нягледзячы на больш як 10 тысяч сабраных подпісаў, адэкватнай рэакцыі ад уладаў так і не зьявілася, адзначае «Экадом».
Неўзабаве пасьля запуску заводу мясцовыя жыхары і жыхаркі зьвярнулі ўвагу на задушлівы пах, што нагадваў тухлую капусту. Паступалі скаргі на млосьць, пяршэньне ў горле, ваніты. Крыніцай непрыемнага смуроду ўрэшце аказаўся мэтылмэркаптан — шкодны для здароўя газ з характэрным пахам, які выкарыстоўваецца, каб знаходзіць працёкі прыроднага газу. Лішак гэтага газу ў паветры быў наўпрост зьвязаны з пытаньнямі яго належнай утылізацыі пасьля выкарыстаньня. Нягледзячы на абяцаньні адміністрацыі, доўгі час замеры мэтылмэркаптану на заводзе не праводзіліся.
Па стане на ліпень 2022 году на сайце заводу хоць і публікуецца інфармацыя пра экалягічную сытуацыю ў Сьветлагорскім раёне пасьля правядзеньня замераў атмасфэрнага паветра, але ўтрыманьня мэтылмэркаптану сярод паказчыкаў няма дагэтуль.
«Кранаспан»
Аўстрыйскаму дрэваапрацоўчаму холдынгу «Кранаспан» належаць заводы ў Смаргоні, Магілёве, Горадні і Вялікім Камені, сярод іх прадукцыі — лямінаваныя пліты высокай шчыльнасьці. За час дзейнасьці ён пасьпеў зарабіць сумнеўную рэпутацыю ў эколягаў. Паводле «Экадому», «Кранаспан» — адзін зь лідэраў па штрафах за парушэньні ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя, аднак карыстаецца сур’ёзным заступніцтвам дзяржавы.
Скаргі жыхароў на смаргонскі завод уключалі ў сябе выпуск шкодных рэчываў у атмасфэру, жудасны шум і забруджваньне навакольных рэк. Эколягі адзначалі, што канцэнтрацыя фармальдэгідаў у паветры паблізу ад смаргонскага заводу ўшчыльную падыходзіць да небясьпечных для людзей паказьнікаў. Недастаткова якаснымі былі прызнаныя і ачышчальныя збудаваньні, а пасьля таго як выявілася забруджваньне ракі Вяльлі, завод атрымаў штраф.
Раней прадстаўнікам грамадзкасьці ўдалося дамагчыся збудаваньня шумаізаляцыйнай сьцяны вакол смаргонскага заводу, а таксама адмены плянаў па вытворчасьці смолаў на прадпрыемстве. У 2021 годзе пачалася будоўля «Кранаспана» ў Магілёве, што зноў узьняло сярод мясцовых жыхароў хвалю пытаньняў да экалягічнай бясьпекі прадпрыемства.
Сьвінакомплексы ў Маладачанскім раёне
Праблемы са сьвінакомплексамі пад Маладэчнам пад самымі вёскамі Соўлава і Мойсічы пачаліся яшчэ на стадыі плянаў будоўлі. Тады кампанія «Вялес-Міт» вырашыла пабудаваць у Маладачанскім раёне два гіганцкія сьвінакомплексы на сто тысяч галоў у год кожны.
У адпаведнасьці з пастановай Мінсельгасхарчу, у выпадку пабудовы сьвінакомплексу ўступае ў сілу забарона на ўтрыманьне ўласных сьвіней у хатніх гаспадарках у радыюсе 5 км ад будынкаў, што несла прамую пагрозу традыцыйнаму ладу жыцьця жыхароў найбліжэйшых вёсак. Акрамя таго, сьвінакомплексы наўпрост пагаршаюць якасьць паветра, а калі яны побач з паселішчамі, то жыць там невыносна, адзначае «Экадом».
Даведаўшыся пра падобныя пляны, мясцовыя жыхары актыўна ўзялі ўдзел у грамадзкіх абмеркаваньнях. Прадстаўніца «Экадому» прыгадвае, што кожны сход праходзіў з ажыятажам. «Але апроч эмоцый людзі вывучылі дакумэнтацыю, падрыхтавалі аргумэнты супраць будаўніцтва. Было заўважна, што чыноўнікі не чакалі такой хвалі пратэсту, і на некаторыя пытаньні і аргумэнты актывістаў яны нічога не маглі сказаць», — дадае экспэртка.
Паралельна з грамадзкімі абмеркаваньнямі актывісты сабралі больш за 8 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва сярод жыхароў Маладэчна і бліжэйшых вёсак. Больш за тое, ГА «Экадом» ініцыявала правядзеньне грамадзкай экалягічнай экспэртызы. Аднак кампанія «Вялес-Міт» не прадставіла неабходныя матэрыялы і дакумэнтацыю для яе правядзеньня, у сувязі з чым «Экадом» падаў судовы пазоў.
У выніку барацьба зь сьвінакомплексамі часткова ўвянчалася посьпехам: адзін зь іх перанесьлі зь вёскі Мойсічы да Палачанаў. У далейшым узьвядзеньне сьвінакомплексаў суправаджалася пікетамі супраць іх будаўніцтва ў 2016 годзе, але ў выніку абодва абʼекты былі завершаныя і пачалі функцыянаваць.
Берасьцейскі акумулятарны завод
Мабыць, самы гучны ў сучаснай гісторыі Беларусі супраціў з боку грамадзкасьці атрымалі пляны будоўлі акумулятарнага заводу «АйПаўэр» у Берасьці. Будаваць яго пачалі напрыканцы 2017 году непадалёк ад гораду, плянавалася забясьпечыць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Магчымае забруджваньне паветра і глебы праз выкіды сьвінцу выклікала справядлівую насьцярогу гараджан і жыхароў найбліжэйшых вёсак, а той факт, што будаваць завод пачалі без папярэдніх грамадзкіх абмеркаваньняў, заахвоціў да актыўных дзеяньняў.
З сакавіка 2018 году пачаўся працяглы пратэст праціўнікаў будаўніцтва заводу. Адной зь яго яркіх і крэатыўных праяваў стала штотыднёвае «кармленьне галубоў» на цэнтральнай плошчы Леніна. Людзі зьбіраліся разам, каб падчас дзеяньня, якое фармальна не падпадае пад заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, абмеркаваць бягучы стан спраў і падзяліцца ідэямі аб далейшых актыўнасьцях. Такім чынам гараджане публічна выказвалі сваю нязгоду са зьяўленьнем небясьпечнага прадпрыемства.
У красавіку 2020 году дзяржаўная экалягічная экспэртыза выдала станоўчае заключэньне кампаніі «АйПаўэр», даўшы зялёнае сьвятло для запуску заводу ў эксплюатацыю. У сувязі з гэтым рашэньнем пратэсты не сьціхалі нават падчас пандэміі, а ўлады ад абяцаньняў разабрацца ў сытуацыі перайшлі да затрыманьняў і штрафаў пратэстоўцам.
Аляксандар Лукашэнка асабіста паабяцаў правесьці першы ў гісторыі краіны мясцовы рэфэрэндуму па пытаньні будаўніцтва заводу, што, аднак, так і не было выканана.
На сёньняшні дзень будоўля заводу набліжаецца да завяршэньня, а ўлады паўтараюць, што будзе «жорсткі экалягічны кантроль». Прадпрыемства атрымала поўны пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адпаведнасьць заводу патрабаваньням экалягічнай бясьпекі і эксплюатацыйнай надзейнасьці. У сваю чаргу, Мінінфарм дадаў Facebook-групу «Брест против строительства завода свинцовых АКБ» у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.